Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РАДЗІМЕ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА ЗЬНІКЛА МЭМАРЫЯЛЬНАЯ ТАБЛІЦА Ў ГОНАР ПАЭТА


Тацяна Поклад, Вільня

На пачатку красавіка у Сьвіранах, што пад Вільняй, на радзіме Францішка Багушэвіча была ўрачыста замацаваная мэмарыяльная табліца ў гонар паэта. Побач прымацавалі вялікодную вербу і беларускі нацыянальны сьцяг. Арганізатар – Таварыства беларускай мовы Віленскага краю.

На ўрачыстасьць прыяжджалі госьці зь Беларусі і Літвы, быў і вядомы дасьледчык творчасьці Ф.Багушэвіча Ўладзімер Содаль. Пра падзею паведамляла і Радыё Свабода, і іншыя мэдыі Літвы і Беларусі.

Днямі здымачная група Літоўскай тэлевізіі высьветліла, што і мэмарыяльная табліца, і беларускі сьцяг зьніклі. Гаспадыня сядзібы, на якой была замацаваная мэмарыяльная табліца, Марыя Філіповіч-Ранцавене, растлумачыла:

(Філіповіч-Ранцавене: ) “Прыяжджалі да мяне з сянюніі (стараста) Рукойнскай і віцэ-мэр Віленскага раёну, нагаварылі такога, што проста жах. Кажуць, што гэта за беларускі сьцяг, “можа ты хочаш беларускую пэнсію атрымліваць – 8 даляраў?” Маўляў, гэта – фашызм, такі сьцяг, ў Літве беларускі сьцяг можа быць толькі на пасольстве і ўсё, а не на кожным доме”.

Гаворыць стараста мясцовай Рукойнскай сянюніі Леанарда Сапкевіч, на якую спасылалася гаспадыня сядзібы:

(Сапкевіч: ) “Я нічога ня ведаю, я гэтую табліцу ня вешала і не здымала. Мы прыехалі, паглядзелі ды паехалі. Гаспадыня сама згадзілася, ніхто ёй нічога не казаў. Вы лепш ў віцэ-мэра спытайцеся”.

Далейшыя тлумачэньні падае віцэ-мэр Віленскага раёну Тэрэза Парамонава:

(Парамонава: ) “Стараста тэлефануе мне і кажа: “Пані Тэрэза, там нешта рабілі, трэба паглядзець”, – мы пад’ехалі, паразмаўлялі. Мы нават блізка да хаты не падыходзілі.

Там быў сьцяг – беларускі, толькі вось якога часу, цяжка сказаць, але ведаю, што ня той сьцяг, які зараз афіцыйны на Беларусі. Ну, можа і той сьцяг законны. Але няхай сабе на прыватным доме вісіць, раз гэта прыватная маёмасьць, мы нічога ня маем права забараніць. Мы ня можам сказаць: “Здымі!”, калі гэта прыватны дом”.

Даведаўшыся пра словы віцэ-мэра, гаспадыня хаты, Марыя Філіповіч-Ранцавене, абурылася:

(Філіповіч-Ранцавене: ) “Ну, проста-такі... гэтак наваліліся абедзьве. Яны мяне шукалі па ўсёй вёсцы, калі прыехалі. Яны сказалі, маўляў, гэта нейкі фашызм і табліца незаконная, – вось каб гэта было афіцыйна, каб хто прысутнічаў ад нас”.

Гаварылася і пра тое, што супроць ўшанаваньня беларускага паэта Францішка Багушэвіча мясцовыя ўлады нічога ня маюць.

Віцэ-мэр ўзгадала мэмарыяльную табліцу ў гонар Багушэвіча на будынку Дома культуры ў суседняй вёсцы Савічуны, да адкрыцьця якой у лістападзе летась спрычынілася Згуртаваньне беларускіх арганізацыяў ў Літве і Беларускае пасольства – тут у мясцовага чынавенства ня ўзьнікла ніякіх сумлеваў.

(Парамонава: ) “Мы зрабілі афіцыйную табліцу Багушэвічу на Доме культуры. Зрабілі празь беларускае пасольства, разам са спадаром Мурашкам. Там барэльеф, аплаціў нам яго сам беларускі пасол. Былі і з пасольства на адкрыцьці, адзначылі. А вось у Сьвіраны нас не запрасілі, рабілі нешта там па сакрэту”.

Прадстаўніцы мясцовай улады найбольш наракалі на тое, што іх не запрасілі афіцыйна. Аднак Таварыства беларускай мовы цьвердзіць, што запрашэньне было, толькі яго праігнаравалі. Адзін зь сябраў Таварыства, мясцовы жыхар, літовец Апалінарыюс Янушаускас, камэнтуе здарэньне:

(Янушаўскас: ) “Нічога падобнага! Ён іх запрашаў. Ім не патрэбныя ніякая беларуская мова, ніякая культура, ніякія беларускія дзеячы ім не патрэбныя!

Гэтыя людзі.... яны нават не камуністы, яны – бальшавікі. Ім наагул ня трэба ніякіх тут беларусаў. Па іх разуменьнях, тут ёсьць толькі палякі ды ўсё. Вось у чым справа. Вы ім ствараеце канкурэнцыю. А для Літвы беларуская дзейнасьць не ўяўляе небясьпекі. Літоўцы ніколі ня будуць крыўдзіць беларусаў. Ніколі”.

Гаспадыня сядзібы, ад якой ўрэшце рэштаў залежыць, ці будзе мэмарыяльная табліца ў гонар Багушэвіча ў Сьвіранах, зразумела так, што менавіта беларускі нацыянальны сьцяг насьцярожыў мясцовыя ўлады, для якіх беларускае пасольства ёсьць аўтарытэтам.

Дзе знаходзіцца зараз мэмарыяльная табліца і сьцяг?

(Філіповіч-Ранцавене: ) “Табліца зараз у мяне, на вэрандзе. Мы можам яе павесіць, але беларускага сьцягу там болей ня будзе. Табліца няхай бы вісела, яны (стараста і віцэ-мэр) на мяне з-за сьцягу наваліліся. Дзе зараз сьцяг? Я зьняла яго і спаліла ў печцы. Яны ж казалі: “Фашызм”, адным словам, проста жахліва. А я ж кветкі пасадзіла, каменьчыкамі абклала, – ўсё як дамаўляліся”.
XS
SM
MD
LG