Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ МІЛЬЯНЭР У ЛАТВІІ КАЖА, ШТО РАБІЦЬ БІЗНЭС У БЕЛАРУСІ НЕМАГЧЫМА


Ігар Карней, Менск

Ян Апаленіс родам зь Іўя. Цяпер жыве ў Рызе і ня вельмі ахвотна прыгадвае, як зарабляў першыя грошы. Узгадваючы пражытыя гады, кажа, што ў юнацтве марыў стаць лётчыкам грамадзянскай авіяцыі. Жыцьцё ж складвалася інакш: ён мыў золата на Чукотцы, клаў шпалы, працаваў інкасатарам, займаўся “фарцоўкай” у Польшчы і Карэі, і нарэшце, быў рабочым у рыскім порце.

Цяпер ён адзін з сотні мільянэраў Латвіі. Мае сетку гатэляў, шыкоўны асабняк ў швайцарскім стылі, езьдзіць выключна на амэрыканскіх аўто, мае два прыватныя самалёты. Любімае месца адпачынку — Дамініканскія выспы. Што пакуль яму не ўдаецца, дык гэта наладзіць бізнэс у Беларусі.

(Апаленіс: ) “Хацеў набыць рэстарацыю пры гатэлі “Ліда”. Вялізная рэстарацыя — 2400 квадратных мэтраў. Склаў бізнэс-плян, прыехаў. Адным словам, выйграў конкурс, і рэстарацыю мне аддалі на ўмовах арэнды з выкупам праз два гады і захаваньнем профілю дзейнасьці. Але папярэдне трэба было заплаціць 2,5 мільярда беларускіх рублёў, што ў эквіваленце 50 тысяч амэрыканскіх даляраў. Тады ў краіне не было магчымасьці афіцыйна перавесьці даляры ў рублі: паводле курсу Нацбанку, кошт аўтаматычна падвышаўся да 120 тысяч даляраў.

Я прыехаў у Рыгу, каб перавесьці ў Ліду “зайцоў”. Зьвярнуўся ў банкі — там з такімі адзінкамі не працавалі. Урэшце нічога не засталося, як адмовіцца ад ідэі. А рэстарацыю ўрэшце ўзяў калектыў. Нічога там не зьмянілася. Людзям дзецца няма куды, дык п’юць. Але я б хацеў нешта зрабіць у Беларусі. Езьдзіў яшчэ некалькі разоў, хутка паеду зноў. Але з кім ні размаўляў, усе кажуць, што займацца бізнэсам у Беларусі немагчыма, бо там існуе не бандыцкі рэкет, а дзяржаўны”.

Пакуль Ян Апаленіс робіць, як ён кажа, выведку боем. Бывае на Радзіме, вывучае попыт на тавары ці паслугі. І скардзіцца, што ва ўмовах цяперашняй Беларусі ня мае вялікага аптымізму наконт пашырэньня геаграфіі сваёй дзейнасьці на гістарычнай Радзіме.

(Апаленіс: ) “Прыяжджаю да сёстраў, дзядзькоў і бачу, якая там бюракратыя. Пачынаючы зь мяжы. Я гатовы заплаціць грошы, хай ідуць у казну, абы не стаяць у чарзе, ды каб мяне не пускалі па коле. І, каб быў прэзыдэнтам, у першую чаргу навёў бы парадак на межах, шваль гэту ўсю выкінуў бы. Ад таго, колькі праедзе людзей праз тваю зямлю, наўпрост залежыць: колькі грошай трапіць альбо ня трапіць у скарбонку. Чалавек абавязкова нешта па дарозе купіць, некуды зойдзе, пакіне грошы. Але калі сядзяць бюракраты і думаюць толькі пра тое, каб пакласьці рубель у кішэню, нічога не атрымаецца.

Сеўшы ў крэсла, чыноўнік марыць пра хабар, бо заўтра яго на гэтым месцы ня будзе, а за душой нічога няма. Павінны быць жорсткія законы датычна чыноўнікаў, якія не даюць нармалёва разьвівацца бізнэсу, не даюць людзям зарабіць грошай. Ну, зараблю я тысячу даляраў. Дык ня зьем жа болей, чым любы з нас! Я не змагу апрануць 2– 3 порткаў. Абавязкова гэтыя грошы буду пускаць у абарот. Яны застануцца тут, і краіна будзе багацейшая”.

Спадар Апаленіс — сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Латвіі “Дабрабыт”. Вялікай карысьці ад сяброўства пакуль ня бачыць, бо ня лічыць палітыкаў надта разумнымі людзьмі, паколькі выкарыстоўвае іх выключна ў карысьлівых мэтах. Між тым інтрыгуе, што мае вялікія спадзяваньні на наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

(Апаленіс: ) “Бізнэсовец ня можа быць па-за палітыкай — гэтыя дзьве рэчы ўзаемазьвязаныя. Палітык патрэбны, каб недзе прыкрыць бізнэс. Ва ўладзе ж пераважна дылетанты, бюракраты; людзі, якія бясконца далёкія ад бізнэсу, ад гаспадарчай дзейнасьці. Яны толькі сядзяць і думаюць, як узяць у такога Яна хабар. Іх абсалютна не хвалюе, як гэтыя грошы зарабляюцца. Яны нічога не разумеюць, бо гэта — учорашнія няўдачнікі. Кожны чалавек, які жадае нармалёва жыць, павінен да нечага імкнуцца. Мне дзед зь дзяцінства казаў: працуй, унучак, з раніцы да вечара, і ў цябе ўсё будзе. Вось калі табе надакучыць кідаць зямлю, ты паразумнееш, то будзеш рабіць нешта іншае. А зямлю будуць кідаць тыя, хто яшчэ нічога не зразумеў”.

Разьвітваючыся, я запытаўся ў Яна Апаленіса, як мог бы скласьціся ягоны лёс, калі б 20 гадоў таму ня выехаў у Рыгу, а застаўся ў Беларусі. Ён кажа, што, хутчэй за ўсё, таксама спрабаваў бы заняцца бізнэсам. Але, відавочна, далей за гадаваньне парсючкоў справа не пайшла б.
XS
SM
MD
LG