Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭВАЛЮЦЫЙНЫЯ ПАДЗЕІ Ў БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЕ


Сяргей Абламейка, Прага

Той, хто сочыць за паведамленьнямі нашага Радыё і іншых сродкаў масавай інфармацыі, ня мог не заўважыць даволі частых у апошні час паведамленьняў аб дзейнасьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Беларусі. А яшчэ раней часта паведамлялася пра дзейнасьць так званай Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы. Прычым часта сярод дзеячоў гэтых цэркваў называюцца адны і тыя ж асобы, напрыклад, вядомы ўжо сьвятар з Гарадзенскай вобласьці айцец Іван Спасюк. Што ж адбываецца насамрэч? Наколькі сур’ёзна можна ставіцца да дзейнасьці беларускіх аўтакефалістаў?

Летась увосень была апублікаваная чацьвертая ўжо па ліку справаздача Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб датрыманьні рэлігійных свабодаў у сьвеце, і ў разьдзеле пра Беларусь там сьцьвярджалася, што БАПЦ налічвае ў Беларусі 70 парафіяў – і гэта дадзеныя амэрыканскага пасольства ў Менску. Мы ня раз ужо зьвярталіся да тэмы беларускай аўтакефаліі ў выпусках Сымбаля Веры і абяцалі сачыць за разгортваньнем падзеяў вакол яе. І вось такія падзеі пачаліся.

Нядаўна айцец Іван Спасюк, які дагэтуль супрацоўнічаў зь епіскапам Рыжым-Рыскім, вядомым сваёй няяснай канфэсійнай арыентацыяй, наведаў Злучаныя Штаты, быў прыняты разам зь іншымі сьвятарамі і парафіямі так званай БНПЦ ва ўлоньне БАПЦ і прызначаны епіскапам Аляксандрам Салагубам кіраўніком справамі БАПЦ у Беларусі. Зараз чакаецца візыт у Беларусь самога епіскапа Салагуба, які зьяўляецца намесьнікам кіраўніка БАПЦ мітрапаліта Мікалая Мацукевіча з правам пераемніцтва. Ягоны афіцыйны тытул, дарэчы, епіскап Гайленд-Паркскі і Барысаўскі. Прыняцьцё праваслаўных парафіяў на тэрыторыі Беларусі пад сваю юрысдыкцыю – гэта даволі рэзкі і сьмелы крок з боку кіраўніцтва БАПЦ. Што ён азначае і якія падзеі ён можа пацягнуць за сабой? Аб гэтым я гутарыў з самім епіскапам Аляксандрам Салагубам, намесьнікам першагіерарха БАПЦ мітрапаліта Мікалая Мацукевіча, які і зрабіў гэты рэзкі крок.

(Салагуб: ) “У сакавіку сёлета я прыняў пад свой архірэйскі амафор былыя парафіі ў Беларусі так званай Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы. Аўтакефальны рух у Беларусі нарэшце атрымаў свае гістарычныя карані і кананічны статус. Айцец Ян Спасюк маім указам быў прызначаны кіраўніком справамі БАПЦ у Беларусі з шырокімі паўнамоцтвамі. Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 70 парафіяў і 35 сьвятароў, у асноўным на Захадзе краіны. Юрыдычны статус дагэтуль не ўрэгуляваны. Парушаючы закон, мясцовыя ўлады ў Беларусі адмаўляюць у рэгістрацыі парафіяў БАПЦ, што робіць нашую царкву на Бацькаўшчыне бяспраўнай і нават ганімай. Мы будзем працягваць згодна зь дзеючым заканадаўствам падаваць неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю ў Беларусі нашых парафіяў, але адначасова мы разглядаем варыянт рэгістрацыі парафіяў БАПЦ у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, як гэта раней зрабіла Праваслаўная царква Чарнагорыі.

Але нягледзячы на ўсе цяжкасьці і складанасьці, у парафіях БАПЦ на Бацькаўшчыне ідзе паўнавартаснае царкоўнае жыцьцё: адпраўляюцца багаслужбы, прапаведуецца Слова Божае на роднай мове і, як вы ведаеце, нават у пасёлку Пагранічны будуецца першая беларуская аўтакефальная сьвятыня, на асьвячэньне якой прыеду я і новы епіскап БАПЦ Ёван”.

(Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, тады паўстае такое пытаньне. Як вядома, ва ўлоньні Рускай Праваслаўнай царквы ў Беларусі сёньня ёсьць прыхільнікі беларусізацыі царквы зь ліку, пераважна, інтэлігенцыі, дзейнічаюць брацтва Трох Віленскіх мучанікаў, моладзевае брацтва. Як вы думаеце, актыўнасьць БАПЦ у Беларусі можа неяк пашкодзіць справе беларусізацыі Беларускага эгзархату Рускай Праваслаўнай царквы, ці падштурхнуць гэтую справу?”

(Салагуб: ) “Так званая беларусізацыя ва ўлоньні Рускай Праваслаўнай царквы ў Беларусі – гэта кантраляваны Маскоўскім патрыярхатам працэс, які мае на мэце, па-першае, стварыць для часткі праваслаўнай беларускай інтэлігенцыі свайго роду беларускую царкоўную рэзэрвацыю, каб яна не далучалася да праўдзівай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, і, па-другое, скампрамэтаваць у вачах бальшыні праваслаўных у Беларусі, якія на сёньняшні час яшчэ не жадаюць пераходу на беларускую мову ў багаслужбах, саму ідэю беларусізацыі Праваслаўнай царквы”.

Вось такі погляд на сытуацыю выказаў епіскап Гайленд-Паркскі БАПЦ Аляксандар Салагуб. Ягоны сакавіцкі ўказ аб прыняцьці парафіяў і сьвятароў так званай БНПЦ у юрысдыкцыю БАПЦ – гэта, я б сказаў, рэвалюцыйны крок. Падзеі ў беларускай царкве на эміграцыі доўгія гады ішлі даволі марудна, і вось раптам пачалі разгортвацца вельмі хутка. Ужо зьявіўся яшчэ адзін новы епіскап, дэтройцкі ўладыка Ёван. Прычым калі адносна ранейшых уладык спэкулявалася, што яны ня маюць так званай апостальскай пераемнасьці, дык пра епіскапаў Салагуба і Ёвана такога ня скажаш, бо ў іх высьвячэньні браў удзел кананічны сэрбскі архіепіскап Дамаскін. Ну а 70 парафіяў і 35 сьвятароў у Беларусі – гэта больш, чым ва ўсёй БАПЦ на эміграцыі.

Таму сытуацыя выглядае вельмі сур’ёзна. Падзеі пачынаюць нагадваць украінскія. Там таксама спачатку на тэрыторыі краіны зьявілася эмігранцкая Аўтакефальная царква, а пасьля і кіеўскі мітрапаліт Філярэт захацеў адкалоцца ад Масквы і абвесьціў сябе патрыярхам.

Як глядзяць на гэтую сытуацыю ў Беларускім эгзархаце Рускай Праваслаўнай царквы? Вось мая гутарка з сакратаром Гарадзенскай епархіі РПЦ айцом Анатолем Ненартовічам.

(Абламейка: ) “Айцец Анатоль, у мяне пытаньне да вас як да афіцыйнай асобы – да сакратара Гарадзенскай епархіі Беларускага эгзархату Рускай Праваслаўнай царквы. Як вы ацэньваеце дзейнасьць айца Івана Спасюка і тое, што зараз ён знаходзіцца ў юрысдыкцыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы на эміграцыі? Якая вашая афіцыйная ацэнка гэтага?”

(Ненартовіч: ) “Ацэнку гэтага мы яшчэ раней далі. І ня толькі нашая епархія, ня толькі рашэньне нашагу суду ў справе аб пазбаўленьні сьвятарскага сану сьвятара, які знаходзіўся ў забароне служэньня. Гэта было ня толькі нашае рашэньне, гэта было рашэньне беларускага сыноду нашай Беларускай Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, і той сьвятар ня можа знаходзіцца ў царкве, пакуль не прынясе сваё пакаяньне”.

(Абламейка: ) “Ён ня можа знаходзіцца ва ўлоньні Рускай Праваслаўнай царквы, але айцец Іван Спасюк працягвае сьвятарскую дзейнасьць у пасёлку Пагранічны, будуе там храм і вось зараз стала ведама, што ён прыняты ў юрысдыкцыю Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы. Як вы ацэньваеце гэты крок БАПЦ?”

(Ненартовіч: ) “Калі мы гаворым пра праваслаўныя цэрквы, я думаю, што яны павінны жыць па адных канонах і законах, якія былі дадзеныя нам і саборамі, і апосталамі, якімі мы і кіруемся ў нашым жыцьці. І калі адна царква пазбаўляе сану сьвятара, то іншая ня можа аднавіць яго сан”.

(Абламейка: ) “Такім чынам, БАПЦ як праваслаўная царква павінна прызнаваць рашэньні Рускай Праваслаўнай царквы аб пазбаўленьні Івана Спасюка сану?”

(Ненартовіч: ) “У нас няма кананічных зносінаў з царквой, якая сябе называе Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквой. Нягледзячы на гэта, мы ведаем аб існаваньні такой. Прызнаньне або непрызнаньне – гэта ўжо ня нашая справа, але калі яны хочуць называць сябе царквой, дык і жыць павінны па законах і канонах царквы”.

(Абламейка: ) “У інтэрвію нашаму Радыё епіскап Аляксандар Салагуб сказаў, што зьбіраецца прыехаць на тэрыторыю вашай Гарадзенскай епархіі на адкрыцьцё храму ў пасёлку Пагранічны. Як вы ставіцеся да гэтага візыту?”

(Ненартовіч: ) “Мне цяжка гаварыць пра гэта, бо, па-першае, царквы як такой там не існуе. Тое, што ідзе будаўніцтва дому Івана Спасюка (там толькі пачалі цокальны паверх) ... Ня ведаю, як можна за два месяцы зрабіць царкву. Зь іншага боку, я ня ведаю мэты, зь якой сюды можна прыяжджаць. Калі мы гаворым пра беларускасьць, пра беларускую царкву, дык я наагул тут ня бачу ніякай праблемы, асабліва ў нашай епархіі. Да нас ці да некага іншага яшчэ ніводзін сьвятар не зьвярнуўся са скаргай, сказаўшы, што яму забараняюць прапаведаваць або служыць па-беларуску. Ну а калі нас прыедуць сюды павучыць, як трэба служыць, я ня думаю, што гэта дапаможа хрысьціянізацыі, а палітыканствам займацца ў царкве – дык я лічу, што яго і так замнога”.

Вось так ацэньвае сытуацыю сакратар Гарадзенскай епархіі Беларускага эгзархату РПЦ айцец Анатоль Ненартовіч. І ягоны клопат можна зразумець. Гарадзенская епархія – гэта, так бы мовіць, самая беларускамоўная епархія РПЦ. Там і сам епіскап Арцемі гаворыць па-беларуску, і шмат хто зь яго супрацоўнікаў. З гэтай епархіі, дарэчы, больш за ўсё сьвятароў бярэ ўдзел па-беларуску ў выпусках Сымбалю Веры на Радыё Свабода.

Як жа будуць разгортвацца падзеі далей? Епіскап Аляксандар Салагуб, як вы чулі, мае намер праз два месяцы разам зь епіскапам Ёванам прыехаць у Беларусь. У першых днях чэрвеня ў Гайленд-Парку ў ЗША адбудзецца Памесны Сабор БАПЦ, на які запрошаная і дэлегацыя зь Беларусі – гэта, дарэчы, першы за апошнія 20 гадоў сабор. Аб рашэньнях, якія на ім будуць прынятыя, мы будзем інфармаваць слухачоў. Але ўжо зараз ведама, што Сабор зьвернецца да Канстантынопальскага патрыярхату з просьбай аб прызнаньні БАПЦ. Калі ж, як вы чулі са словў епіскапа Салагуба, і беларускія ўлады, і Канстантынопальскі патрыярхат будуць марудзіць з прызнаньнем БАПЦ, дык, як сказаў епіскап Аляксандар, ён і іншыя епіскапы разглядаюць варыянт рэгістрацыі сваёй царквы, у тым ліку і 70 беларускіх парафіяў, у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, як гэта раней зрабіла Чарнагорская Праваслаўная царква, якая дамагаецца незалежнасьці ад Сэрбскай Праваслаўнай царквы. Гэты варыянт здаецца дзіўным толькі на першы погляд. БАПЦ прызнаецца амэрыканскімі ўладамі на тэрыторыі ЗША, а значыць, павінны прызнавацца і яе, так бы мовіць, філіі ў Беларусі. А Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, як вядома, даглядае за выкананьнем рэлігійных свабодаў ва ўсім сьвеце.

Падчас гутаркі зь епіскапам Салагубам я і яшчэ раз запытаўся ў яго, ці не пагубіць прыход БАПЦ у Беларусь кволыя парасткі беларушчыны ў Беларускім эгзархаце і ці не пагоршыць гэта становішча невялікай групы беларускай праваслаўнай інтэлегенцыі, і што ён наагул думае пра будучае разгортваньне сытуацыі ў краіне. Ён адказаў, што не, і што ён лічыць прыход БАПЦ у Беларусь аб’ектыўным і непазьбежным. А як будуць разгортвацца падзеі, пакажа недалёкая будучыня. Мы будзем інфармаваць сваіх слухачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG