Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАМЕСНЫЯ ЦЭХІ Ў БЕЛАРУСІ


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае: гісторык Захар Шыбека.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Віцебск і людзі, якія лятаюць, завісаюць над дахамі — ці не асноўны лейтматыў карцінаў выбітнага мастака Марка Шагала. Адкуль і чаму ўзьнікалі такія паветраныя сюжэты? У майго госьця гісторыка Захара Шыбекі на гэты конт ёсьць уласнае меркаваньне”.

(Захар Шыбека: ) “На маю думку, многае тлумачыцца тым, што маэстра рос сярод габрэйскіх рамесьнікаў Віцебску. А яны, як ні парадаксальна, не заўсёды хадзілі па зямлі. Рамесьнікі-камінары і рамесьнікі-страхары, якія працавалі на дахах, нібыта лёталі ў небе. Ва ўсякім разе, так магло падацца маленькаму Шагалу. Ён мог бачыць лятаючых людзей штодня. У Віцебску ў пачатку ХІХ ст. было каля 8 тысяч дамоў, а комінаў — яшчэ больш. І ўсе гэтыя коміны трэба было рэгулярна чысьціць камінарам, а дахі крыць і рамантаваць страхарам.

Ня выключана, што тыя “дахавыя людзі”, якія займаліся трошкі і загадкавай, трошкі і рамантычнай працай, навеялі будучаму мастаку ягоныя паветраныя сюжэты. Боскі дар майстра дазваляў і ў звычайных зямных зьявах бачыць узвышанае”.

(Ракіцкі: ) “Прыгожае і паэтычнае параўнаньне. Але на чым яно базуецца? Ці мае хоць нейкае навуковае пацьверджаэньне?

(Шыбека: ) “Прамых доказаў ці ўспамінаў не існуе, але мая выснова грунтуецца на пэўных архіўных матэрыялах, знойдзеных у Нацыянальным гістарычным архіве, у фондзе Віцебскай рамеснай управы.

Марк Шагал сапраўды правёў дзяцінства ў рамесным горадзе. У 1893 г. у рамеснай вытворчасьці Віцебску быў занята 2191 чалавек, ці каля чвэрці віцяблян. Тры чвэрці саміх рамесьнікаў складалі габрэі. Пятая частка віцебскіх габрэяў жыла рамёствамі. Таму асяродзьдзе віцебскіх габрэйскіх рамесьнікаў, безумоўна ж, уплывала на фармаваньне мастака. Якраз у той час у сьвядомасьці маленькага Шагала закладваліся архетыпы габрэйскай сьвецкай культуры і рэлігійнай традыцыі”.

(Ракіцкі: ) “Чым жа магло ўразіць рамеснае асяродзьдзе?”

(Шыбека: ) “У 1898 г. віцебскія рамесныя майстры засвоілі вытворчасьць парасонаў. Яны былі таньнейшыя за прывазныя, а таму хутка ўвайшлі ў паўсядзённы ўжытак гараджанаў. Можа таму на раньніх малюнках Марка Шагала даволі часта сустракаюцца парасоны. Ён любіў іх маляваць.

Былі і больш істотныя ўплывы. Рамеснае асяродзьдзе дэманстравала Марку Шагалу сілу традыцыі. Віцебскія рамесьнікі аб’ядноўваліся ў цэхі, якія ўзьніклі ў Беларусі яшчэ ў XIV ст., усьлед за ўвядзеньнем у беларускіх гарадох Магдэбургскага права. Вытворчая неабходнасьць у іх у часы дзяцінства Марка Шагала даўно мінула ў сувязі з пашырэньнем выкарыстаньня машынаў і паравога рухавіка.

У Францыі, напрыклад, цэхавы лад зьліквідаваўся ў канцы XVIII ст., у Нямеччыне у сярэдзіне ХІХ-га. А ў Расеі цэхі дажылі да ХХ ст. галоўным чынам таму, што выконвалі функцыю фіскальных і паліцэйскіх органаў у дачыненьні найперш да габрэйскіх рамесьнікаў, якія часам бунтавалі і ўхіляліся ад падаткаабкладаньня.

Ды габрэі і самі трымаліся за цэхавую арганізацыю, асабліва на ўсходзе Беларусі. Толькі званьне цэхавага майстра, якое здабывалася ў рамках цэхаў, дазваляла габрэю-рамесьніку працаваць па-за межамі габрэйскай рысы аселасьці, гэта значыць, у суседніх расейскіх гарадах”.

(Ракіцкі: ) “У працах савецкіх гісторыкаў замацавалася традыцыя паказу цэхавай арганізацыі толькі з нэгатыўнага боку. Ці на самой справе яна заўсёды была нейкай недарэчнасьцю, параджэньнем фэадальнага дэспатызму?”

(Шыбека: ) “Безумоўна ж, не. Цэхі (побач з Магдэбургскім правам і мястэчкамі) лучылі нас з цывілізаваным захадам і розьнілі ад Маскоўскай дзяржавы, дзе цэхі ўводзіліся толькі Пятром І у 1722 г. Цэхі былі часткай карпаратыўнага фэадальнага грамадзтва, дзе эканамічны прагрэс мог трымацца толькі на павышэньні арганізаванасьці працы.

Рыцары ваявалі, сьвятары маліліся Богу, сяляне і рамесьнікі працавалі, а купцы забясьпечвалі ўзаемаабмен прадуктамі дзейнасьці ўсёй супольнасьці. Цэхі ў гэтай сыстэме займаліся арганізацыяй вытворчасьці прыладаў працы і прадметаў побыту. Наладжвалі прафэсійную адукацыю, рэглямэнтавалі вытворчасьць і рынак збыту, гарантавалі якасьць вырабаў, займаліся дабрачыннасьцю, а пры ўзьнікненьні зьнешняй небясьпекі абавязваліся са зброяй у руках абараняць сьцены роднага гораду. Прычым, узбройваліся сваім коштам. Роля цэхаў у эканамічным разьвіцьці Эўропы была надзвычай вялікай”.

(Ракіцкі: ) “Аднак у Беларусі канца ХІХ-га–пачатку ХХ ст. цэхі мелі сэнс пераважна толькі для ўзаемаадносінаў дзяржавы з габрэйскай грамадой, выступалі, так бы мовіць, інструмэнтам дыскрэдытацыі габрэяў. І больш ніякага значэньня ня мелі?”

(Шыбека: ) “Гэта можа падацца дзіўным, але цэхавая арганізацыя ня толькі прыціскала габрэйскіх рамесьнікаў. Гэтыя рамесьнікі пачыналі выкарыстоўваць цэхі дзеля абароны сваіх інтарэсаў. Назіралася паступовая трансфармацыя цэхаў у сучасныя прафсаюзы. Яны выступалі, калі трэба, і касамі ўзаемадапамогі, і страйкавымі камітэтамі.

Рознаэтнічны склад рамесьнікаў часта служыў перашкодай для ўзаемапаразуменьня, але ў Віцебску цэхі да 1895 г. строга дзяліся на юдэйскія і хрысьціянскія. У 1890 г. з 27 цэхаў гораду 17 былі габрэйскімі, а 10 — хрысьціянскімі. У 1898 г. застаўся 21 цэх: 7 хрысьціянска-габрэйскіх, 5 хрысьціянскіх і 9 габрэйскіх.

Нацыянальны падзел цэхаў у канцы ХІХ ст. захаваўся паводле старой традыцыі толькі ў Віцебску і Вяліжы. Жывучасьць юдэйскіх цэхаў толькі спрыяла росту кансалідацыі габрэяў. Марк Шагал таму меў справу зь вельмі кансалідаванай габрэйскай грамадой, якая мацавала ягоную нацыянальную самасьвядомасьць і, урэшце, дала сілы, каб пераадолець касмапалітычны супрэматызм. Нацыянальным габрэйскім мастаком Марка Шагала зрабіў Віцебск”.

(Ракіцкі: ) “А што беларусы? Цэхі не пакінулі ў іх жыцьці ніякага сьледу?”

(Шыбека: ) “Беларусы ў поўнай меры скарысталіся перавагамі цэхавай арганізацыі ў пэрыяд Сярэднявечча. Так, магілёўскія шаблі і пальчаткі ішлі на эскпарт у заходнеэўрапейскія краіны. Асобныя цэхі, напрыклад ювэлірныя, былі настолькі эканамічна магутнымі, што фундавалі мастацтва, кнігавыданьне праваслаўных брацтваў.

Але ў сярэдзіне XVII ст. у справе беларускіх цэхаў наступіў крызыс. Крызыс быў заўчасным. У часе страшэннай вайны 1654–1667 г. з Маскоўскай дзяржавай значная колькасць беларускіх рамесьнікаў была ўзятая ў палон. Расьселеныя ў Маскве, яны ўтварылі цэлае гарадзкое прымесьце — Мяшчанскую слабаду. І так было ў шмат якіх расейскіх гарадах.

Маскоўскія захопнікі бралі ў палон не юдэяў, а хрысьціянаў, з разьлікам, што іх прасьцей асыміляваць. Пасьля маскоўскай навалы беларускае рамяство так і не змагло адрадзіцца. Парушылася пераемнасьць. А ў цэхах Беларусі поўнае дамінаваньне атрымалі габрэйскія рамесьнікі. Хрысьціянскія цэхі ў нейкай ступені засланялі беларусаў ад канкурэнцыі з боку больш зваротлівых габрэяў, але з пашырэньнем рынкавых адносінаў гэта не дапамагала — перамагаў спрытнейшы”.

(Ракіцкі: ) “А ці былі сярод гэтых спрытнейшых прадстаўнікі іншых народаў?”

(Шыбека: ) “У склад кандытарскага цэху прабіваліся турэцкія падданыя. З габрэйскімі рамесьнікамі ў Віцебску пасьпяхова канкуравалі Кадыр Эфэнды і ягоны сын Махмуд Эфэнды-Муфты-Аглы. Яны былі найлепшымі сябрамі віцебскай дзятвы. Верагодней за ўсё, у Канстантынопальскай булачнай пабываў і тагачасны гадаванец віцебскай хедэры Марк Шагал”.

(Ракіцкі: ) “Дзяленьне віцебскіх цэхаў на габрэйскія і хрысьціянскія дае, відаць, нейкую падставу для параўнаньняў?”

(Шыбека: ) “Так. Асаблівасьці выяўляюцца. Але паколькі нам спадарожнічае Марк Шагал, то зьвернем увагу толькі на адну асаблівасьць габрэйскага рамясла, якая была найбольш істотнай для самога майстра ў часе ягонага дзяцінства.

У параўнаньні з хрысьціянамі габрэйскія рамесьнікі Віцебску мелі менш уласных дамоў. Дынамічны характар жыцьця не спрыяў гэтаму. У пошуках заробкаў габрэі часта мянялі месца жыхарства, пераяжджалі з кірмаша на кірмаш, вандравалі па вёсках. Яны не былі так моцна прывязанымі да “роднага куту”, як беларускія сяляне. Архетып спрадвечнага габрэйскага вандроўніка, відаць, доўга не даваў спакою і Марку Шагалу”.

(Ракіцкі: ) “У нас шмат напісана пра рамесных вучняў. У марксісцкай літаратуры створаны вобраз маленькіх пакутнікаў. Ці можна з гэтым пагадзіцца?”

(Шыбека: ) “Сапраўды, вучняў прымушалі празьмерна працаваць, строга каралі, нярэдка ўжывалі брутальны гвалт. Хлопчыкі ўцякалі ад майстраў-дэспатаў куды вочы глядзяць. Аднак урэшце той, хто вытрымліваў, станавіўся адмысловым майстрам, а хто ўцякаў, заставаўся недавукам, “партачом”. Разумеючы гэта, бацькі адносіліся да пакараньня іх дзяцей цярпліва.

Рамесьнікі здабывалі кавалак хлеба заўсёды празь вялікае напружаньне сілаў. Культ працы сярод іх быў самым пачэсным. Культ працы і Марка Шагала зрабіў усясьветнавядомым майстрам”.

(Ракіцкі: ) “Які ж лёс напаткаў цэхавую арганізацыю Віцебску і, увогуле, гарадоў Беларусі?”

(Шыбека: ) “Паводле царскага ўказу 1902 г. усе цэхі на тэрыторыі Расейскай Імпэрыі ліквідаваліся, а іх маёмасьць перадавалася органам гарадзкога кіраваньня”.

(Ракіцкі: ) “І гэта было нормай, адбылося з непазьбежнасьцю? Што страціла нацыя?”

(Шыбека: ) “Звычайна, для пэрыяду індустрыялізацыі гэта расцэньваецца як станоўчы крок дзяржавы. Функцыя цэхаў бралі на сябе вытворчыя фірмы, прафсаюзы, дабрачынныя і крэдытныя таварыствы, творчыя зьвязы, іншыя грамадзкія арганізацыі. І гэта нармальна.

І ўсё ж мы страцілі — мы страцілі пераемнасьць былой структурызаванасьці грамадзтва. Сучасная грамадзянская супольнасьць і разгалінаваны трэці сэктар краінаў Захаду сваімі каранямі сягае да сярэднявечнай цэхавай арганізацыі. У нас жа захаваньню такой пераемнасьці не спрыяў ні царызм, ні бальшавізм.

У значнай ступені з гэтай прычыны нашае сучаснае грамадзтва часам нагадвае жывёльны статак. Бракуе кансалідацыі, грамадзянскай пазыцыі. Раней цэхі непасрэдна апэлявалі да вялікага князя літоўскага. Паводле Канстытуцыі 3 траўня 1793 г. яны атрымалі прадстаўніцтва ў Сойме”.

(Ракіцкі: ) “І што істотна, мы страцілі памяць пра рамесныя цэхі, за якімі — цэлы пласт гарадзкой культуры. А здарылася так у значнай ступені таму, што гэты пласт культуры ня быў своечасова і дасканала вывучаны, музэяваны. І зараз вы ня ўбачыце ў нашых музэях узораў шыльдаў над рамеснымі майстэрнямі, вельмі прыгожых атэстатаў на годнасьць рамесных майстраў, цэхавых харугваў, пячатак, гербаў, званочкаў, срэбных уладных знакаў рамесных старшыняў і шмат чаго іншага.

Вы рэдка ўбачыце такую атрыбутыку ў нашых сучасных грамадзкіх аб’яднаньнях, хоць у іншых краінах кожная арганізацыя мае свае знакі і сымбалі, зьвязаныя з гістарычнай і культурнай традыцыяй”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG