Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАДОЎЖАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ВІЗУ ЭНДРУ КАРПЭНТЭРУ?


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі сяброў рабочае групы на чале з Утай Цапф я задаў пытаньне і прысутнаму там Эндру Карпэнтэру — галоўнаму дыплямату са складу Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску: хто будзе кіраваць групай пасьля таго, калі, верагодна, спадару Карпэнтэру не падоўжаць ягоную беларускую візу? Будзе гэта амэрыканка Мэгі Фіцджэральд або малдаванка Аліна Жасан, якой віза для ўезду ў Беларусь непатрэбная?

(Карпэнтэр: ) “Мішэль Рывалье быў, ёсьць і застаецца выканаўцам абавязкаў кіраўніка КНГ АБСЭ. Прызначэньне спадара Рывалье было зноў пацьверджанае старшынёўствам АБСЭ на паседжаньні Сталае Рады 16 красавіка”, — сказаў спадар Карпэнтэр, тэрмін дзеяньня візы якога заканчваецца 1 чэрвеня.

Насамрэч АБСЭ і ён асабіста вельмі заклапочаныя гэтым пытаньнем, бо Эндру Карпэнтэр — апошні дыплямат з багатым досьведам у групе АБСЭ ў Менску. Сяброўка рабочае групы Парлямэнцкае Асамблеі АБСЭ Хэлена Дэмакава распавяла:

(Дэмакава: ) “Эндру тут як калабок бегае — можа, усё ж атрымае. Мы ўвесь час пра гэта кажам. Гэта так, як у мяне — да апошняга не было вядома, будзе віза ці не. Можа, яму таксама недзе 1 чэрвеня ўначы дадуць гэтую візу”.

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я спытаўся ў прэсавага сакратара Паўла Латушкі, ці сапраўды афіцыйны Менск будзе да 1 чэрвеня вырашаць пытаньне, падоўжыць візу Эндру Карпэнтэру або не. І вось які адказ атрымаў:

(Латушка: ) “Хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць: што тычыцца дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Менску — афіцыйная пазыцыя ўраду краіны была ўчора выкладзеная падчас сустрэчы з Утай Цапф. Усе пытаньні адрасуйце да яе”.

Павал Латушка таксама заявіў, што МЗС Беларусі ўвогуле ня будзе камэнтаваць высновы групы на чале з Утай Цапф, выкладзеныя ў ейным паведамленьні для прэсы.

Аднак па-за межамі прэсавага рэлізу спадарыня Цапф пракамэнтавала мажлівасьць увядзеньня санкцыяў супраць Беларусі пасьля 1 чэрвеня — даты, ужо вызначанай АБСЭ ды Эўразьвязам як крайні тэрмін для разьвязаньня праблемы з групай АБСЭ ў Менску.

На думку Уты Цапф, “санкцыі любога кшталту былі б абсалютна па-за межамі палітыкі АБСЭ”. “Аднак я ўпэўненая, што стасункі з рознымі краінамі АБСЭ могуць стаць больш халоднымі”, — сказала кіраўніца рабочае групы. Спадарыня Цапф ня лічыць санкцыі тым інструмэнтам, які можна было б ужыць пасьпяхова. “Мы ня маем шмат станоўчага досьведу з санкцыямі, але маем шмат нэгатыўнага”, — сказала Ута Цапф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG