Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЮСТ КОМТ: “ДЭМАГРАФІЯ – ГЭТА ЛЁС”. ПРАБЛЕМЫ ІМІГРАЦЫІ Ў 21-М СТАГОДЗЬДЗІ


Аялксандар Лукашук, Прага

Таксама ў пошце ўсё больш лістоў ад беларусаў, якія слухаюць Свабоду за мяжой, куды яны выехалі ня толькі з эканамічных прычынаў, але і ў выніку палітычнага перасьледу на радзіме.

Тым часам краіны Эўрапейскага зьвязу пачынаюць усур'ёз, на ўзроўні кіраўнікоў урадаў займацца праблемамі іміграцыі. Днямі ў Францыі ўлады пачалі масавую акцыю супраць нелегальных імігрантаў, а Вялікабрытанія і Гішпанія заклікалі ўвесьці адзіныя правілы для ўсяго Эўразьвязу. Якая прычына зьменаў эўрапейскай палітыткі што да іміграцыі?

Прычынаў дзьве – палітычная і дэмаграфічная. Посьпехі правых партыяў ў Францыі, Галяндыі, Бэльгіі засьведчылі, што калі праблемай міграцыі ня будуць займацца вядучыя партыі і ўрады, гэтую праблему прысабечаць крайне правыя. Уплыў правых узрастае па ўсёй Эўропе, ад Скандынавіі да Гішпаніі.

Брытанскага прэм'ера Тоні Блэра непакояць вонкавыя межы Эўразьвязу – на гэтым тыдні ён сустракаўся з гішпанскім прэм'ерам і дамовіўся , што празь месяц на саміце ЭЗ нелегальная міграцыя будзе стаяць ці ня першым пытаньнем на парадку дня.

Блэр будзе настойваць на тым, каб ЭЗ вылучыў дадатковыя грошы на абарону межаў Італіі, Грэцыі і Гішпаніі, куды нелегалы прыбываюць морам. Нямеччына і Аўстрыя ўзмацнілі памежны кантроль на межах з Польшчай, Чэхіяй і Славаччынай ды Вугоршчынай. Гэтыя 4 краіны, якія спадзяюцца на хуткае далучэньне да ЭЗ, зрабілі тое самае.

Аднак наўрад ці ўсе 15 краінаў падтрымаюць ідэю вылучэньня фондаў на ахову паўднёвых межаў. Францыія і Нямеччына падазрона ставяцца да ідэі агульнаэўрапейскай палітыкі – бо лічаць, што гэта падрывае сувэрэнітэт.

Блэр заявіў, што не выступае за стварэньне “крэпасьці Эўропы”, але павінен быць нейкі парадак і ўпарадкаваныя правілы, паводле якіх людзі трапляюць у Эўропу. Зараз імігранты, у тым ліку ўцекачы, фактычна у стане выбіраць – дзе больш сацыяльных ільготаў. Яны могуць зьвяртацца адразу ў некалькі ўрадаў з просьбай аб прытулку. І наадварот – паліцыя у адных краінах можа даставіць імігрантам нашмат больш непрыемнасьцяў, чым у іншых.

Вядома, аднак, што праблема ня толькі у супрацьпастаўленьні “свае-чужынцы”. Насельніцтва Эўропы старэе. Нізкая нараджальнасьць, большая працягласьць жыцьця ставяць пытаньне : хто будзе працаваць, каб забясьпечваць абслугоўваньне эўрапейскіх пэнсіянэраў?

Галоўны дэмограф ААН Джозэф Чэймі называе замяняльную міграцыю – г.зн., калі імігранты замяняюць мясцовых працаўнікоў – адным з найважнейшых пытаньняў, паводле якога будуць разгарацца спрэчкі ў 21-м стагодзьдзі.

Ужо цяпер імігранты з Афрыкі, Блізкага Усходу, былых сацкраінаў, Беларусі, Украіны працуюць на бэнзазапраўках, будоўлях, у дамах для старых, у кавярнях, крамах, у камунальных службах.

Без прытоку новых рабочых пэнсійны ўзрост можа быць адкладзены да 75 гадоў і нават пазьней. Гэта – эканоміка. Але эканомікай справа не вычэрпваецца.

Некаторыя бачаць небясьпеку у культурным генацыдзе – калі прыток чужынцаў размые ідэі, рэлігіі і нават нацыянальную аўтэнтычнасьць эўрапейскіх краінаў. На гэтым зарабляюць галасы правыя партыі і палітыкі кшталту Лё Пэна.

Новы закон, які дазволіць прыём мігрантаў-спэцыялісьтаў, ужо ёсьць прадметам гарачай палітычнай спрэчкі ў Нямеччыне, дзе набліжаюцца выбары. У Амэрыцы, краіне імігрантаў, гэтая тэма набыла актуальнасьць з прычыны тэрактаў 11 верасьня. Бо насельніцтва ЗША расьце. Тут, праўда, такая акалічнасьць – расьце за кошт высокай нараджальнасьці у сем'ях былых імігрантаў. Сярод сталага насельніцтва нараджальнасьць ніжэй індэкса 2 – трэба крыху вышэй для аднаўленьня.

Каб захаваць стабільнасьць насельніцтва, ЗША павінны прымаць каля 760 тысяч чалавек штогод на працягу 50 гадоў. Тое самае ў Вялікбрытаніі і Францыі.

Агюст Комт, вядомы французскі матэматык 19-га стагодзьдзя, сказаў: “Дэмаграфія – гэта лёс”. І гэтая старая цытата сёньня прыходзіць на памяць многім эўрапейскім палітыкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG