Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЕДКІ Ў СПРАВЕ БЫЛОГА ПРЭМ’ЕРА МІХАІЛА ЧЫГІРА ПАЎТАРАЮЦЬ СВАЕ РАНЕЙШЫЯ ПАКАЗАНЬНІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Фрунзенскім судзе Менску на працэсе экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра апытвалі былых кіраўнікоў “Белаграпрамбанку”, якія ёсьць сьведкамі ў эпізодзе пра патрачаны на будаўніцтва новага офісу мільён даляраў.

Як вядома, будаўніцтва пачалося, калі банкам кіраваў Міхаіл Чыгір, але праз год, пасьля таго, як ён сышоў на пасаду прэм’ер-міністра, будоўля была замарожаная і дагэтуль не аднавілася.

Сьледзтва лічыць, што мільён даляраў, што быў авансам выплачаны канадзкай будаўнічай фірме, страчаны па віне Міхаіла Чыгіра. Маўляў, ён дзейнічаў авантурна, калі распачаў будаўніцтва дарагога 23-павярхоўнага будынку, ня маючы дзеля гэтага дастаткова грошай. А потым не дамогся вяртаньня пералічаных сродкаў.

Але паказаньні сьведкаў, што выступалі сёньня ў судзе, яўна супярэчылі гэтай вэрсіі. Гэтак, папярэднік Чыгіра на пасадзе старшыні банку Сяргей Туроўскі патлумачыў, чаму ўзьнікла неабходнасьць будаўніцтва новага офіса. Калі на пачатку 1990-х гадоў былы дзяржаўны “Аграпрамбанк”стаў камэрцыйным, яго проста выпхнулі з былых плошчаў у будынку цяперашняга Нацыянальнага банку.

Гарадзкія ўлады далі для будаўніцтва новага офіса прэстыжнае месца побач зь Юбілейнай плошчай, але паставілі ўмову — будынак павінен быць не ніжэйшы за 23 паверхі. Гэта пацьвердзіў у судзе сьведка Цімафей Трацяк, які ўзначальваў упраўленьне будаўніцтва банка.

А сьведка Ўладзімер Блізьнец, вельмі аўтарытэтны ў Беларусі банкір, які ў савецкі час кіраваў беларускім аддзяленьнем “Зьнешэканомбанку”, выказаўся наконт таго, ці быў “Аграпрамбанк” у стане пабудаваць новы офіс. Цяперашні дарадца старшыні “Белаграпрамбанку” Ўладзімер Блізьнец лічыць, што гэта было па сілах банку, тым больш, калі яго ўзначальваў Міхаіл Чыгір.

(Блізьнец: ) “Чалавек гэты, а я даўно яго ведаў па службе, вельмі энэргічны, мэтанакіраваны, ён імкнуўся зрабіць лепш для банку і для людзей, і я перакананы, што калі б ён застаўся кіраваць банкам, то новы будынак ужо быў бы пабудаваны”, — лічыць сьведка Ўладзімер Блізьнец.

Паводле яго, прычыны таго, што офіс банку ня быў узьведзены і страчаным аказаўся мільён даляраў, трэба шукаць у тым пэрыядзе, калі банкам пасьля Чыгіра кіраваў спадар Застаўнюк.

Аляксандар Застаўнюк сёньня таксама выступіў у судзе. Ён ня лічыць сябе, як і Чыгір, адказным за страту мільёна даляраў, а тлумачыць страту зьменай эканамічных абставінаў. Cёньня на судовым паседжаньні прысутнічаў пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак, які ўважліва выслухаў заявы сьведкаў.
XS
SM
MD
LG