Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРОРЦЫ, ЯКАЯ КАТАВАЛА ПРЫЁМНАГА СЫНА, ПАГРАЖАЕ 5-ГАДОВАЕ ТУРЭМНАЕ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЕ


Галіна Абакунчык, Менск

Бацькоўскіх правоў Маскоўскі суд сталіцы пазбавіў пракурорку на падставе шматлікіх фактаў, якія сьведчылі, што Тамара Князева катавала свайго непаўнагадовага прыёмнага сына. Але нечакана для новых бацькоў Мікіты, сьледчыя, якія вядуць крымінальную справу пракуроркі, запатрабавалі, каб сёньня хлопчыка даставілі на псыхіятрычную экспэртызу.

Новыя сваякі малога адмовіліся гэта зрабіць, бо перакананыя, што ў сьледзтва дастаткова матэрыялаў пра фізычнае здароўе Мікіты, а новыя допыты ёсьць спробай пракурорскіх работнікаў зьняць адказнасьць са сваёй былой калегі. Гаворыць цяперашняя маці Мікіты:

(Маці: ) “Яго дапытвалі сьледчыя, дзьве гадзіны здымалі на камэру — што гэта, не захавалася? Ён ужо забыўся на ўсё гэта, а цяпер пачне згадваць, і зноў будуць адны нэрвы. Ім, напэўна, патрэбна ўсё ж зьвінаваціць дзіця, што яно хлусьлівае — і яна сарвалася й аднойчы яго адлупцавала. Дык дайце ёй мэдаль і адпраўце на Канары”.

Сьледчыя ў сваю чаргу заяўляюць, што псыхіятрычная экспэртыза непаўнагадовых — звыклая практыка. Тым больш, што калі пракурорку прызнаць вінаватай, то паводле Крымінальнага кодэксу яна мусіць быць зьняволеная на тэрмін да пяці гадоў. Акрамя таго, пасьля пазбаўленьня Тамары Князевай бацькоўскіх правоў яна губляе права на службовую кватэру, якую атрымлівала і на былога прыёмнага сына.

Сьледзтва вядзецца яшчэ зь лютага, але калі гэтая справа будзе даведзеная да суду і ці патрапіць туды ўвогуле — у пракуратуры сёньня адказу не даюць. Гаворыць адзін са сьледчых справы Князевай Дзьмітры Сямёнаў:

(Сямёнаў: ) “Па тым артыкуле, паводле якога распачатая крымінальная справа, зусім не азначае, што паводле гэтага ж артыкулу яна пойдзе ў суд. І тым больш не азначае, што суд па гэтым самым артыкуле асудзіць чалавека. Па-другое, паводле цяперашняга заканадаўства сьледчы толькі дасьледуе крымінальную справу і перадае пракурору, які вырашае куды адправіць справу — у архіў ці ў суд”.

Амаль два месяцы новыя бацькі Мікіты спрабуюць юрыдычна аформіць сваё апякунства над хлопчыкам. Але бюракратычная цяганіна яшчэ не завершаная, і гэта не дазваляе ім паўнавартасна абараняць малога. Таму, каб хлопчыка зусім не забралі зь сям’і, яны вымушаныя ўсё ж аддаць яго на экспэртызу, але заручыліся падтрымкай адваката зь Беларускага Гельсынскага камітэту.

Адзінай саступкай сьледчых стала толькі тое, што яны пагадзіліся пачакаць, пакуль Мікіта закончыць навучальны год. Экспэртыза прызначаная на наступную сераду, і ад высноваў псыхіятраў будзе залежаць лёс Мікіты й былой пракуроркі Тамары Князевай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG