Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 ТЫСЯЧ ВАЙСКОЎЦАЎ БЯРУЦЬ УДЗЕЛ У МАНЭЎРАХ “БЯРЭЗІНА-2002”


Валер Каліноўскі, Менск

Паводле інфармацыі намесьніка начальніка Генштабу Ўзброеных сілаў Беларусі Пятра Ціханоўскага, у манэўрах будзе задзейнічана больш за 200 адзінак узбраеньняў і баявой тэхнікі, у тым ліку 20 самалётаў і верталётаў, новыя ўзоры БМП “Кобра” і сыстэмаў вайсковага кіраваньня.

Вайскоўцы выканаюць фарсіраваньне Бярэзіны і правядуць больш як 15 тактычных, лётных і тактыка-спэцыяльных вучэньняў. Акрамя войскаў Мінабароны будуць задзейнічаныя падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, Памежнага камітэту.

“Бярэзіна-2002” адрозніваецца меншым маштабам у параўнаньні зь леташнімі манэўрамі “Нёман-2001”, на якія выехала амаль 10 тысяч вайскоўцаў і нашмат болей тэхнікі. Паводле рашэньня А.Лукашэнкі, такія маштабныя вучэньні будуць праводзіцца толькі раз на тры гады, штогод жа мяркуецца праводзіць манэўры кшталту цяперашніх.

Асаблівасьць гэтых вучэньняў — праверка гатовасьці так званых тэрытарыяльных сыстэмаў абароны. Дзеля гэтага ваенкаматы выклічуць каля 700 рэзэрвістаў — пераважна з Полаччыны. Разам зь імі будуць вучыцца мясцовай абароне і прадстаўнікі вэртыкалі ды цывільных службаў.

Задумка манэўраў, ухваленая А.Лукашэнкам, прадугледжвае абарону “Чырвонай Рэспублікі” ад агрэсіі з боку “Сіняй”, якая выкарыстоўвае дывэрсіі й незаконныя ўзброеныя фармаваньні. Генштаб змадэляваў сытуацыю паводле падзеяў у Югаславіі, Босьніі ды іншых гарачых кропках. Паводле задумкі, як звычайна, перамогуць “чырвоныя”.

У Міністэрстве абароны зазначаюць, што манэўры маюць выключна абарончы характар, беларускія ўзброеныя сілы нікому не пагражаюць, не разглядаць ніводную дзяржаву як патэнцыйнага праціўніка. Але там упэўненыя, што і на Беларусь ніхто не нападзе, пабачыўшы, што ў краіне баяздольнае войска. На вучэньні запрошаныя назіральнікі з суседніх краінаў, вайсковыя аташэ, акрэдытаваныя ў Менску.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі лічыць гэтыя манэўры паказнымі, бо цяпер беларуская армія ня мае магчымасьці праводзіць належную штодзённую вучобу. Мінабароны мае дрэннае матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне.

Пілёты, напрыклад, калі яны нясуць баявое дзяжурства, маюць 20–30 гадзінаў налёту, рэшта — толькі 6–8 гадзінаў. Для параўнаньня: у краінах NATO пілёты маюць каля 120 гадзінаў налёту. У такіх умовах удзел самалётаў у манэўрах небясьпечны, — лічыць Павал Казлоўскі.

(Казлоўскі: ) “Небясьпечна, таму што вельмі шмат тэхнічных збояў у баявой тэхнікі, вельмі шмат збояў. Я размаўляў зь лётчыкамі, многія зь іх ужо баяцца падымацца ў паветра, таму што падняцца падымесься, а вось ці зможаш сесьці? Бо ў кожны вылет нейкія адмовы сыстэмаў кіраваньня, пасадкі ды іншае”.

Павал Казлоўскі называе ілюзіяй заявы Аляксандра Лукашэнкі й міністра абароны Леаніда Мальцава пра тое, што беларускае войска — адно з самых баяздольных у Эўропе:

(Казлоўскі: ) “Трэба камусьці паказаць мышцы, пакачаць іх: якія мы магутныя... Я лічу, што гэта сьмешна: сёньня процістаяць войску, якое па-сапраўднаму займаецца, мае вялікія сродкі, экіпавана, — нашаму войску, дзе некамплект малодшага каманднага складу, няма запчастак, паліва, людзі неапранутыя, да гэтага часу не перайшлі на новую форму, — немагчыма. Такім чынам, стан вельмі складаны. Я гэта дакладна ведаю”.

Акрамя таго, ёсьць у беларускім войску праблемы з дысцыплінай, яшчэ да нядаўняга часу афіцэры мелі зусім мізэрны заробак, многія афіцэры дагэтуль не задаволеныя рашэньнем А.Лукашэнкі аб павелічэньні на пяць гадоў пэнсійнага ўзросту.
XS
SM
MD
LG