Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ КАМЭНТУЮЦЬ НАМЕР ГАРВЫКАНКАМУ СПЫНІЦЬ РАЗЬВІЦЬЦЁ “МАКДОНАЛЬДЗУ” Ў МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

(Карэспандэнт: ) “Ці часта вы ходзіце ў "Макдоналдз?”

(Тацяна: ) “У сярэднім два разы ў месяц. З дачкою. Дачка вельмі любіць там есьці чызбургеры, гамбургеры. А зараз яшчэ і курыца зьявілася. А па-другое, горка. Дачка любіць катацца, зь іншымі дзецьмі гуляць, размаўляць”.

(Руслан: ) “Мы – прыежджыя. Па прыезьдзе заўжды тут бываю. Таму што там, дзе мы жывём – у Берасьці, там такіх установаў няма. І там няма дзе адпачыць з дзецьмі – усё там пазачынялі, усё павыкуплялі. Толькі ў Менску можна адпачыць".

(Іна: ) "Чаму ходзім? У дзяцей склаўся стэрэатып, што "Макдоналдз" – гэта весела. Я думаю, што тут вельмі добра наладжаная, так бы мовіць, індустрыя "выкачваньня грошай з бацькоў". Тым ня менш, нягледзячы на тое, што гэта ўсё ж нейкіх грошай каштуе, але дзецям гэта цікава. Тут сьвяты ладзяць, тут клоўны. Сваёй дачцы я трэці год адзначаю дзень народзінаў у "Макдоналдзе".

(Карэспандэнт: ) “Што ты можаш сказаць пра "Макдоналдз"?

(Лёша: ) “Усё падабаецца ў "Макдоналдзе". Ежа. Цацкі. Марозіва смачнае. Вафельныя ражкі".

(Юля: ) “Я люблю "Макдоналдз" толькі з-за малочных кактэляў. Толькі малочныя кактэйлі і бульба. Усё астатняе тлустае і нясмачнае".

(Карэспандэнт: ) “Вам падабаецца "Макдоналдз?”

(Люда: ) “Не. А дзіцяці падабаецца. Дзецям у асноўным падабаецца. А вось дарослым, здаецца, наўрад ці падабаецца. Цацкі бесталковыя. Ежа ўся сухая. Ніякай карысці ад яе. А вось дзецям падабаецца тут. Я лічу, што цацкамі іх і прыцягваюць сюды”.

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што тут ежа няякасная?"

(Людміла: ) “Яна прыгатаваная смачна і выглядае добра, але яна некарысная. Уся прасмажаная. Я не люблю такой ежы. Толькі марозіва сюды можна зайсьці паесьці. І цэны тут высокія. Ежа столькі не каштуе".

(Алена: ) “Мне вельмі падабаецца гэтая ўстанова, тут можна паласавацца. Даволі прымальныя і цэны, як я лічу".

(Карэспандэнт: ) “Ці часта вы наведваеце "Макдоналдз?"

(Пётар: ) “Ня часта. "Макдоналдз" я яшчэ з Амэрыкі не люблю. Гэта калі ўжо няма куды падзецца, тут можна хутка перакусіць. А так ежа тут – атрута”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму атрута?"

(Пётр: ) “Нейкае ўсё несапраўднае".

(Карэспандэнт: ) “Вы чулі пра намер Менскага гарвыканкаму спыніць у Менску разьвіццё сеткі рэстаранаў "Макдоналдз?"

(Іна: ) "Не".

(Карэспандэнт: ) "А як вы ставіцеся да гэтага?"

(Іна: ) “Кепска.Таму што гэта малы і сярэдні бізнэс, і ён павінен разьвівацца на Беларусі".

(Карэспандэнт: ) "Вы , відаць, чулі, што ў Менску зьбіраюцца абмежаваць разьвіццё сеткі рэстаранаў "Макдоналдз?”

(Пётар: ) “Я б падтрымаў гэтае рашэньне. Хай лепш будзе беларуская кухня".

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, гэта правільнае рашэньне?"

(Вольга: ) “Напэўна, так. Хопіць ужо труціць народ".

(Руслан: ) "Я лічу, што яны павінны быць і працаваць. Бо наведваньне іх высокае і ўсім гэта падабаецца".

(Карэспандэнт: ) “Ці верыце вы ў тое, што замест рэстаранаў "Макдоналдз" улады змогуць пабудаваць у Менску ўстановы грамадскага харачаваньня, якія б гатавалі ежу больш якасную, чымся "Макдоналдз", і прапанавалі б менчукам больш якасны адпачынак?"

(Вадзім: ) “Калі гэта будзе нешта традыцыйнае і будзе гэткае ж шоў як і ў "Макдоналдзе", інкш кажучы, будзе прапаганда культуры, то я толькі "за".

(Іна: ) “Гэта было б вельмі добра, каб гэта так было. Калі б нашыя беларускія традыцыі адрадзілі. Але я ня веру ў нашу ўладу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG