Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ “МАКДОНАЛЬДЗ” ПАПУЛЯРНЫ?


Алена Ціхановіч, Прага

Як мне здаецца, для ЗША “Макдональдз” – ня тое што сьвятыня, ня сьцяг і ня статуя Свабоды – але дзіцячы сантымэнт, звычка, якую, як і звычку есьці салодкае, з часам знойдзеш шкоднай. Калі ў свой час прэзыдэнт Клінтан наведваў амэрыканскіх міратворцаў у Югаславіі, ён прывёз ім у якасьці пачастунку нішто іншае, як пакеты з макдональдзаўскім мэню.

Так, амэрыканцы самі першымі пераканаліся, што “Макдональдз”, які дзесяцігодзьдзямі прапануе булкі зь мясам ды смажаную бульбу, не адпавядае крытэрам здаровага і рацыянальнага харчаваньня – і пакінулі за сабой права выбару. Данчык, напрыклад, сьцвярджае, што ён доўгі час харчаваўся гамбургерамі і колай – і быў абсалютна здаровым. Цяпер, праўда, ён аддае перавагу гароднінавым салатам з тунцом, мюсьлі-батончыкам і арэхам.

Гэтая сусьветная карпарацыя, нягледзячы на крытыку і дзясяткі самых рэальных камянёў, кінутых у яе шыбы, мае мільярды прыхільнікаў у сьвеце. “Макдональдз” для іх – гэта хутка, зручна, нядорага. На маю думку, “Макдональдз” мае тры галоўныя перавагі – там дэмакратычна, чыста і там ня кураць.

“Макдональдз”, як і Амэрыку, любяць і ня любяць. Але змагацца з “Макдональдзам” – гэта тое самае, што, напрыклад, змагацца зь піццай, каб насаліць Італіі. Так, між іншым, спрабавалі змагацца з сусьветна папулярнай лялькай Барбі ў Іране. Там выпусцілі ідэялягічна адрэдагаваны варыянт лялькі: цалкам апранутай. Аўтары толькі не ахінулі ляльку паранджой – бо гэта яшчэ ўсё ж дзяўчынка, – але схавалі яе валасы пад лёгкім шалікам. Як сьцвярджаюць у друку, іранская лялька вялікага попыту не знайшла, хаця сапраўдную Барбі, якую тут абвясьцілі распусьніцай, прадаюць даражэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG