Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЫНІКУ ПАПЯРЭДЖАНЬНЯЎ АБ МАГЧЫМАСЬЦІ НОВЫХ ТЭРАКТАЎ У ЗША ПАНУЕ НЭРВОВАСЬЦЬ


Кастусь Бандарук, Прага

Калі меркаваць па апошніх выказваньнях амэрыканскіх лідэраў, дык выглядае, што пагроза вельмі сурёзная. Прыгадаю, што ў нядзелю віцэ-прэзыдэнт Дык Чэйні сказаў, што чарговыя тэракты супраць ЗША “амаль пэўныя”. У панядзелак дырэктар ФБР Робэрт Мілер заявіў, што бомбавыя замахі тэрарыстаў-самагубцаў, кшталту тых, што адбываюцца ў Ізраілі, “непазьбежныя”. Учора дырэктар унутранай бясьпекі ЗША Том Рыдж таксама сказаў, што гаворка ня йдзе пра тое, ці далейшыя тэракты ўвогуле адбудуцца, але калі і дзе яны адбудуцца.

Больш за тое, учора, выступаючы у сэнаце, міністар абароны ЗША Рамсфэльд сказаў, што тэрарысты “непазьбежна” авалодаюць зброяй масавага зьнішчэньня. “У сьвятле фактаў мы павінны прызнаць, што тэрарыстычныя сеткі маюць зносіны з тэрарыстычнымі дзяржавамі, якія валодаюць зброяй масавага зьнішчэньня. Гэтая зброя непазьбежна трапіць ў рукі тэрарыстаў, і яны ні хвіліны ня будуць вагацца, ці выкарыстаць яе. Такі вось сьвет, у якім мы жывем”.

Рамсфэльд назваў 5 краінаў, якія працуюць над зброяй масавага зьнішчэньня. Гэта Ірак, Іран, Паўночная Карэя, Лівія і Сырыя. Ён падкрэсьліў, што тэрарысты з Аль-Каеды дасканала падрыхтаваныя і ўжо знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. Таксама прэзыдэнт Буш перад сваёй паездкай у Эўропу сказаў, што “тэрарысты Аль-Каеды яшчэ існуюць. Яны ненавідзяць Амэрыку і кожную свабодалюбную краіну. Яны хочуць ударыць па нас. Гэта група бязьлітасных забойцаў”. Аднак прэзыдэнт дадаў, што калі будзе існаваць нейкая канкрэтная пагроза, дык Злучаныя Штаты адпаведна на яе адрэагуюць.

Згодна з апытаньнем, праведзеным тэлекампаніяй CBS, 33% апытаных заявілі, што на іхную думку чарговыя тэракты “ вельмі праўдападобныя”. Яшчэ тыдзень таму гэтак лічылі ўсяго 25% апытаных. Людзі відавочна пачынаюць больш баяцца. Тут варта адзначыць яшчэ адну акалічнасьць. Згодна зь іншым апытаньнем, менш за палову апытаных перакананыя, што ўлады здольныя абараніць свой народ. Гэта найніжэйшы паказьнік даверу да ўладаў ад 11-га верасьня. “Трэба ўцякаць адсюль. Што іншага можна зрабіць. Тут няма пачуцьця бясьпекі, чалавек думае толькі пра тое, што вось-вось нешта здарыцца,” – сказаў адзін фатограф, які раз або два разы на тыдзень бывае ў Нью Ёрку.

Панікі сярод насельніцтва напэўна няма, але пра некаторае хваляваньне можна гаварыць. Дарэчы, цяперашнюю небясьпеку ўлады акрэсьліваюць як значную, але не найбольшую. Заканадаўства прадугледжвае і надзвычайнае становішча, але ў ніводным штаце або горадзе яно ня ўведзенае. Паводле пяцібальнай шкалы актуальная небясьпека займае месца недзе пасярэдзіне. Але ж нельга гаварыць і пра бестурботнасьць амэрыканцаў, аб чым сьведчаць згаданыя апытыньні. Газэта “Washington Post” назвала свой артыкул гэтак: “Пасьля папярэджаньняў аб новай сэрыі тэрактаў у краіне пануе нэрвовасьць”.

Што да агульнасьці папярэджаньняў, дык зразумела, што яны ня могуць быць іншыя. Ўлады ня ведаюць, што будзе аб’ектам атакаў. Дырэктар унутранай бясьпекі Том Рыдж адзначыў, што ўлады інтэнсіўна зьбіраюць дадатковыя зьвесткі аб датах, месцах і мэтадах магчымых атакаў. У кожным разе папярэджаньні зыходзяць ад саміх сяброў Аль-Каеды, захопленых у Афганістане і трыманых зараз на вайсковай базе на Кубе. У якасьці магчымых аб’ектаў атакаў ФБР называе банкі, сыстэмы водазабесьпячэньня, гандлёвыя цэнтры, супэрмаркеты, атамныя электрастанцыі і жылыя будынкі. Нью-ёркская паліцыя ўзмацніла ахову Статуі Свабоды і бруклінскага моста. Зразумела, што калі новыя тэракты сапраўды адбудуцца, дык напэўна, як і 11-га верасьня, тэрарысты паспрабуюць нанесьці як мага большую шкоду.

Не падлягае сумневу, што вайна з тэрарызмам будзе працяглай. Дарэчы, аб гэтым гаворыцца і ў гадавой справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША, прысьвечанай міжнароднаму тэрарызму. Аднак у дакумэнце адзначаецца і станоўчы бок справы. Трагедыя 11-га верасьня аб’яднала амэрыканскі народ. Злучаныя Штаты не адзінокія у гэтай барацьбе, зьявілася цэлая антытэрарыстычная кааліцыя. Супраць тэрарызму былі скарыстаныя ваенныя, дыпляматычныя і эканамічныя сродкі, і дзякуючы гэтаму, правесьці далейшыя атакі тэрарыстам будзе як мінімум больш складана.
XS
SM
MD
LG