Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ ДЫ ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Алесь Грыневіч, Прага

Кожная штучная цягліца надзімаецца ці зьдзімаецца аўтаматычна, у адпаведнасьці з чалавечымі рухамі. Гнуткая мэталёвая сетка унутры цягліцаў расьцягваецца, калі носьбіт гэтай вопраткі рухаецца. Тады адмысловыя датчыкі падаюць сыгнал, і ў цягліцу закачваецца паветра. Гэта дапамагае руцэ ці назе згінацца ды разгінацца.
ЗША. Дасьледнікі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту высьветлілі, што жанатыя мужчыны ў сярэднім маюць у крыві меншы за нежанатых ўзровень гармона тэстастэрон. Менавіта гэты гармон адказвае за сэксуальнае жаданьне. Кіраўнік дасьледаваньняў антраполяг Пітэр Грэй кажа, што ў жанатых мужчынаў, якія маюць дзяцей, узровень тэстастэрону яшчэ ніжэйшы. Досьледы на птушках паказалі, што колькасьць сэксуальных партнэраў залежыць ад узроўню тэстастэрону, і тое ж самае слушна і для людзей. Грэй лічыць, што існуе двухбаковая сувязь – ніжэйшы ўзровень тэстастэрону дазваляе мужчыну бавіць больш часу зь сям'ёй, а гэта, у сваю чаргу, можа паніжаць узровень гармону ў крыві.
ЗША. Амэрыканскія навукоўцы зрабілі генэтычныя зьмены ў малярыйным камары, атрымаўшы камароў, якія ня змогуць пераносіць малярыю. Гэтая хвароба штогод забівае ад аднаго да трох мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце. Дасьледчыкі з Унівэрсытэту Агаё ў Кліўленьдзе імплянтавалі адмысловы ген у зародышы камара Анофэлес, які пераносіць малярыю. Ген стварае малекулу, што блякуе малярыйнага паразыта, які выклікае хваробу. Звычайна гэты паразыт трапляе у кроў жывёлаў ды людзей, калі іх кусаюць камары.
СЭРБІЯ. Сэрбскі бізнэсмэн стварыў адмысловую сыгналізацыю, якая павінна спыніць некаторыя сэксуальныя дамагальніцтвы на працоўным месцы. Прылада выдае высокі пранізьлівы гук, калі яе ўладальніцу ці ўладальніка хапаюць ніжэй сьпіны. Бізнэсмэн Славамір Адамовіч (!) кажа, што гэты гук засмуціць дамагальніка і зробіць працоўныя асяродкі больш бясьпечнымі. Сыгналізацыя памерам усяго з гузік і лёгка хаваецца ў сподняе, кажа Адамовіч. Зацікаўленасьць у вынаходніцтве ўжо выказалі японскія і тайваньскія фірмы, але Адамовіч кажа, што ён амаль дамовіўся аб кантракце зь італьянскімі вытворцамі бялізны.
ЗША. Людзі, якія перажываюць дэпрэсію, плачуць не часьцей, чым сярэднястатыстычная асоба. Прадстаўнікі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту апублікавалі дасьледаваньне, якое абвяргае стандартныя ўяўленьні аб дэпрэсіі. Як адзначаецца ў дасьледаваньні, эмоцыі падчас дэпрэсіі наадварот нібыта "прытупляюцца”. Падчас экспэрымэнту дзьвюм групам людзей давалі прагледзець "сьлязьлівую" сцэну зь фільму, дзе маленькі хлопчык даведваецца аб сьмерці свайго бацькі. Пры гэтым у адной з групаў былі людзі з дыягназам "дэпрэсія". У кожнай з групаў над сцэнай зь фільму плакала прыкладна пятая частка ўдзельнікаў экспэрымэнту. Хворыя на дэпрэсію ацанілі свой стан пасьля прагляду, як менш сумны, чым удзельнікі зь іншай групы. У дадатак, тыя, хто хварэў на дэпрэсію даўжэй, плакалі менш за астатніх. Экспэрымэнт, аднак, пацьвердзіў адзін з распаўсюджаных стэрэатыпаў. Сярод тых, хто плакаў, было 17 жанчынаў і толькі адзін мужчына.
XS
SM
MD
LG