Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 ТРАЎНЯ ПАЧНЕЦЦА ЧЭМПІЯНАТ СЬВЕТУ ПА ФУТБОЛЕ Ў КАРЭІ ДЫ ЯПОНІІ


Алесь Грыневіч, Прага

Кітайцы, напрыклад, вельмі спадзяюцца на сваю каманду на чале з сэрбскім трэнэрам Борам Мілуцінавічам. Да футболу там цяпер ставяцца ўсур’ёз. Нядаўна, напрыклад, быў сапраўдны скандал, калі Мілуцінавіч дазволіў гульцам узяць з сабой на чэмпіянат жонак ды сябровак. Кітайскія газэты сталі пісаць, што сэкс высмоктвае з футбалістаў байцоўскі дух.

А тое, што гаспадароў чэмпіянату няма сярод фаварытаў, гэта, напэўна, да лепшага. Бо гэтак званыя футбольныя гранды ня будуць мець перавагі свайго поля. Гэта насамрэч важны фактар. Толькі аднойчы на чэмпіянаце сьвету перамагала каманда, якая йграла на чужым кантынэнце. Бразылія ў 1958 годзе стала чэмпіёнам у Швэцыі. А гаспадары спаборніцтваў ня раз рабіліся пераможцамі – дастаткова прыгадаць апошні чэмпіянат у Францыі.

Зусім нядаўна брытанскія навукоўцы правялі экспэрымэнт. Яны ўзялі 40 футбольных судзьдзяў, і далі ім прагледзець спрэчныя эпізоды з аднаго матчу. Прычым палова судзьдзяў глядзелі запіс з уключаным гукам, а другая палова бяз гуку. І атрымалася, што тыя судзьзі, якія чулі шум стадыёну, фактычна “падсуджвалі” камандзе, што гуляла на сваім полі. Падтрымка заўзятараў падсьвядома цісьне на судзьдзю, нават калі ён не прысутнічае на матчы. Што ўжо казаць пра рэальную гульню.

Але ж футбол – гэта больш чым гульня. Гэты чэмпіянат будзе й важнай падзеяй у эканоміцы краінаў-гаспадараў. Адна толькі Японія ўклала чатыры з паловай мільярды даляраў у будоўлю стадыёнаў напярэдадні чэмпіянату. Паўднёвая Карэя таксама пабудавала 10 новых стадыёнаў. Натуральна, чакаецца, што прыбыткі ад чэмпіянату гэта кампэнсуюць.

Увогуле, спаборніцтвы такога ўзроўню – гэта ня толькі эканамічная, але й культурная, і нават палітычная падзея. Да прыкладу, прэзыдэнт Камэруну Пол Бія нават сплянаваў парлямэнцкія выбары ў сваёй краіне так, каб яны супалі па часе зь першымі гульнямі чэмпіянату сьвету. То бок ён разьлічвае, што Камэрун добра згуляе ў сваёй групе, і адпаведна, камэрунскія выбаршчыкі на радасьцях падтрымаюць урадавую партыю. Я думаю, гэта ня самая брудная выбарчая тэхналёгія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG