Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША ГАТОВЫЯ ЗРАБІЦЬ КРОК НАСУСТРАЧ БЕЛАРУСІ. ПРЫ ЎМОВЕ ЎЗАЕМНАСЬЦІ


Ул. інф.

Падаем поўны тэкст заявы:

“Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю ўсталяваліся сяброўскія дыпляматычныя сувязі. Вашынгтон бачыў вялікія пэрспэктывы двухбаковых дачыненьняў і разьлічваў, што Беларусь дасягне посьпеху ў пабудове квітнеючай дэмакратычнай дзяржавы, якая будзе падтрымліваць добрыя стасункі з усімі сваімі суседзямі, у тым ліку з краінамі Цэнтральнай Эўропы.

Прыход да ўлады прэзыдэнта Лукашэнкі ў 1994 годзе, які быў прыязна ўспрыняты міжнароднай супольнасьцю у зьвязку з дэмакратычным характарам ягонага абраньня ў якасьці першага прэзыдэнта ў гісторыі Беларусі, спарадзіў вялікія спадзяваньні на далейшае паляпшэньне стасункаў. На жаль, здарылася адваротнае: стасункі ЗША і Беларусі памкнуліся ўніз даўгім схілам, пасьля таго як рэжым Лукашэнкі абраў курс на адкат ад дэмакратычных здабыткаў і эканамічных рэформаў у Беларусі і збліжэньне зь дзяржавамі-ізгоямі.

Пасьля таго як Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі збочыла са шляху да дабрабыту і добрых стасункаў з Эўропай і ЗША, урад ЗША ўвёў палітыку “выбарных кантактаў” у стасунках з гэтай краінай. Мы прынялі рашэньне будаваць свае дачыненьні зь беларускімі ўладамі ў залежнасьці ад дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Аднак кіраўніцтва Беларусі зноў а зноў прымала вартыя жалю рашэньні. Вынікам іх стаў гаротны стан амэрыкана-беларускіх стасункаў, ня кажучы ўжо пра ізаляцыю ад Эўропы, якая адбылася праз уласную віну беларускіх уладаў.

За апошні год не было ніякіх прыкмет зьменаў да лепшага. Бальшыня міжнародных назіральнікаў зрабілі выснову, што прэзыдэнцкія выбары ў верасьні 2001 мелі недэмакратычны характар. Ад таго часу рэжым працягваў дзейнасьць, скіраваную на ўціск няўрадавых арганізацыяў, закрыцьцё незалежных сродкаў масавай інфармацыі і выцясьненьне з краіны місіі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ). У той час калі ўрад ЗША імкнуўся спрыяць (і будзе працягваць спрыяць) умацаваньню грамадзянскай супольнасьці, якая зараджалася ў Беларусі, дзеяньні беларускіх уладаў дэманстравалі нежаданьне вывесьці афіцыйныя стасункі паміж дзьвюма краінамі з тупіку.

Цяперашні стан двухбаковых дачыненьняў не пакідае Вашынгтону ніякага задавальненьня. Мы хацелі б мець зь Беларусьсю канструктыўныя дачыненьні і стацца сьведкамі ейнага выхаду з ізаляцыі, якую яна сама ж і стварыла, а таксама далучэньня яе да агульнаэўрапейскіх працэсаў. Аднак, адзіным сродкам дасягненьня гэтага ёсьць абавязковае захаваньне Беларусьсю агульнапрынятых нормаў дэмакратыі і правоў чалавека. Сумесна з краінамі Эўразьвязу і блізкімі суседзямі Беларусі мы заклікалі беларускае кіраўніцтва прыняць пастановы, якія дазволілі б Беларусі вярнуцца ў Эўропу.

Гэтая сытуацыя была аб’ектам абмеркаваньня ў часе майго візыту ў Менск сёлета ў лютым. Я казаў міністру замежных справаў Міхаілу Хвастову і кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Латыпаву пра тое, што ЗША незадаволеныя станам двухбаковых дачыненьняў і хочуць іхнага аздараўленьня.

Я выклаў плян аздараўленьня дачыненьняў паміж нашымі ўрадамі. Урад ЗША быў і надалей застаецца гатовым да крокаў у гэтым кірунку – унармаваньня палітычных адносінаў і дапамогі Беларусі на шляху выхаду з ізаляцыі – пры ўмове, што беларускае кіраўніцтва зробіць захады для лібэралізацыі палітычнага жыцьця ў краіне. Такі падыход заснаваны на наступных выразных і цалкам рэальных патрабаваньнях, якія раней сфармулявалі прадстаўнікі АБСЭ:

1) зьмена выбарчай працэдуры з мэтай даць кожнаму беларусу магчымасьць прагаласаваць і гарантаваць, што ягоны голас будзе ўлічаны, як гэта рэкамэндавалі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, Асацыяцыя выбарчых ворганаў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, старшыня расейскага Цэнтарвыбаркаму і іншыя экспэрты;

2) стварэньне ўмоваў для дзейнасьці мірнай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, свабодных ад страху;

3) стварэньне ўмоваў для выказваньня ўсіх пунктаў погляду ў сродках масавай інфармацыі, дзяржаўных і недзяржаўных, свабодных ад цэнзурных абмежаваньняў і страху перад магчымым перасьледам;

4) вяртаньне парлямэнту і судовай галіне ўлады незалежных заканадаўчых і судовых паўнамоцтваў. Істотным ёсьць і правядзеньне вартага даверу празрыстага і незалежнага расьследаваньня выпадкаў зьнікненьня з 1999 году апазыцыйных дзеячаў. Выкананьне гэтых умоваў станоўча адаб’ецца на будучыні беларускага народу, а таксама на міжнародным становішчы Беларусі.

Гэты падыход мы называем пакрокавым: на кожны крок, зроблены беларускім бокам, урад ЗША будзе рабіць крок насустрач. Гэта формула паляпшэньня нашых двухбаковых дачыненьняў, якое будзе ісьці паралельна з пашырэньнем палітычных свабодаў у Беларусі.

У часе майго візыту я прапанаваў наладзіць праз нашага амбасадара ў Беларусі пастаянны дыялёг аб пакрокавых мерах. Мы разьлічвалі, што такі дыялёг мог бы прывесьці да пэўных канкрэтных крокаў з кожнага боку. Нам здавалася, што беларускі бок праявіў да гэтай прапановы цікавасьць.

На жаль, да сёньня беларускія ўлады не скарысталі нашую прапанову аб пакрокавым падыходзе. У канцы красавіка на сустрэчах зь беларускімі афіцыйнымі асобамі амбасадар Козак пацьвердзіў нашую гатовасьць да такога супрацоўніцтва, выказаную ў лютым. Мы да гэтага часу не атрымалі афіцыйнага адказу. Мы засмучаныя гэтым маўчаньнем і па-ранейшаму гатовыя да пакрокавага аздараўленьня дачыненьняў зь Беларусьсю. Яго ажыцьцяўленьне дае немалыя магчымасьці: для рэжыму Лукашэнкі – палепшыць адносіны з ЗША, для Беларусі – наблізіцца да Эўропы і выйсьці з самаізаляцыі, а для беларускага народу – атрымаць дэмакратычныя свабоды, карыстацца якімі ён варты і гатовы. Плян вываду нашых дачыненьняў з тупіку ёсьць. Няясна, ці хоча гэтага выхаду кіраўніцтва Беларусі”.

Стывэн Пайфэр – прафэсійны дыплямат найвышэйшага рангу, цяпер займае пасаду намесьніка памочніка Дзяржсакратара ў справах Эўропы і Эўразіі. Ад студзеня 1998 да кастрычніка 2000 быў амбасадарам ЗША ўва Ўкраіне.

Спадар Пайфэр працаваў у амбасадах ЗША ў Варшаве, Маскве і Лёндане, а таксама ў шэрагу дзяржаўных установаў у Вашынгтоне.
XS
SM
MD
LG