Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЗЫРСКІ НАФТАПЕРАПРАЦОЎЧЫ ЗАВОД НЕДААТРЫМАЕ ДЗЯСЯТКІ ТЫСЯЧ ТОНАЎ СЫРАВІНЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле першапачатковых падлікаў у другім квартале нафтаперапрацоўчы завод меўся атрымаць з Расеі 2 мільёны 110 тысяч тонаў нафты, у тым ліку ў траўні – 702 тысячы тонаў.

Аднак, паводле некаторых зьвестак, рэальна колькасьць атрыманай вугляроднай сыравіны ад расейцаў у бягучым месяцы не перавысіць 400 тысяч тонаў. Прагназуецца, што і ў чэрвені аб’ём перапрацоўкі давальніцкай нафты будзе меншым за раней вызначаны прыкладна на 200 тысячаў тонаў.

Чаму расейскія кампаніі і фірмы зьнізілі цікавасьць да перапрацоўкі нафты на беларускіх спэцыялізаваных прадпрыемствах? Распавядае намесьнік генэральнага дырэктара ў справах эканомікі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Яўген Арцюшэнка.

(Арцюшэнка: ) “Праблема ў тым, што кан’юнктура цэнаў на замежных рынках даволі спрыяльная сёньня для таго, каб расейскім давальцам весьці экспарт нафтапрадуктаў у абход Беларусі”.

Некаторыя спэцыялісты, зьвязаныя з нафтавай галіной, лічаць, што расейскія кампаніі да гэтага часу актыўна карысталіся паслугамі беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў з прычыны ўвядзеньня міжнароднай арганізацыяй АПЕК абмежаваньняў на здабычу і экспарт сырой нафты.

Зараз Расея, вытрымаўшы ўзгоднены тэрмін абмежаваньняў, стала павялічваць экспарт нафты ў краіны далёкага замежжа. Менавіта з гэтым і зьвязанае паслабленьне цікавасьці да перапрацоўкі нафты ў Беларусі.

Зьмяншэньне аб’ёмаў перапрацоўкі нафты ў Мазыры сур’ёзна псуе вытворчыя паказчыкі рэгіёну. Гомельскія ўлады ў гэтай сувязі схільныя забараніць вытворчаму аб’яднаньню “Беларуснафта” адпраўляць на экспарт 150 тысячаў тонаў нафты, здабытай у нетрах Палесься. Аднак віцэ-прэм’ер ураду Сяргей Сідорскі, быўшы ў абласным цэнтры, абавязаў кіраўнікоў канцэрну “Белнафтахім” падключаць “малышоў” – гэта значыць, розныя малыя фірмы – і тэрмінова шукаць у Расеі нафту з мэтай загрузкі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Простая забарона аб’яднаньню “Беларуснафта” адпраўляць здабытую чорную сыравіну на экспарт, каб аддаць у Мазыр, можа хіба толькі палепшыць папяровыя вытворчыя паказчыкі, але рэальных даходаў у бюджэт не прыбавіць.
XS
SM
MD
LG