Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШАРКОЎШЧЫНА


Зьміцер Бартосік, Шаркоўшчына

Пра мястэчка Шаркоўшчыну я ведаў толькі адну гісторыю. Але затое якую! Напачатку 1990-х гадоў рэдакцыя "Нашай Нівы" вандравала на байдарках па Дзісьне. Перад Шаркоўшчынай у вандроўнікаў скончылася вада, таму мястэчка падалося сапраўдным аазісам цывілізацыі. Высадзіўшыся на бераг, нашаніўцы кінуліся ў бліжэйшую краму з пытаньнем: "Піва ёсьць?" "Ёсьць", – адказала прадавачка. "Якое?" – пацікавіліся нашаніўцы. Адказ быў вычарпальны. "Звычайнае. Цёплае. Кіслае".

Так што, з чым – з чым, а з гумарам у Шаркоўшчыне праблемаў няма. У гэтым я пераканаўся сам, зайшоўшы па прыезьдзе ў тутэйшую рэстарацыю з мэтай папіць ранішняй кавы. Зусім не зьдзівіўшыся таму факту, што кавы не было ні цёплай, ні кіслай, я ўключыў дыктафон, ды зьвярнуўся да бармэнкі з пытаньнем вандроўніка.

(Бартосік: ) “А што можна паглядзець у вашым горадзе?”

(Бармэнка: ) “Адзінае, што можна паглядзець – рынак і "Бістро" новае, нядаўна пабудаванае. Там кава ёсьць. Вось і ўсё".

Падзякаваўшы бармэнцы за гэткі патрыятычны адказ, я выйшаў на тыповую плошчу тыповага беларускага райцэнтру. Палац культуры, рэстарацыя, прадуктовая крама, нядзейны кінатэатар ды раённы аддзел міліцыі. Пра тое, што мястэчку дзьве сотні гадоў, нагадвала хіба што царква. Пасярэдзіне плошчы – сквэр са сьлядамі нядаўняй рэканструкцыі. Пасьпілоўвалі ледзь ня ўсе дрэвы, пабудавалі фантан ды, дзе толькі магчыма, паклалі шэрую тратуарную плітку. Каб было, як у сталіцы.

Аднак, верце – ня верце, першае, што я пачуў на плошчы – чыстая беларуская мова. Размаўлялі два сарагадовых мужчыны. Адзін, як толькі я дастаў мікрафон, пасьпяшаўся на працу. Другі ж, які прадставіўся Віктарам, аказаўся больш адкрытым.

(Мастак Віктар: ) "Тут я выкладаю ў школе мастацтваў. Малюнак, жывапіс, кампазыцыю. Дзяцей таленавітых шмат. І трэба сказаць, што вучацца нядрэнна. Ну й аддача ёсьць ад навучаньня ў нашай мастацкай школе, тое, што дзеці паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, у вучэльні, у тэхнікумы. У нас ужо школа працуе 8 гадоў, і за гэты час ужо нашы выпускнікі фактычна асвоілі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. У тым ліку Акадэмію мастацтваў, Унівэрсытэт культуры, Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт... Адным словам, усё, дзе можна вучыцца па мастацкім профілі, усё гэта ўжо намі асвоена. Дзеці таленавітыя ёсьць. І вучыцца яны хочуць".

Пажадаўшы посьпехаў мастаку й ягоным выхаванцам, я вырашыў пашпацыраваць па райцэнтры. Шаркаўшчына – досыць чыстае мястэчка. Пераважна адна-двухпавярховае. Сярод пабудоваў часоў незалежнасьці вылучаюцца касьцёл ды банк. Але найбольш маю ўвагу прыцягнуў адзін вельмі незвычайны культавы будынак. Адначасова і аскетычны, і зграбны. Сярод цагляных суседніх дамоў, гэты, сабраны зь лёгкіх матэрыялаў, выглядае замежнай цацкай. Як высьветлілася, гэта перанесены са Швэцыі пратэстанцкі храм. Належыць ён царкве "Слова жыцьця". Пастар гэтай царквы Пётар Мажэйка гутарыў са мною каля гадзіны, даводзячы, што ягоная царква – самая жывая ў Шаркоўшчыне. 11 верасьня мінулага году, адразу ж пасьля трагедыі ў ЗША, спадар Пётар праехаўся праз горад на ровары з амэрыканскім сьцягам і жалобнай стужкаю.

(Пётар: ) "Менавіта абыякавасьць на тварах людзей, яна ўсхвалявала мяне. Я ўбачыў, што наш мэнталітэт, гэта людзі жывуць і думаюць, што жывуць, як на высьпе. Што мы, Беларусь такая маленькая. І мы тут адляжымся. Як недзе ў акопчыку, як недзе ў бліндажы. Я веру, што мы жывем у гістарычны час, калі падзеі ў любым пункце сьвету будуць датычныя й маёй зямлі. Маёй радзімы. І мой праезд з амэрыканскім сьцягам і жалобнай стужкай меў дзьве мэты. Адна, канечне, выразіць спачуваньне палеглым людзям. І другое, зьвярнуць увагу маіх землякоў на тое. што мы не адзіночкі, мы ня выспа. Мы – частка мацерыка".

Увагу на пастара сапраўды зьвярнулі. Асабліва міліцыянты. На якіх што бел-чырвона-белы, што амэрыканскі сьцяг дзейнічаюць аднолькава. А яшчэ пастар Пётар піша вершы:

"На бязбожнай Віцебскай зямлі
Мне Бог даў новы, лепшы лёс
Рукой магутнай усё зьмяніў
Мой Спас, імя яму Хрыстос".

Будынак раённай адміністрацыі мясцовы люд заве Белым домам. Што не адпавядае праўдзе. Гэта пяціпавярховае збудаваньне, абкладзенае бэжавым "кабанчыкам", які шмат дзе паабвальваўся. Па-над райкамам матляецца дзяржаўны сьцяг, нават не па цэнтры, а недзе збоку. Сярод антэнаў. Калі я даведаўся, што ў Белым Доме сёньня прымае грамадзян спадарыня Ткачук, дэпутатка палаты прадстаўнікоў, дык вельмі ўзрадваўся. Але дарэмна. Хапіла толькі адной згадкі Радыё Свабода, каб дэпутатка адмовілася весьці размову. Зрэшты, спадарыню Ткачук зразумець можна. Ну чым можна пахваліцца?

Цагляным заводам, які амаль не працуе, бо няма сродкаў вазіць пясок з далёкіх кар'ераў? Ці мясцовым даўгабудам, раённай больніцай, дзе далей за фундамэнт справа не пайшла? Ці тым, што ў мястэчку не засталося беларускіх школаў? Напэўна, толькі заводам кансэрваў. Чыё кіраўніцтва, каб не збанкрутаваць, пачало выпускаць сваё віно. Пакаштаваць не рызыкнуў, але назва спадабалася. Называецца "Вясёлка". Вельмі, кажуць, раскручаны брэнд сярод тутэйшых алькаголікаў.

Пэнсіянэр Уладзіслаў Ляскоўскі ўзначальвае мясцовую філію БНФ. У ягонай арганізацыі 21 чалавек. У асноўным людзі сталага веку. Бо актыўная моладзь зьяжджае адсюль на вучобу. Хто ў Менск, хто ў Віцебск. На стан палітычных спраў спадар Ляскоўскі глядзіць цьвяроза.

(Ляскоўскі: ) “Большасьць пэнсіянэраў за Лукашэнку. Падтрымліваюць яго. Пэнсіі не даюць. Затрымка на 10 дзён у нас выйшла. Прыедзе Лукашэнка – навядзе ў нас парадак. Ну а больш маладыя пасьмейваюцца з гэтага. Ведаюць, што Лукашэнка сапраўды можа шуму зрабіць. Але ж нічога ня выйдзе. Бо грошай няма. Гаспадарка заваленая. Калгасы й саўгасы дайшлі да ручкі. Тэхнікі няма”.

(Бартосік: ) “А што Вы можаце сказаць пра тутэйшую беларушчыну? Ці ёсьць актыўныя пасьлядоўныя беларускія нацыяналісты сярод моладзі?”

(Ляскоўскі: ) “Прыхільнікі беларушчыны, іх даволі многа, але яны такія неактыўныя. Пасіўна ставяцца да гэтага ўсяго. Непалітызаваныя. Чакаюць, што лепшае будзе. Але займаюцца сваёй справай і нічога ня робяць, каб беларушчыну мацаваць".

А з Палаца культуры даносілася музыка. Тут пачалася рэпэтыцыя самадзейнага цырку. У фае я ўбачыў вельмі прыгожую маладую пару. Зь вельмі сьветлымі й радаснымі тварамі.

(Бартосік: ) “Вы можаце прадставіцца?

(Брэсцкая: ) “Брэсцкая Сьвятлана”.

(Слунчык: ) “Слунчык Сяргей”.

(Бартосік: ) “Вы вучыцеся яшчэ, наколькі я разумею?”

(Брэсцкая: ) “Я й вучуся й раблю, завочна вучуся”.

(Бартосік: ) “А дзе?”

(Брэсцкая: ) “Віцебскае вучылішча мастацтваў”.

(Бартосік: ) “А вы?”

(Слунчык: ) “А я працую на рынку, і займаюся ў раённым Доме культуры, у цыркавым калектыве "Мара".

(Бартосік: ) “І што робіце? Вы акрабат?”

(Слунчык: ) “У тым ліку. Вельмі добра тут, у цыркавым. Многа хто ходзіць. Моладзь займаецца, усім падабаецца”.

(Брэсцкая: ) “Я працую ў Доме рамёстваў. Займаюся саломапляценьнем. Вяду кружок у дзяцей”.

(Бартосік: ) “Ня думаеце нікуды зьбягаць з гэтай краіны, з гэтага гораду? Ці былі такія думкі?”

(Брэсцкая: ) “Канечне, раней неяк былі такія думкі. А цяпер я зразумела, што бяз гэтай радзімы я не пражыву ні дня. Вось так”.

(Бартосік: ) “Гэта што... адбыўся нейкі... была нейкая падзея?”

(Брэсцкая: ) “Я крыху паўзрасьлела. Вось".

Будучы ў Шаркоўшчыне, я ня мог не завітаць у недалёкую вёску Малыя Алашкі. Вёска знакамітая таленавітым родам Сікораў. Іван Паўлавіч Сікора, пэдагог, бібліяфіл і селекцыянэр пакінуў пасьля сябе гатунак яблыкаў "Памяць Сікоры". Як сьцьвярджаюць алашкаўцы, з аднае сікораўскае яблыні будзе такі ўраджай, што хопіць на цэлы год. Зараз жыве ягоны сын, Віктар Сікора. Колішні СБМавец, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі, камандзір антыбальшавіцкага партызанскага атраду.

(Сікора: ) "Я во так скажу. Я так злы на Шушкевіча, на Пазьняка. Што яны не змаглі, не сумелі ўтрымаць уладу. На што ім было гэтае рускамоўнае насельніцтва. Во як цыган робіць хітра. Во ён цяпер захваціў й цісьне ўсіх, як гнідаў. А чаму яны?.. Шушкевіч. Я калі напісаў заяву с просьбай мяне рэабілітаваць, Шушкевіч адмовіў. Як я магу глядзець на яго? Чаму ён такіх, як я не рэабілітаваў? Колькі нас выжыла, людзей. І вось ён цяпер і так, і на цыгана на гэтага. А цыган мне пэнсію дае. А тыя беларусы, ніхто пачкі цыгарэт не прыслаў, як я здыхаў з голаду, як я насіў нумар з 1949 году да 1963. Тут нумар, тут нумар і на сьпіне нумар. У Тайшэцкім Азёрлагу. Гэта асобы закрыты рэжымны лягер. І беларусы мне ніхто на сустрэчу не пайшлі. Вось у чым крыўда. У душы, па-чалавечы кажучы, я супраць Лукашэнкі, а Лукашэнка мне пэнсію дае. Дзе лёгіка атрымліваецца? Ну ня праўда?"

Што тут адказаць старому? Нават гады, праведзеныя ў лягеры, ідуць яму ў працоўны стаж.

Сікораўскіх, сапраўды вельмі смачных, яблыкаў я пакаштаваў у хаце селекцыянэра, якою апякуецца ягоная ўнучатая пляменьніца, былая настаўніца Галіна Іванаўна Сікора.

(Галіна Сікора: ) "Гэтая хата нашага земляка Івана Паўлавіча Сікоры. І дзякуючы Адзе Эльеўне Райчонак з хаткі, якая была ў заняпадзе, ніякага выгляду ня мела, зараз навялі такі больш-менш парадак. Закупілі мэблю, якая калісьці была ў пакоях Івана Паўлавіча Сікоры. Усё прыбралі, абклеілі сьцены. Сабралі невялікую літаратуру. Зараз, знаходзячыся ў гэтай хаце, дзе калісьці жыў, працаваў, выводзіў свае гатункі Іван Паўлавіч Сікора, становіцца трохі крыўдна, што ўсё ж такі не аднаўляецца ўсё тое, што хацелася б. Хацелася, каб кожнае дрэўца, якое пасьля яго сьмерці захавалася, расло так, як трэба. Каб тут не было сьмецьця. Каб тут кожны куток... была сапраўдная памяць пра Сікору".

Хата Івана Сікоры ў марах ягонай унучатай пляменьніцы павінна з гадамі стаць своеасаблівым культурным цэнтрам вёскі. Дзе можна ўзяць кнігу, сабрацца на вячоркі ці прыняць гасьцей. Сама Галіна Сікора піша вельмі прыгожыя песьні. Адною зь іх я й хацеў бы скончыць сваё падарожжа ў Шаркаўшчыну.

Песьня. (Мэлёдыя й выкананьне – клас!):

“Сяло на ўзгорку колькі год стаіць.
Сады вясновай квеценьню буяюць.
Шумяць-шумяць, гамоняць кроны дрэў
Паміж сабой аб нечым размаўляюць.

Здаецца, постаць паміж дрэў мільгне.
Ледзь чутны голас да сябе гукае.
А сад у белай дымчатай фаце
Усё кагосьці на зары чакае...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG