Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВІЛАЎ РУХУ – ГРЭХ – НЕБЯСЬПЕКА НЯВЕДАНЬНЯ МОВАЎ – ПЭНТАГОН РЫХТУЕ ПЧОЛ-ШПІЁНАЎ І ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ


Сяргей Шупа, Прага

Апошнімі днямі ў сьвеце шмат гаворыцца пра падзеі 11 верасьня – што можна і чаго нельга было прадбачыць, хто вінаваты і што рабіць. Тыя трагічныя падзеі прымушаюць цяпер глядзець навокал зусім іншымі вачыма. Вось, прыкладам, аўтралійцы – жыхары кантынэнту кенгуру і каалаў – заўжды славіліся сваім лёгкім стаўленьнем да жыцьця, былі, як там кажуць, easy going. Здавалася, нішто ня здольнае адарваць іх увагу ад аўстралійскага рэгбі, конскіх скачак, традыцыйнага куфля піва пасьля працы ды нядзельнага барбэкю, альбо паяданьня шашлыкоў на прыродзе. Аднак днямі яны перажылі некалькі трывожных хвілінаў. Пра гэта распавядае з Сыднэю Вячаслаў Елькановіч:

(Елькановіч: ) “На гэтым тыдні тысячы сіднэйчукоў, што апынуліся ў час абеднага перапынку на вуліцах бізнэсовага цэнтру гораду, перажылі 15 хвілінаў жаху, калі ўбачылі вялізарны авіяляйнэр, які, незразумела чаму, кружыўся над сіднэйскімі хмарачосамі. Калі ж у небе над сіці зьявіўся "зьнішчальнік" каралеўскіх ваенна-паветраных сілаў Аўстраліі ды пачаў перасьлед невядомага самалёта, разявакі вырашылі, што сталі сьведкамі нападу тэрарыстаў на Сіднэй. Між тым, самалёты то разыходзіліся, то зноў сыходзіліся на мінімальную дыстанцыю. Як потым адзначыў адзін са сьведкаў, першае, што прыйшло ў галаву – гэта атакі 11 верасьня. Паведамленьне пра незвычайны інцыдэнт перадалі сіднэйскія радыёстанцыі. І толькі празь некалькі гадзін Міністэрства абароны Аўстраліі папрасіла прабачэньня ды паведаміла, што над горадам прайшоў заплянаваны трэніравальны палёт на малой вышыні з удзелам аўстралійскага самалёта "Хоўк" і новага амэрыканскага ляйнэра Эр-Сі-135, які прыбыў у Аўстралію для выпрабавальных палётаў. Пры гэтым з борта "Хоўка" вялося фатаграфаваньне Эр-Сі-135 з навучальнай мэтай. На наступны дзень аўстралійскія ваенныя самалёты зноў практыкаваліся ў небе над цэнтральнай часткай Сіднэя, але грамадзкасьць была ўжо папярэджаная і спакойна ела свой ланч ва ўтульных кавярнях”.

Новыя пагрозы бясьпецы прымушаюць шукаць новыя спосабы абароны і новых нечаканых саюзьнікаў. Калi Вiнi Пух спрабаваў падмануць пчол i сьпяваў, што ён – хмарка, i зусiм не мядзьведзь, ён не здагадваўся, што ня мае ніякіх шанцаў… Пчолы настолькi тонка адчуваюць пах, што здольныя адрозьнiць прысутнасьць рэчыва ў паветры у канцэнтрацыi адной тысячнай часткi на трыльён. Гэткiя здольнасьцi насякомых i прыцягнулi ўвагу Дэпартамэнту абароны ЗША. I ня толькi ўвагу, але i значныя фiнансы. З Вашынгтону – Ірына Курапаткіна.

(Курапаткіна: ) “З 1998 году Пэнтагон выдаткаваў 25 мiльёнаў даляраў на дасьледаваньнi ў галiне так званых падкантрольных бiялягiчных сыстэмаў, насякомых i жывёлаў, якiя можна выкарыстоўваць у сфэры ваенных тэхналёгiяў. Пчолы могуць адчуваць i адрозьнiваць пах гэтак жа добра, як і сабакi, а можа i лепей. Да такой высновы прыйшлi супрацоўнiкi агенцтва адмысловых дасьледаваньняў Мiнiстэрства абароны. Навукоўцы з Пэнтагону навучылi звычайных пчол iгнараваць кветкi i засяроджвацца на выбуховых рэчывах, першы крок у спробе стварыць баявы пчалiны рой, здольны выяўляць мiны, схаваныя бомбы i нават сьляды выбуховых прыстасаваньняў. Аналiз i практычныя тэсты, якiя правялi навукоўцы зь лябараторыi паветраных сiлаў ЗША ў Тэхасе, прадэманстравалi, што працэнт пчалiнай эфэктыўнасьцi ў выяўленьнi выбуховых рэчываў перавышае 99%.

Зразумела, што пчолы, гэтак жа як i сабакi, якiх цяпер пастаянна выкарыстоўваюць для вышуку бомб i наркотыкаў, маюць свае натуральныя недасканаласьцi – яны не працуюць уначы, у дождж i ў дрэннае надвор’е. Iснуе таксама i iншая праблема… так званы фактар сьмеху. Калi сабакi ні ў кога зьдзiўленьня не выклiкаюць, бо сабака ўсё ж такi – сябра чалавека, то пра пчол гэтага сказаць нельга. Ня тое, каб чалавек i пчала былi варожа настроеныя, проста iдэя выкарыстаньня пчол у барацьбе з тэрарызмам можа выклiкаць калi ня сьмех, дык, прынамсi, пэўнае зьдзiўленьне. Каб сумневаў не засталося, навукоўцы i праводзяць шматлiкiя экспэрымэнты, якiя да гэтага часу былi даволi ўдалымi. Мiнулым летам, да тэрарыстычных нападаў 11 верасьня, адмыслова падрыхтаваныя пчолы бязь цяжкасьцяў выявiлi грузавiк са сьлядамi выбуховых рэчываў. Такiм чынам, дасьледаваньнi працягваюцца i, мажлiва, у хуткiм часе зьявяцца адмысловыя пчалiныя брыгады сапёраў. Што да мёду, дык застаецца спадзявацца, што пчолы не забудуцца на свой традыцыйны бiзнэс”.


Набліжаецца лета. Напярэдадні сэзону вакацыяў польская Каталіцкая царква заклікала кіроўцаў прытрымлівацца правілаў дарожнага руху. Ці значыць гэта, што парушальнікі правілаў ёсьць грэшнікамі? З Варшавы перадае Аляксей Дзікавіцкі:

(Дзікавіцкі: ) “Напярэдадні вакацыяў, а значыць і масавых выездаў у адпачынак, Польскі епіскапат зьвярнуўся да кіроўцаў з адмысловай заявай, якая была прадстаўленая на сумеснай з паліцыяй прэсавай канфэрэнцыі. У заяве гаворыцца, што справа бясьпекі на дарогах мае грамадзка-маральны аспэкт, бо датычыць здароўя і жыцьця чалавека. “Правілы дарожнага руху абавязваюць быць дабрасумленным, таму невывкананьне правілаў ёсьць маральным злом, якое можа прывесьці да аварыяў. Толькі шанаваньне этыкі кіроўцы, памяць пра іншых карыстальнікаў дарогі, можа запэўніць усім нам бясьпеку і камфорт у часе руху”, – адзначае царква. Прадстаўнікі Галоўнай управы Варшаўскай паліцыі не хаваюць задавальненьня з нагоды таго, што прыдбалі тагога моцнага хаўрусьніка ў барацьбе з парушальнікамі правілаў дарожнага руху. “Такая арганізацыя, як царква, мае вялізныя мажлівасьці што да ўплыву на кіроўцаў”, – гавораць паліцыянты. І вынікі гэтага ўплыву ўжо адчуваюцца. Некалькі дзён таму, у часе тэлевізійнай перадачы, прысьвечанай здарэньням на дарогах, вядучая аднаго з польскіх тэлеканалаў зазначыла: “Напрыканцы нагадаю вам, шаноўныя гледачы, што паводле апошняй заявы каталіцкай царквы, парушэньне правілаў дарожнага руху зьяўляецца грахом”.

Аўтамабіль мае дачыненьне ня толькі да рэлігіі, але й да правоў чалавека. Пра гэта сьведчыць паведамленьне зь Вільні Тацяны Поклад:

(Поклад: ) “У Літве на гэтым тыдні Міністэрства Аховы Здароўя скасавала прымусовы агляд гінэколяга для жанчын, якія хацелі б атрымаць правы на кіраваньне машынай. Вядома, што без станоўчага заключэньня мэдыцынскай камісіі не дапусьцяць да іспытаў і правоў не атрымаеш. Гэтыя камісіі ў Літве – платныя. Для жанчын быў абавязковы і гінэкалягічны агляд. Ад мужчынаў даведка ад уроляга не патрабавалася. “Гэта дыскрымінацыя”, – заявілі літоўскія кабеты. Адна зь іх – малады юрыст з правінцыйнага гарадку – летась у кастрычніку падала скаргу соймаўскім кантралёрам – назіральнікам за роўнасьцю правоў мужчынаў і жанчын. Кантралёры падтрымалі яе і зьвярнуліся ў Міністэрства Аховы Здароўя. Спатрэбілася пяць месяцаў, каб адмена была прынятая. Высьветлілася, што тры жаночыя хваробы, пры якіх не выдаваліся нават гэтак званыя аматарскія правы кіраваньня, насамрэч зусім не замінаюць кіраваць легкавой машынай, і што няма ніякіх падставаў прымусова патрабаваць ад усіх жанчын даведкі ад гінэколяга”.

Заўсёды разнастайнае і насычанае забаўляльнымі падзеямі жыцьцё дублінскіх студэнтаў памеркла перад фэерычнай падзеяй года – выпускным балем у Трыніты коледжы – першым унівэрсытэце краіны. Размах балю, ягонае афармленьне й прэзэнтацыя зрабілі сьвята ўнікальнай, найбуйнейшай у Эўропе ўнівэрсытэцкай вечарынкай. У параўнаньні зь вядомымі Оксфардзкім і Кэмбрыджскім балямі, выпускны ў галоўным ВНУ Ірляндыі вылучаецца своеасаблівым калярытам і свабодай нораваў. Паведамляе Вольга Хвайніцкая, Ўіклоў, Ірляндыя:

(Хвайніцкая: ) “За некалькі гадзін да таго, як цэнтральная брама коледжу гасьцінна расчыніцца перад удзельнікамі балю, апранутая ў смокінгі й вячэрнія сукенкі-дэкальтэ моладзь сабралася ў пабах і барах паблізу альма-матэр, дзе зь першым куфлем шампанскага распачалася ноч дэкадансу, альбо Садом на Ліфі. У час, калі панурыя грамадзяне сталіцы сьпяшаліся да апошняга аўтобуса, вясёлыя студэнты з гіканьнем і сьмехам рушылі да галоўнага будынку ўнівэрсытэту, дзе іх чакала апошняе ў студэнцкім жыцьці чароўнае сьвята бесклапотнасьці.

Апоўначы амаль шасьцітысячны стракаты й шумны натоўп ужо добра захмялелых студэнтаў запоўніў тэрыторыю коледжу, парушаючы камэрную цішыню ягонага двара. Сьвята старанна ахоўвалася тысячнай арміяй паліцэйскіх, але гэта аніякім чынам не паўплывала на колькасьць выпітага за ноч піва – 40 000 пінтаў! Па драўлянай падлозе Трыніты-хола, дзе, магчыма, Джэймс Джойс задумваў свайго “Ўліса”, ашалелыя гулякі скакалі пад рокабілі, танга, джайв ды сучаснае тэхна. Нядзіўна, што пад раніцу гэтыя розныя музычныя стылі зьліліся ў адзіны рытм. Забыўшыся на дарагія прыбранствы й стылёвыя прычоскі, змораныя танцавальным маратонам і жадаючы падыхаць сьвежым паветрам, хлопцы і дзяўчаты адпачывалі проста на траве. А ўжо што там адбывалася, вядома толькі Генры Муру, каменная постаць якога ўпрыгожвае ўнівэрсытэцкі двор. Незабыўнай застанецца ў памяці выпускнікоў апошняя гадзіна сьвята. Калі сонца ўзыйшло над старажытным горадам вікінгаў, босыя, з абуткам у руках, студэнты ішлі сустракаць новы дзень”.


Добра, калі ў студэнцкія гады не марнуеш час і набіраешся розных ведаў, якія часам вельмі добра прыдаюцца ў жыцьці. А часам у жыцьці так не хапае нейкай драбязы – ну, прыкладам, веданьня якой-небудзь замежнай мовы. Так, няведаньне іўрыту прымусіла Гельмута Коля зазнаць некалькі гарачых хвілінаў. Зь Ерусаліму перадае Ігар Рубінштэйн:

(Рубінштэйн: ) “На мінулым тыдні былы канцлер Нямеччыны Гельмут Коль гасьцяваў у Ерусаліме – у ізраільскага прэзыдэнта Машэ Кацава. Сустрэча прайшла, як належыць, у цёплай прыязнай атмасфэры, а па ёй адбылася другая – прэзыдэнт Кацаў прымаў дэлегацыю вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі: у Ізраілі сьвята Швуэс (Пяцідзясятніца) традыцыйна зьвязваецца зь сельскай гаспадаркай. Асацыяцыя вытворцаў гародніны паказвала прэзыдэнту сваю прадукцыю. Такім чынам, былы нямецкі канцлер цалкам выпадкова стаўся вясельным генэралам – разам з Машэ Кацавам ён мусіў дэгуставаць плады першага ўраджаю гародніны, што вырасла сёлета на Сьвятой Зямлі.

Дэлегацыя фэрмэраў прыйшла да прэзыдэнта з цэлым кашом гародніны: былі ў ім памідіры “шэры”, брокалі, цыбуля, базылік, размарын, спаржа, імбір. Перац, агуркі, капуста ды іншыя дары прыроды. Аднак высокі нямецкі госьць зацікавіўся толькі дзьвюма рэчамі – імбірам, якога, як выявілася, ніколі ў жыцьці ня бачыў, і вострым перцам. Пад вокам тэлекамэраў, незразумела чаму, ён вырашыў пакаштаваць менавіта перац. Калі яго рука выцягнула з каша перац, дык усе навокал закрычалі: “Гэта вельмі востра!”, аднак славуты аб’яднальнік нямецкіх земляў толькі ўсьміхнуўся і надкусіў забаронены плод. Тыя самыя тэлекамэры праз пару сэкундаў зафіксавалі ягоную грымасу, а прэсавы сакратар ізраільскага прэзыдэнта Элішэва Барон-Лапідот прынесла шклянку вады і насовачку. Аддыхаўшыся, Коль спытаўся: “Вы, напэўна, выкарыстоўваеце незвычайную тэхніку паліву?” і, не дачакаўшыся адказу, перайшоў да праблемаў гадаваньня пшаніцы.

Ізраільскія фэрмэры выкарысталі замяшаньне Гельмута Коля і напрасткі спыталіся ў яго, ці можа ён пазытыўна паўплываць на намер Эўрапейскага Зьвязу абмежаваць імпарт ізраільскай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Эўропу ў сувязі з апошнімі падзеямі на Блізкім Усходзе. Задыхаючыся ці то ад перцу, ці то ад сяброўскіх пачуцьцяў, Коль расказаў ізраільскім журналістам, што санкцыі Эўразьвязу могуць быць уведзеныя толькі пры адзінагалосным рашэньні прадстаўнікоў усіх краін-удзельніц, а Нямеччына ніколі не прагаласуе за такую рэзалюцыю. І з горкім прысмакам ізраільскага перцу ў роце нямецкі канцлер пажадаў сваім ізраільскім сябрам шчасьлівага і абавязкова салодкага сьвята Швуэс”.


І яшчэ пра мовы. У адной ангельскай вёсцы іх можна вучыць у самых незвычайных абставінах. Пра гэта – карэспандэнцыя Міколы Пачкаева зь Лёндану.

(Пачкаеў: ) “Жыхары ангельскай вёскі Гук, што ў графстве Дорсэт на паўднёвым узьбярэжжы, скардзяцца ў газэце “Дэйлі Тэлеграф” на тое, што тостэры ў іх хатах ня толькі смажаць хлеб, але і размаўляюць па-расейску. У гэтай вёсцы расейскія галасы чуваць таксама і з тэлефонаў ды іншых электрычных бытавых прыладаў. Прычынаю зьяўляеюцца радыё-рэтранслятар, які знаходзіцца за мілю ад вёскі Гука і які трансьлюе ў тым ліку расейскамоўныя перадачы Сусьветнай службы BBC. Электрамагнітнае поле настолькі моцнае, што, паводле мясцовых жыхароў, “дворнікі” пачынаюць самі працаваць машынах, якія праязджаюць побач станцыі. Прадстаўнік кампаніі, якая валодае рэтрансляцыйным абсталяваньнем каля Гука, пацьвердзіў, што любыя апараты, у якім знаходзяцца побач два разнародных кшталты мэталу, утвараюць прымітыўны дыёд і могуць ператвараць гук і размаўляць нават па-расейску”.
XS
SM
MD
LG