Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВОРАНЫ ГРАМАДЗКІ КАМІТЭТ ПА СЬВЯТКАВАНЬНІ 120-Х УГОДКАЎ АД НАРАДЖЭНЬНЯ ЯНКІ КУПАЛЫ


Галіна Абакунчык, Менск

У склад Грамадзкага камітэту ўвайшлі вядомыя ў краіне паэты, пісьменьнікі, мастакі й палітыкі. Такія, да прыкладу, як Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Вольга Іпатава, Вінцук Вячорка й многія іншыя. Гэтую ініцыятыву падтрымаў таксама Васіль Быкаў. Чаму камітэт называецца Грамадзкім і зь якой мэтай ён быў створаны, калі ўжо існуе афіцыйны Нацыянальны камітэт, ў інтэрвію нашаму радыё патлумачыў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

(Трусаў: ) "Стварэньне Грамадзкага камітэту – гэта неабходнасьць, зьвязаная з тым, што нягледзечы на абвешчанае стварэньне Нацыянальнага камітэту, застаўся месяц, а дзяржава ня выдзеліла на сьвяткаваньне яшчэ ні капейкі. Таму стварэньне Грамадзкага камітэту павінна паказаць беларусам, што ў любой сытуацыі яны павінны шанаваць сваіх геніяў і сваіх герояў. Гэты камітэт – не альтэрнатыва, таму я прапанаваў назваць яго не Нацыянальным, а Грамадзкім. Але грамадзтва незалежна ад дзяржавы павінна распрацаваць нейкі мінімум сьвяточных мерапрыемстваў”.

Тое, што ўлады сапраўды толькі на словах вядуць актыўную падрыхтоўку да сьвяткаваньня юбілейных угодкаў народнага паэта Беларусі, сёньня падцьвердзіла сябра афіцыйнага Нацыянальнага аргкамітэту, загадчыца музэю імя Янкі Купалы Жана Дапкюнас.

(Дапкюнас: ) "Ніякіх грошай непасрэдна на юбілей не паступіла. Я нават не магу распачаць работы. А камітэт – гэта ж хваласьпеў: усё цудоўна, усё нармальна. Усё гэта паўтараецца шмат разоў – вось і ўсё. Там адзіная толькі я абуралася й казала, што ня выдзелена ні капейкі, і за гэта я яшчэ й кепская. Мы напісалі можа 50 лістоў, ходзім па розных арганізацыях ды жабруем. І прэмію людзям я не выдзяляю – адно каб толькі захаваць хоць якія грошы”.

Сябры Грамадзкага аргкамітэту намераныя не супрацьпастаўляць сваю працу імпрэзам, якія арганізуюць улады. Але іх зьмест, натуральна ж, будзе істотна адрозьнівацца. Гаворыць мастак Аляксей Марачкін.

(Марачкін: ) "У Нацыянальнага дзяржаўнага камітэту ёсьць свая праграма, і я ўпэўнены, што яны ня будуць уздымаць пытаньні незалежнасьці, культуры, сёньняшняга становішча часопісаў і газэт. Асабліва ў якім стане знаходзіцца нашая беларуская школа, нашая мова. Таму натуральна, што наш Грамадзкі камітэт будзе гэтыя балявыя кропкі адзначаць. Будзем прасіць, каб яго ўзначаліў – і гэта вельмі важна – Рыгор Іванавіч Барадулін”.

На першым паседжаньні сябры Грамадзкага камітэту па сьвяткаваньні юбілейных угодкаў клясыка беларускай літаратуры вырашылі, што адной з найбуйнейшых імпрэзаў, якую яны намераныя арганізаваць у рамках сьвяткаваньня, будзе міжнародная канфэрэнцыя "Купала й Незалежнасьць”. Вырашана таксама падтрымаць традыцыю правядзеньня штотыднёвых паэтычных чытаньняў у Купалаўскім парку каля помніка паэту. Было прапанавана некалькі варыянтаў урачыстасьцяў непасрэдна 7 ліпеня – да прыкладу, адсьвяткаваць юбілей песьняра у Менску альбо ў Вязынцы. Дэталёва ўсе гэтыя прапановы будуць абмеркаваныя на наступным паседжаньні камітэту, якое адбудзецца ў чацьвер 30 траўня.
XS
SM
MD
LG