Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПУСЬЦІЦЕ МЯНЕ Ў НЯМЕЧЧЫНУ: ХАЧУ ЖЫЦЬ ЯК ЧАЛАВЕК…”


Валянцін Жданко, Менск

За апошнія дзесяць гадоў, пасьля таго, як зьнікла “жалезная заслона”, вельмі многія грамадзяне Беларусі пабывалі за мяжой, у тым ліку на Захадзе, змаглі на ўласныя вочы пабачыць, як жывуць людзі там, дзе ніколі не было калгасаў і камуністычнай улады, дзе ня чыняцца перашкоды прыватнай ініцыятыве і асабістай уласнасьці. Але высновы, якія робяць беларусы на падставе суседскага досьведу, не заўсёды такія лягічныя і відавочныя, як можа здацца. Вось які ліст даслала нам з Магілеву Вольга Шэмет:

“Ведаю, што на Захадзе людзі жывуць, як пры камунізьме: зарабляюць штомесяц па некалькі тысячаў даляраў, маюць шыкоўныя дамы, машыны, езьдзяць па ўсім сьвеце. Вы кажаце, што Захад хоча, каб мы жылі гэтак жа.

Я працую на заводзе, зарабляю 150-160 тысячаў рублёў у месяц. На гэтыя грошы я не тое што на машыну – на ровар не магу назьбіраць ужо два гады. Надакучыла мне такое жыцьцё. Чаму я не магу жыць як чалавек? Паехала ў амбасаду Нямеччыны. Але там сказалі, што ў такіх, як я, Нямеччына патрэбы не мае. Ні працы, ні нават нямецкай візы мне даць ня могуць.

Дзе ж справядлівасьць? Адны купаюцца ў раскошы, а другія гаруюць і перабіваюцца з хлеба на квас. Дзе ж ваша хвалёная дэмакратыя? Чаму мы ня маем права жыць гэтак сама, як немцы?”.

Пяцьдзесят пяць гадоў таму, спадарыня Шэмет, Нямеччына гэтак жа, як і тагачасная Беларусь, ляжала ў руінах. Людзі там таксама недаядалі і многага ня мелі. Той дабрабыт, які маюць немцы сёньня, створаны іх уласнай працай. Яны знайшлі ў сабе сілы назаўсёды адмовіцца ад спадчыны нацыянал-сацыялізму і пабудаваць сучасную дэмакратычную дзяржаву. І яны маюць права абараняць гэты свой дабрабыт – свой рынак працы, сваю ўладкаванасьць, свой парадак. Так, Захад хацеў бы, каб беларусы жылі гэтак жа, як іншыя эўрапейцы – заўсёды лепш мець суседа заможнага і памяркоўнага, чым беднага і агрэсіўнага. Але гэта ня значыць, спадарыня Шэмет, што немцы ці іншыя эўрапейцы, павінны ўзяць на ўтрыманьне вас і яшчэ дзевяць з паловай мільёнаў беларусаў – гэта немагчыма, ды яны і ніколі не абяцалі гэтага і нічога не павінны Беларусі.

Але адначасова Захад гатовы дапамагаць у тым выпадку, калі беларусы (і найперш беларуская ўлада) будуць імкнуцца пабудаваць у сябе сапраўды дэмакратычную дзяржаву і рынкавую эканоміку на тых жа прынцыпах, што і Эўропа. І гэта справядліва, спадарыня Шэмет. У любой краіне людзі жывуць так, як працуюць і за якую ўладу галасуюць на выбарах.

Наш сталы слухач і аўтар зь Менску Віктар Скараход – чалавек іншага пакаленьня і па-свойму ўспрымае сёньняшнія беларускія рэаліі. Цытую ягоны ліст:

“Я – былы кулямётчык другога атраду партызанскай брыгады “Жалязьняк”. Часта згадваю падзеі свайго партызанскага мінулага, як сьветлыя старонкі ў жыцьці, хоць там былі незьлічоныя ахвяры і мора ўсенароднай бяды. Невыносным цяжарам былі для псыхікі партызанаў блякадныя месяцы 1943 і 1944 гадоў. Але і ў іх мы бачылі прасьветы. Так, у блякаду 1943 году наш узвод вывеў з аблогі ворага ў бярэзінскіх балотах наш узводны Дзьмітры Шапавалаў. Вывеў на прастору, дзе ўзвод зноў распачаў баявыя дзеяньні. У блякаду 1944 такім сьветлым спадзяваньнем на ўратаваньне ў тых жа балотах была надзея на прыход нашай арміі, сустрэча зь якой і адбылася на берагах ракі Бярозы...

Жывучы восем апошніх гадоў у сучаснай Беларусі, у маральным пляне я адчуваю сябе так жа, як у тыя далёкія блакадныя дні 1943 і 1944 гадоў. Толькі зараз надзеі на блізкае збавеньне ад гэтага гнёту няма, і ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця і на ўсіх узроўнях у пякарні-булачныя прыйшлі шаўцы і ўсе восем гадоў частуюць нас няякаснымі апоркамі. А каб мы іх прымалі за батоны, дабаўляюць хлусьні і дэмагогіі. І ўсё новыя ўказы, законы, рэфэрэндумы: “Народную газету” ў Вярхоўнага Савета адабраць; парлямэнт распусьціць; Канстытуцыю перапісаць; Дом літаратара ў пісьменьнікаў адабраць; галоўным начальнікам над усімі часопісамі прызначыць палітрука-цэнзара... А тут яшчэ і выдатныя палітыкі пачалі зьнікаць. А на пытаньне “Дзе яны?” так званая “сільная власть” гадамі адказу не дае...

Блакадны гнёт! І прасьвету няма!”

Вельмі цікавыя асацыяцыі, спадар Віктар. Сёньня ня толькі ў вас – у вельмі многіх іншых людзей адчуваньне безвыходнасьці, тупіковасьці (мяркую так і па лістах слухачоў, і па асабістых сустрэчах і размовах). Але вы лепш за іншых ведаеце, што “блякадны гнёт” рана ці позна канчаецца, якім бы непарушным і доўгатэрміновым ён ні выглядаў. Вельмі многае тут залежыць ад грамадзкіх настрояў. Дзякуючы ім Аляксандар Лукашэнка атрымаў уладу восем гадоў таму, насуперак супраціву тагачаснай намэнклятуры. Але ад іх жа ён і залежны, нягледзячы на тое, што засяродзіў у сваіх руках усю ўладу і ня лічыць патрэбным лічыцца ні з апазыцыяй, ні з прэсай, ні зь іншымі грамадзкімі інстытутамі. А грамадзкія настроі, між тым, мяняюцца.

У гэтым сэнсе паказальны ліст даслала нам настаўніца зь Віцебску, якая падпісалася як Ніна Насовіч:

“Беларусы сядзяць, як мышы пад венікам. Хоць амаль усе разумеюць, што цярпець больш немагчыма, што на жабрацкую зарплату можна толькі не памерці з голаду – па-чалавечы жыць на яе немагчыма. Але ўсе маўчаць. Вось учора нам, настаўнікам, сказалі, што ў найбліжэйшы час зарплаты можам не чакаць, і “адпускных” за летнія месяцы – таксама. Здавалася б, тут страйк распачынаць трэба, на мітынг выходзіць, старшыню гарвыканкаму за грудзі браць... Не, маўчым.

Чаму? Я і сабе задаю гэтае пытаньне. Баімся непрыемнасьцяў, страты працы, тых няшчасных акладаў, за якія трымаемся, бо нічога лепшага ня можам сабе ўявіць. Бо і праўда, куды ўладкуешся са сваім нікому не патрэбным дыплёмам і досьведам настаўніка. Нейкае зачараванае кола, і выйсьця не бачна.

Падпісваюся псэўданімам, бо, на жаль, таксама залежная ад усіх гэтых абставінаў, якія душаць любое імкненьне да таго, каб пачуваць сябе годнай і незалежнай асобай”.

Наўрад ці варта, спадарыня Ніна, дакараць сёньняшніх беларускіх настаўнікаў за тое, што яны не выходзяць на мітынгі і не наладжваюць страйкі. Прычыны вы самі ведаеце і напісалі пра іх. Але ёсьць сытуацыі, калі кожны мае магчымасьць і павінен выявіць сваю грамадзянскую пазыцыю, калі жадае зьменаў у сваёй краіне. Маю на ўвазе выбары. І настаўнікі ў такія пэрыяды здольныя зрабіць больш, чым многія іншыя. Бо звычайна менавіта іх выкарыстоўваюць падчас выбарчых кампаніяў у камісіях. І ад іхнай прынцыповасьці у многім залежыць, ці будуць выбары сумленнымі і справядлівымі.

Ліст ад Івана Дылеўскага з Баранавічаў – на тэму беларуска-расейскіх адносінаў і ўвогуле сёньняшніх міжнародных кантактаў беларускай улады:

“Лукашэнка за восем гадоў выдатна ўсім даказаў, што не залежыць ад Амэрыкі і ўвогуле ад Захаду і здольны ігнараваць любыя іхныя меркаваньні. Але гэта зусім ня значыць, што Лукашэнкам зусім нельга кіраваць, і ён робіць што захоча. Лукашэнка ня можа праігнараваць загады толькі з аднаго пункту на плянэце – з маскоўскага Крамля. І гэтую акалічнасьць пакуль што да канца не выкарыстоўваюць ні Масква, ні Вашынгтон, ні эўрапейскія сталіцы.

Зусім відавочна, што Пуцін арыентаваны хутчэй на Захад, чым на Ўсход, і ў гісторыі ён імкнецца застацца гэткім сучасным Пятром Вялікім, які зноў, праз трыста гадоў, выцягвае Расею з азіяччыны ў цывілізаваны сьвет. Няўжо Захад ня можа выкарыстаць гэта і адной з умоваў прыманьня яго ў сваю кампанію паставіць навядзеньне парадку ў Беларусі?”

Праблема гэтая ня новая, спадар Іван. Заходнія палітыкі выдатна ведаюць пра ступень залежнасьці Аляксандра Лукашэнкі ад маскоўскага Крамля. І адпаведныя захады робяцца. Іншая рэч, што ў адносінах паміж Захадам і Расеяй існуе многа іншых важных праблемаў, і “беларускае пытаньне” ў шэрагу іх – ня самае першараднае. Дастаткова згадаць праблемы Паўночнага Каўказу, скарачэньня ядзерных узбраеньняў, пашырэньня НАТО...

Да таго ж, тое, што вы называеце “навядзеньнем парадку ў Беларусі” – у сапраўднасьці працэс працяглы і мае на мэце найперш правядзеньне дэмакратычных выбараў і стварэньне дэмакратычнай сыстэмы ўлады, а зусім не адхіленьне Аляксандра Лукашэнкі любой цаной ад улады.

На заканчэньне – ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

“Усе гады, што пры ўладзе Лукашэнка, колькасьць насельніцтва Беларусі скарачаецца. Нас ужо меньш як 10 мільёнаў, і кожны год гэтая лічба зьмяншаецца на 50-100 тысячаў чалавек. Чаму так адбываецца? Вось некалькі статыстычных зьвестак, якія сьведчаць пра сытуацыю ў Барысаве. На працягу апошняга паўгоду тут кожны тыдзень паміралі 30-35 чалавек ва ўзросьце 20-28 гадоў. Прычына сьмерці – алькаголь. Таксама кожны тыдзень паміралі 6-8 маладых барысаўцаў ад перадазіроўкі наркотыкаў.

Для параўнаньня прывяду лічбы з замежнага выданьня “National Geographic” наконт дынамікі зьменаў насельніцтва Афганістана, на зямлі якога ўжо 23 гады не сьціхае вайна. Дык вось, аказваецца, насельніцтва гэтай краіны з 1979 да 2002 году павялічылася з 15 да 26 мільёнаў чалавек. Хоць паказчык сярэдняй працягласьці жыцьця там выглядае драматычным – 46 гадоў, а дзіцячая сьмяротнасьць – 147 выпадкаў на 1000 немаўлят. Але, дзякуючы стопрацэнтнай рэлігійнасьці афганцаў, інстытут сям’і там вельмі надзейны і трывалы. Да таго ж, строгія законы шарыяту не дазваляюць ім разбэшчвацца... Таму аніякія войны, землятрусы, эпідэміі не зьнішчаюць афганскую нацыю.

А сям’я – гэта падмурак, апора ўсяго нацыянальнага. Будзе моцнай яна – непахіснай будзе і краіна – наша Бацькаўшчына. Таму менавіта пра ўмацаваньне сямьі трэба клапаціцца нам, беларусам, каб у выніку выпрабаваньняў лёсу ня зьнікнуць з геаграфічнай мапы сьвету”.

Ня думаю, спадар Алесь, што беларусам можа спатрэбіцца афганскі досьвед вырашэньня дэмаграфічнай праблемы. Увогуле, найбольш імклівымі тэмпамі павялічваецца насельніцтва якраз у самых эканамічна і культурна адсталых рэгіёнах сьвету – у Азіі і Афрыцы. У эўрапейскіх краінах і ў Злучаных Штатах нараджальнасьць нізкая, і ў шэрагу выпадкаў колькасьць жыхароў расьце толькі за кошт эмігрантаў.

У Беларусі, аднак, праблема ня столькі ў тым, што мала немаўлят, колькі ў нізкай працягласьці жыцьця. Прычыны вядомыя: якасная мэдычная дапамога становіцца ўсё больш недаступнай (як і якасныя прадукты харчаваньня), затое паўсюдна даступныя танная гарэлка і нізкаякасныя алькагольныя сурагаты. І віна за гэта ляжыць найперш на ўладзе.

На мінулым тыдні нам таксама даслаў ліст Генадзь Маркевіч з Асіповічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG