Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ НЯ СТАВІЛІ САБЕ НЕЙКІХ ТАЙНЫХ ШПІЁНСКІХ МЭТАЎ”, — ЗАЯВІЎ ГАНС-ГЕОРГ ВІК


Алена Панкратава, Менск

Ганс-Георг Вік, які цяпер жыве ў Бэрліне, піша мэмуары пра сваю дзейнасьць амбасадара ў Савецкім Саюзе і ў Беларусі. Ён па-ранейшаму мае кантакты са сваімі калегамі-дыпляматамі ў Вене. Ён адрэагаваў на чарговыя абвінавачаньні на свой адрас наступным чынам:

(Вік: ) “Падчас маёй працы у Беларусі я дзейнічаў згодна са сваім мандатам, то бок кансультаваў урад і апазыцыю ў справе пабудовы дэмакратычных інстытутаў у Беларусі. Я займаўся вэрбальным назіраньнем за выбарамі, у гэтым зьвязку вёў перамовы з партыямі, грамадзкімі арганізацыямі, уладамі. Я ніколі не імкнуўся мяняць свайго ляяльнага стаўленьня да той ці іншай групы.

Што да пытаньня санкцыяў супраць Беларусі і маіх намаганьняў адносна таго, каб гэтыя санкцыі не былі ўведзеныя, адкажу так. Пачатак маёй дзейнасьці як кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі прыпаў на той час, калі эўрапейскія інстытуты ўвялі санкцыі супраць Беларусі ў зьвязку з канстытуцыйным крызысам у краіне. Па сутнасьці, гэтыя санкцыі дзейнічаюць і зараз, — напрыклад, адмена гасьцявога статусу Беларусі ў Радзе Эўропы.

Што да санкцыяў, якія былі распачатыя Захадам у зьвязку з Драздамі, то я тут увогуле не прыкладаў ніякіх намаганьняў, каб дапамагчы краінам прыйсьці да паразуменьня — АБСЭ ў гэтым сэнсе ня мае ніякіх прамых абавязкаў. У падобных сытуацыях практыкуецца выключна пасярэдніцкая дзейнасьць. І, нарэшце, калі гаварыць пра няўдзел Шарэцкага ў саміце ў Стамбуле, гэта зноў жа не было маёй справай. Фармаваньнем дэлегацыі Вярхоўнага Савету займаўся сам жа Вярхоўны Савет. Падкрэсьліваю, я супрацоўнічаў як з урадам, так і з апазыцыяй”.

(Карэспандэнтка: ) “Аднак гэта было да 2000 году. Ці справядлівыя меркаваньні, што пасьля 2000 году многае ў дачыненьнях паміж КНГ АБСЭ і Менскам зьмянілася?”

(Вік: ) “Так, гэта справядлівыя меркаваньні, што пасьля 2000 году зьмены ў стасунках адбыліся. Пасьля парлямэнцкіх выбараў урад без усялякай аргумэнтацыі аб’явіў, што АБСЭ заклікае грамадзтва зрабіць пераварот у краіне. Пасьля студзеня 2001 году ўсе мае намаганьні праводзіць кансультацыі з урадам сустракалі рашучае “не” з боку уладаў.

Такім чынам, не было ніякіх зьменаў з боку АБСЭ і яе кіраўніка, гэта былі зьмены ў стаўленьні беларускіх уладаў да дэмакратычных працэсаў у краіне. Дадам таксама, што дзейнасьць місіі была заўсёды адкрытай. У нас не было нейкіх сакрэтных кірункаў, мы ня ставілі сабе нейкіх тайных шпіёнскіх мэтаў. Гэта мой адказ на абвінавачаньні ў часе закрытых парлямэнцкіх слуханьняў, які былі выказаныя на мой адрас міністрам замежных справаў і старшынём беларускага КГБ”.

(Карэспандэнтка: ) “Што можа стаяць за падобнымі абвінавачаньнямі?”

(Вік: ) “Я лічу, што кіраўніцтва Беларусі хоча выкрыць мяне ва ўсіх грахах, аднак пры гэтым прадставіць эўрапейскія структуры ў значна лепшым сьвятле, чым мяне. Менск хоча пераканаць усіх: глядзіце, у якім тупіку апынуліся ў выніку дзейнасьці былога кіраўніка КНГ стасункі паміж Беларусьсю і Эўропай. Але ж эўрапейскія арганізацыі маюць сваё стаўленьне да гэтых пытаньняў. Яны па-ранейшаму артыкулююць Менску, што нейкія захады з боку Эўропы магчымыя толькі ў адказ на адпаведныя крокі беларускіх уладаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG