Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА ВАЙСКОВЫЯ ПРАКУРОРЫ ЗЬМЯНІЛІ ГРАМАДЗЯНСТВА , КАБ ЗЬЕХАЦЬ З БЕЛАРУСІ, ЯКУЮ ЯНЫ ЛІЧАЦЬ "БЕСПЭРСПЭКТЫЎНАЙ КРАІНАЙ"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

І Казак, і Пелюхевіч не хаваюць, што зьмянілі грамадзянства наўмысна, каб зьехаць зь Беларусі, бо іх не задавальняе становішча ў краіне. Маёр Казак заявіў радыё "Свабода", што адсутнасьць пэрспэктывы асабіста для сябе і для ўсёй краіны ён тлумачыць тым, што пры ўладзе ў Беларусі – Аляксандр Лукашэнка.

(Казак: ) "Я ніколі не паверыў бы, што мне давядзецца зьяжджаць зь Беларусі. Нарадзіўся я ў Сьветлагорску Гомельскай вобласьці і ўсё жыцьцё тут пражыў, але цяпер мяне больш не задавальняе тое, што адбываецца ў Беларусі. Абставіны жыцьця, эканамічная палітыка, свабода слова і іншае. Я ня бачу ніякіх пэрспэктываў ня толькі для сябе, але і для ўсей краіны. Паколькі я быў блізкі да ўладных колаў, то валодаю пэўнымі зьвесткамі. Дык вось, паводле гэтых зьвестак, усе гэтыя “мэрсэдэсы”, купленыя для начальнікаў, і іншае – усё робіцца для таго, каб падоўжыць тэрмін знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе. Але я трэцяга тэрміну ягонага прэзыдэнцтва ня вытрымаю, зь мяне досыць, дзякуй. Я зьяжджаю, бо не ў стане змагацца з прэзыдэнтам, у мяне няма столькі сілаў".

Варта заўважыць, што былы старшы памочнік пракурора Аляксандар Казак не адразу адмовіўся ад барацьбы за панаваньне закону. Летась ён выступіў супраць злоўжываньняў, якія, паводле яго, дапускаў былы начальнік віцебскай вайсковай пракуратуры. Аднак лісты Казака ў вышэйшыя інстанцыі, у тым ліку ў генэральную пракуратуру і адміністрацыю прэзыдэнта, вынікаў не далі. А падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі мінулага году маёр пераканаўся, што злоўжываньні часам правакуюцца зверху.

(Казак: ) "Напярэдадні абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі да нас прыходзілі паперы, ад якіх у мяне валасы на галаве варушыліся. Прыкладам, прадпісвалася езьдзіць па вайсковых частках і агітаваць за прэзыдэнта. Але гэта ня справа пракуратуры, бо так мы самі парушаем закон. Я адразу намесьніка пракурора папярэдзіў, што гэтага рабіць ня буду, але іншыя рабілі, былі такія факты".

Разам з маёрам юстыцыі Аляксандрам Казаком у Расею зьбіраецца і ягоны калега маёр Ігар Пелюхевіч. Той не задаволены заробкам – усяго 150 даляраў у месяц – ды адсутнасьцю пэрспэктывы мець уласнае жытло, бо за такія грошы цяжка пракарміць сям’ю, ня тое што пабудаваць кватэру. Ня можа Ігар Пелюхевіч пагадзіцца і з тым, як у беларускім войску і ўвогуле ў Беларусі ставяцца да закону. Паводле яго, вышэйшым камандзірам і начальнікам дазволенае ўсё, іхныя злоўжываньні застаюцца непакаранымі, а тых, хто абураецца, чакае расправа. Ігар Пелюхевіч і Аляксандар Казак зьведалі гэта асабіста. Калі кіраўніцтва даведалася, што яны зьмянілі грамадзянства і зьбіраюцца зьехаць у Расею, іх звольнілі з войска паводле зьняважлівага артыкулу, зь якім працаўладкавацца ў Расеі было б немагчыма. Яны падалі ў суд, але першы суд іхныя скаргі не задаволіў, і толькі нядаўна суд вышэйшай інстанцыі стаў на іх бок.

Пасьля ўсяго гэтага Ігар Пелюхевіч успрымае рашэньне суду не як перамогу закону, а як выключэньне з агульнага правіла. Свой выбар не на карысьць Беларусі майор тлумачыць тым, што становішча ў краіне пагаршаецца.

(Пелюхевіч: ) “Пэрспэктываў пакуль, на сёньня, я ня бачу. Становішча толькі пагаршаецца”.
XS
SM
MD
LG