Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН ДЫРЭКТАР ЗА КРАТАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Дырэктара Менскага заводу шаспанскіх вінаў Міхаіла Гардзея затрымалі супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Ён падазраецца ў атрыманьні хабару ад малдаўскай фірмы на 81 тысячу амэрыканскіх даляраў за права пастаўляць сыравіну для заводу.

Супрацоўнікі ўпраўленьня даваць камэнтары адмаўляюцца, бо Міхаіл Гардзей згодна з заканадаўствам будзе ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары трое сутак як падазраваны ў зьдзяйсьненьні злачынства, і толькі потым яму прад’явяць (альбо не прад’явяць) абвінавачаньне.

Менскі завод шампанскіх вінаў падпарадкоўваецца канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, былы кіраўнік якога Віктар Казека таксама знаходзіцца за кратамі. З гэтага канцэрну нядаўна на завод прыйшоў Леанід Якабсон, які заняў пасаду намесьніка дырэктара ў агульных пытаньнях. Леанід Якабсон адмовіўся даць камэнтар нашаму радыё з нагоды затрыманьня дырэктара, але паведаміў:

(Якабсон: ) “Нечаканасьцю гэта, канечне, было. Тым больш, што мы праводзілі ў той дзень вялікую нараду. А на заўтрашні дзень у нас была заплянаваная прэсавая канфэрэнцыя”.

Вядома, што малдаўскія бізнэсоўцы самі зьвярнуліся ў беларускія праваахоўчыя органы з заявай пра вымаганьне хабару. Пасьля гэтага дырэктар заводу Міхаіл Гардзей трапіў у “апэратыўную распрацоўку” і быў затрыманы на сваім працоўным месцы падчас перадачы хабару.

Калі сьледзтва і суд здолеюць даказаць віну Міхаіла Гардзея, яму пагражае пазбаўленьне волі на шэсьць гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG