Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НДІ САНІТАРЫІ І ГІГІЕНЫ АБВЯРГАЮЦЬ ЗАЯВЫ КІРАЎНІЦТВА МЕНГАРВЫКАНКАМУ ПРА ДРЭННУЮ ЯКАСЬЦЬ ПРАДУКЦЫІ “МАКДОНАЛЬДЗУ”


Ігар Карней, Менск

Альтэрнатывай “Макдональдзу” гарадзкія ўлады лічаць сетку прадпрыемстваў грамадзкага харчаваньня з нацыянальнай кухняй, якая па часе будзе пашыраная.

Намесьнік старшыні сталічнага гарвыканкаму Мікалай Ярохаў на ўчорашнім паседжаньні Менгарвыканкаму наўпрост выказаўся, што будаваць новыя рэстарацыі “Макдональдз” (прынамсі, у Менску) нямэтазгодна. У распаўсюджаным прэсавым цэнтрам рэлізе падаюцца словы чыноўніка, які зьвязвае гэта з “клопатам дзяржавы пра здароўе нацыі і актыўным прасоўваньнем на рынак айчынных прадуктаў харчаваньня”.

Каб знайсьці адказ на пытаньне, ці мае падставы абвінавачваць “Макдональдз” адзін з гарадзкіх кіраўнікоў, я патэлефанаваў у Навукова-дасьледчы інстытут санітарыі й гігіены, які пяць гадоў таму даў дазвол на зьяўленьне рэстарацыяў “Макдональдз” на беларускім рынку. Загадчыца лябараторыі ў экспэртнай ацэнцы якасьці харчовых тавараў Ганна Міхайлава на заяву прадстаўніка гарвыканкаму адрэагавала дастаткова жорстка:

(Міхайлава: ) “Гэта наагул нейкая правакацыя. Нехта ж даваў яму такую інфармацыю? Мы колісь выпрабоўвалі гэтыя харчы на ўзроўні гігіенічнай рэгістрацыі дзеля дазволу рэалізацыі на беларускім рынку. Цалкам нармальная ежа. Гэта куды лепей, чым тое, што я на свае вочы бачу штодня: студэнты хапаюць булкі з латкоў, якія стаяць проста на вуліцах, сярод пылу. Як і з чаго пякуць іх цёткі — невядома. Дык няхай лепей зойдуць у памяшканьне, дзе ўсё культурна. А так закрыць, канечне, можна ўсё. Але паверыць, што нашыя нешта прапануюць наўзамен, я не магу. Як заўсёды ў нас...”

Пытаюся ў спадарыні Міхайлавай, ці могуць быць паўнавартаснай заменай амэрыканскім гамбургерам беларускія чабурэкі ды пончыкі, якія прапануюць харчовыя ўстановы беларускай кухні? Ізноў у катэгарычнай форме яна выказалася, што сытуацыя зусім не на карысьць беларускага грамадзкага харчаваньня.

(Міхайлава: ) “Чалавек мае права выбару, ніхто ж не прымушае ісьці ў “Макдональдз”. Рабіце альтэрнатыву. Калі “Хуткае харчаваньне” заваюе рынак, дык людзі і самі ня пойдуць у “Макдональдз”. Няхай заваююць рынак, дадуць нешта наўзамен: час сам пакажа, людзі самі выберуць лепшае. Бо, прыкладам, на праспэкце Машэрава “Бярозка” — гэта жах нейкі. Я там некалькі гадоў таму была, ня ведаю, ці ў лепшым яна зараз стане. Не, нельга дапусьціць такога ні ў якім разе”.

Паводле адмыслоўцаў, пакуль што адзіным удалым прыкладам бістро можна лічыць рэстарацыю хуткага харчаваньня “Крыніца” ў Менску. Але сьціплы абед у “Крыніцы” каштуе даражэй за стандартны комплекс у “Макдональдзе”.

Усе экспэрымэнты беларускага грамадзкага харчаваньня, ухваленыя непасрэдна Аляксандрам Лукашэнкам — “Беларускае бістро” ды двухсэнсоўна вымаўляная менчукамі абрэвіятура “ХХ”, што расшыфроўваецца як “Хуткае харчаваньне” — папулярнасьці ў жыхароў не набылі.

Кіраўніцтва прадпрыемства “Рэстараны Макдональдз” пакуль ніяк не адрэагавала на заяву Менгарвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG