Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЧЭМПІЯНАТ – З БОЖАЙ ДАПАМОГАЙ – НОВЫЯ ФУТБОЛЬНЫЯ ГРОШЫ – ФУТБОЛ І ПЕСЬНІ – ЭВАЛЮЦЫЯ ЖАНОЧАЙ ГУЛЬНІ І ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ


Сяргей Шупа, Прага

У пятніцу на стадыёнах Японіі і Паўдзённай Карэі распачнецца сьвята, якога аматары футболу чакалі чатыры гады. Таму сёньня ў “Сьвеце за вакном” – нічога апрача футболу. Пачнем нашае падарожжа зь Ірляндыі. Пра тое, на якую магутную духовую зброю на чэмпіянаце будзе абапірацца каманда Зялёнага Востраву, распавядае Вольга Хвайніцкая:

(Хвайніцкая: ) “Каля 6 тысяч ірляндцаў – аматараў футболу пакуюць гэтым часам свае валізкі, каб ад’ехаць на наступным тыдні ў далёкую Японію, дзе першага чэрвеня іхныя фаварыты выступяць супраць зборнай Камэруна. Добра ведаючы пра вольны нораў і ўласьцівую гэльскай нацыі экспрэсіўнасьць, Міністэрства замежных спраў Ірляндыі надрукавала для турыстаў адмысловую брашуру з парадамі й няпісанымі правіламі паводзін у краіне Ўзыходзячага сонца. Так, сярод іншага, свабодна выхаваным эўрапейцам не рэкамэндуецца сьпяваць на вуліцах, здымаць у публічных месцах кашулі й майкі, а таксама выстаўляць напаказ татуіроўкі. Па словах складальнікаў брашуры, такія дзеяньні аніяк не стасуюцца зь японскім ладам жыцьця і могуць абразіць гаспадароў Чэмпіянату.

Але ёсьць у ірляндзкай футбольнай каманды адзін асаблівы фанат, якому падобныя парады наўрад ці спатрэбяцца, бо сьпяваць і распранацца яму не дазваляе пасада, дый татуіровак, упэўнена, у яго няма. Гэты адданы аматар – сьвятар Лім Бойл, які яшчэ з канца 1980-х суправаджае каманду на ўсе сур’ёзныя спаборніцтвы. І гэтым разам мансэньёр будзе старанна маліцца за божую паблажлівасьць да нацыянальнай зборнай. Як кажа сам Бойл: “Я заўсёды прамаўляю малітву падчас гульні, асабліва ў цяжкія моманты. Звычайна гэта дапамагае”. Сьвятар далучыцца да хлопцаў у зялёным на наступным тыдні ў Токіё і будзе “пад рукой” на працягу ўсяго турніру. Штодня ён абяцае ладзіць службу для членаў каманды, і хлопцы па жаданьню ў любы час змогуць схадзіць да споведзі. Айца Ліма часта называюць дванаццатым гульцом каманды – ён заўсёды дарагі госьць да вячэры, надзейны сябра ў моманты ўзьлётаў і падзеньняў.

Пакуль ірляндзкія фаварыты футболу рыхтуюцца да першай гульні, па другі бок плянеты адданыя прыхільнікі, а гэта, без перабольшаньня, усё насельніцтва зялёнага вострава, ужо завучваюць напамяць галоўную малітву сусьветнага чэмпіянату, у якой просяць Усявышняга й сьвятога Патрыка ахоўваць родную каманду, падтрымліваць яе высокі баявы дух, і, калі Богу будзе заўгодна, дазволіць героям прывезці дамоў жаданы Кубак”.


Ірляндцы паехалі ў Японію са сваім сьвятаром, а вось польскія футбалісты павезьлі на Далёкі Ўсход зусім матэрыяльныя талісманы. Пра гэта з Варшавы – Аляксей Дзікавіцкі:

(Дзікавіцкі: ) “Факту, што іхная футбольная каманда будзе граць на Чэмпіянаце Сьвету, разам з усімі палякамі ўзрадаваліся і польскія банкіры. Ды яшчэ як! Нацыянальны банк Польшчы выпусьціў з гэтай нагоды адмысловыя калекцыйныя манэты. “Нацыянальны банк звычайна выпускае калекцыйныя манеты, каб ушанаваць важныя падзеі, а тое, што нашая каманда пасьля 16-ці гадовага перапынку трапіла на Чэмпіянат Сьвету, я лічу, падзея важная”, – заявіў кіраўнік нацыянальнага банку Польшчы, прафэсар Лешэк Бальцэровіч. З нагоды посьпеху польскіх футбалістаў, сьвет убачылі чатыры манеты: залатая 100-златоўка, срэбная і срэбная з бурштынам 10-златоўкі, а таксама 2 злотых са сплаву Nordic Gold.

Старшыня польскага футбольнага зьвязу Міхал Лісткевіч лічыць, што гэтыя манеты будуць найбольш каштоўнымі і пажаданымі сярод калекцыянэраў і фанатаў футболу у Польшчы. “З кожнай перамогай нашай каманды на Чэмпіянаце Сьвету вартасьць гэтых манетаў і колькасьць асобаў, якія пажадаюць іх мець будзе павялічвацца”, – сказаў спадар Лісткевіч. Польскія футбалісты зьбіраюцца ўзяць калекцыйныя грошы з сабой, каб у часе чэмпіянату падараваць іх іншым камандам. А што да звычайных, а не калекцыйных грошай, дык Зьвяз польскага футболу ўжо вызначыў памеры ўзнагародаў для футбалістаў нацыянальнай каманды. За перамогу ў Чэмпіянаце Сьвету кожны атрымае па 150 тысячаў амэрыканскіх даляраў, а за выхад са сваёй групы – па 25 тысячаў”.


Як ні дзіўна, ёсьць яшчэ ў сьвеце такія краіны, для якіх футбол усё яшчэ застаецца дзівоснай экзотыкай. Ну, прыкладам, Злучаныя Штаты. Але здабыткі эўрапейскай цывілізацыі паступова пачынаюць прымацца і там. Пра гэта нататкі з Вашынгтону Ірыны Курапаткінай:

(Курапаткіна: ) “Самыя папулярныя вiды спорту ў ЗША, так званая “Вялiкая чацьвёрка” – гэта бэйсбол, баскетбол, хакей i футбол… толькi рэч у тым, што футбол у ЗША – зусiм ня тая гульня, якую ведае зь дзяцінства кожны эўрапеец. Амэрыканскi футбол – зьява мясцовая i унiкальная: вялiзныя у адмысловай форме i шлемах гульцы зьбiваюць адзiн аднаго з ног, каб прабрацца на другi канец поля i стрымаць супрацiўнiкаў, якiя ў сваю чаргу таксама намагаюцца прабрацца на другi канец поля… часам падаецца, што гульня была перанятая не з брытанскага рэгбi, а з традыцыйнай гiшпанскай карыды. Мушу зазначыць, што амэрыканскi футбол – гульня складаная, цiкавая i жорсткая. Але больш за ўсё зьдзiўляе мяч… гэта зусiм i ня мяч, а нейкае адмысловае прыстасаваньне, крыху падобнае на дыню. Калi за 2 гадзiны гульнi па гэтай дынi аднойчы цi двойчы нехта стукне нагой, на гэтым i заканчваецца ўсялякае падабенства памiж амэрыканскiм футболам i футболам, якi ведаем мы.

Тут яго – наш футбол – называюць СОКЕР. Да 1994 году знаходзiўся гэты сокер у катэгорыi жаночых вiдаў спорту i лiчыўся гульнёй для дзяўчатак-школьнiц. У 1994 годзе у ЗША праходзiў чэмпiянат сьвету, амэрыканскiя заўзятары мелi магчымасьць пазнаемiцца з сапраўдным эўрапейскiм футболам. Пасьля чэмпiянату стаўленьне да сокеру ў ЗША зьмянiлася назаўсёды! У 1996 годзе была створаная прафэсiйная футбольная лiга. Як i чакалася першымi посьпехамi заўзятараў парадавалi жанчыны: нацыянальная жаночая зборная ЗША лiчыцца адной з самых моцных камандаў сьвету. Што нельга сказаць пра мужчынскую зборную, якая у 1998 годзе ў Францыi засталася на апошнім месцы.

Чэмпiянат Сьвету 2002, як спадзяюцца амэрыканскiя заўзятары, можа стаць новай вяхой у гiсторыi сокеру ў ЗША. Цiкаўнасьць аўдыторыi падштурхоўвае сродкi масавай iнфармацыi лiчыцца з масавай “хваробай”, якая дасягнула нарэшце межаў ЗША i завецца вялiкi футбол. Часопiс “Sports Illustrated”, што выходзiць накладам больш за 20 мiльёнаў паасобнiкаў, зьмясьцiў на вокладцы фатаграфiю амэрыканскага футбалiста Клiнта Мацiса, гэта другi выпадак за ўсю гiсторыю часопiсу. Кiраунiк зборнай ЗША Брус Арына лiчыць, што каманда мае вельмi добрыя шанцы прадэманстраваць прафэсiйную гульню i выйсцi ў другое кола, а гэта значыць забясьпечыць дадатковую цiкаўнасьць мэдыяў i прапаганду эўрапейскаяга футболу, які столькі гадоў запар сродкі масавай інфармацыі ЗША папросту ігнаравалі. Сокер спрабуе заняць належнае месца побач з бэйсболам, баскетболам, хакеем i амэрыканскiм футболам. Шмат залежыць ад посьпехаў амэрыканскай зборнай на чэмпіянаце”.


А вось у Гішпаніі, натуральна, што такое футбол усе ведаюць яшчэ з калыскі. Таму і сустракаюць чароднае сьвята як належыць – зь песьнямі. З Мадрыду паведамляе Андрэй Рубцоў:

(Рубцоў: ) “Напярэдадні Чэмпіянату Гішпанія перажывае песенна-футбольны бум. Усім хочацца сьпяваць: пачынаючы зь няўрымсьлівых удзельнікаў тэлевізійнага маратону “Апэрацыя Трыюмф”, пераможца якога Роса Лопэс прадстаўляе краіну ў Таліне на фэстывале “Эўравізія”, да саміх гішпанскіх футбалістаў, якія разам з папулярнымі тут сьпявачкамі Монікай Наранхо й Малу ўзялі ўдзел у запісах афіцыйнага кампакт-дыску FIFA. Праект падтрымалі 45 футбалістаў з 21 краіны. “Каманда” Гішпаніі сьпявае “Shake the house”. Прыбытак ад продажу гэтага дыску пойдзе на фінансаваньне праектаў скіраваных на барацьбу са СНІДам.

А ў горадзе Малага, што на поўдні Гішпаніі, ладзіцца альтэрнатыўны “міжнародны” Чэмпіянат па футболе. “Інтэрнацыянальны кантынгент” тутэйшае турмы складаюць прадстаўнікі 53-х нацыянальнасьцяў. Першанствуюць у спаборніцтве гішпанцы, яны складаюць пераважную большасьць ва ўстанове. Як мне паведамілі, беларускае каманды там пакуль няма.

А вось прадстаўнікам жывёлагадоўлі зусім не да песень. Іх палохае тое, што хто-небудзь з футбалістаў альбо заўзятараў прывязе з Карэі вірус яшчуру. Але сумнага папераджальнага голасу гішпанскіх аграрнікаў амаль што не чуваць у сьвяточным рознагалосьсі. І гішпанцы чакаюць іншых “сувэніраў” з вельмі Далёкага Усходу. Найлепшым дасягненьнем іхняе каманды было чацьвертае месца ў Бразіліі ў 1950 годзе, а ў 1998 у Францыі яна нават не выйшла ў другі тур. Спадзяёмся, што сёлета ім пашчасьціць. Але на ўсялякі выпадак кіраўнік гішпанскае зборнае Антоніё Камачо абвесьціў, што калі “францускі вынік” паўторыцца, ён падасьць у адстаўку”.


Напэўна ў гэтым месяцы для сапраўдных заўзятараў ня будзе большай асалоды, як пасядзець зь сябрамі пры тэлевізары з куфлем піва і пахвалявацца за ўлюбёную каманду. Гэта добра разумеюць брытанскія праваахоўчыя ворганы і вырашылі скарыстаць зручную нагоду з мэтай аховы правапарадку. Пра гэта – Мікола Пачкаеў зь Лёндану:

(Пачкаеў: ) “Брытанская паліцыя заахвочвае крымінальнікаў здавацца напярэдадні сусьветнага чэмпіянату па футболе. На гэта скіраваная спэцыяльная апэрацыя “Чырвоная Картка”, праведзеная паліцыяй графства Гэртфардшыр (якое месьціцца ў Англіі на поўнач ад Лёндана). Як паведамляе газэта “Evening Standard”, гэртфардшырская паліцыя разаслала 296 лістоў на апошнія вядомыя адрасы мясцовых дробных крымінальнікаў, якія ўхіляліся ад органаў правааховы; у гэтых лістах правапарушальнікі папярэджваліся, што – калі толькі яны не здадуцца паліцыі цяпер – то час Сусьветнага Чэмпіянату па футболе яны правядуць у турэмнай камэры бяз доступу да тэлевізіі.

У выніку 17 зацятых аматараў футболу зь ліку брытанскіх дробных крымінальнікаў – па абвінавачнаньнях кшталту нападаў і крадзяжоў – самі зьявіліся ў паліцэйскія пастарункі, спадзеючыся гэтак хутчэй адбыць свае кароткія турэмныя тэрміны, каб вызваліцца да часу сусьветнага чэмпіянату. А яшчэ 10 з тых, якія ігнаравалі раней позвы суду, цяпер самі зьявіліся ў суд для разгляду іх справаў. Як распавядаў газэце пэўны сэржант гэртфардшырскай паліцыі, адзін з крымінальнікаў нават зьявіўся ў суд адразу, як кажуць, “з рэчамі” – відавочна ў нецярплівасьці, каб хутчэй адбыць свой тэрмін. Акрамя гэтых 27 асобаў, як паведамляе газэта, у выніку кампаніі рассылкі лістоў напярэдадні чэмпіянату паліцыя атрымала дадаткова 60 паведамленьняў пра тое, дзе шукаць і тых парушальнікаў закону, якія пакуль не сьпяшаюцца здавацца”.


Ня ўсім жыхарам нашай плянэты пашчасьціла аднолькава – у фінал чэмпіянату патрапілі прадстаўнікі толькі 32 краінаў. А што ж застаецца рабіць заўзятарам ва ўсіх астатніх? Пра тое, за каго будуць балець у Ізраілі, вам распавядзе Ігар Рубінштэйн:

(Рубінштэйн: ) “Ізраільская зборная ўдзельнічала ў фінальным турніры чэмпіянату сьвету па футболе толькі аднойчы – у 1970 годзе ў Мэксыцы, дзе выступіла больш чым годна – прайграла Ўругваю і завяршыла ўнічыю матчы са Швэцыяй і Італіяй. Ад той пары, нягледзячы на ўзрослую клясу ізраільскага футболу, пасьпяховае завяршэньне адборачных гульняў застаецца нязбытнай марай мясцовага заўзятара. Аднак “мандыяль” – так сьледам за паўдзённаамэрыканцамі называюць турнір ізряільцяне – застаецца адною з галоўных падзеяў году безадносна да посьпехаў нацыянальнай зборнай. А балеюць тут у асноўным па тэлевізары.

Традыцыйна сымпатыі ізраільцянаў дзеляцца паміж камандамі, якія прадстаўляюць краіны, дзе самі заўзятары некалі жылі. Выхадцам з Расеі, Англіі, Італіі і Паўдзённай Афрыкі не даводзіцца ламаць галаву – каму аддаць свае сымпатыі гэтым разам. Амэрыканскія габрэі і раней ня надта ведалі, што такое сокер, але тыя, хто даведаўся пра яго ў Ізраілі, безумоўна падтрымаюць нацыянальную каманду ЗША. Крыху больш складанае становішча ў францускіх габрэяў – чатыры гады таму падчас фінальнага матчу ўсе кавярні і пабы Ізраілю, у якіх трансьлявалася гульня, былі запоўненыя размаляванымі ў тры колеры рэпатрыянтамі з Францыі. Аднак апошнія падзеі, у прыватнасьці, пазыцыя, занятая Парыжам у араба-ізраільскім канфлікце, адбіліся на стаўленьні ізраільцянаў да ўсяго францускага. Таму працягваць балець за францускую зборную, у якой да таго ж гуляе шмат французаў арабскага паходжаньня, для простых ізраільцянаў робіцца складаней.

Апошні прытулак для расчараваных – правераны і добра вядомы – зборная Бразыліі. Бадай, бальшыня ізраільцянаў, апантаная футболам, а ня толькі выхадцы з гэтай краіны, балеюць за “канарэек”. І прычына гэтага відавочная. Для таго, каб уліцца на месяц у шэрагі віртуальнай тарсыды, ня трэба ні нанова высьвятляць свае дачыненьні з айчынай, ні прымаць пад увагу палітычныя і культурныя аспэкты. Трэба проста любіць гэтую гульню”.


Заўзятарам з тых краінаў, чые каманды не прадстаўленыя на чэмпіянаце, у тым ліку і беларускім аматарам футболу – лепш за ўсё, бо ім не давядзецца горка перажываць паразы сваёй каманды. Бяз гэтай лыжкі дзёгцю іхная бочка мёду – сузіраньне футбольнага мастацтва найлепшых камандаў сьвету – будзе яшчэ саладзейшая. На гэтым я з вамі разьвітаюся. Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі незвычайнымі, дзівоснымі і забаўнымі гісторыямі тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG