Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДНОЙ З ЗАСНАВАЛЬНІЦ МУЗЭЮ СТАРАЖЫТНА-БЕЛАРУСКАГА МАСТАЦТВА — 70 ГАДОЎ


Ігар Карней, Менск

Некалькі гадоў таму Элеанора Вецер перанесла складаную апэрацыю. Таму ў адказ на віншаваньне выказалася, што цяпер просіць у Бога толькі аднаго: каб даў хоць крыху здароўя. І дадае, што здароўе ёй патрэбнае перадусім для таго, каб яшчэ тое-сёе зрабіць дзеля галоўнай задачы свайго жыцьця — музэю старажытна-беларускага мастацтва. Яна перакананая, што калі не прыкласьці адпаведных намаганьняў, то над найбагацейшым зборам скарбаў духоўнай і матэрыяльнай спадчыны народу павісьне пагроза закрыцьця.

(Вецер: ) “Усё маё жыцьцё там. 20 тысяч экспанатаў, большая частка зь якіх настолькі каштоўныя, што яны прадстаўленыя проста ў экспазыцыі. Але прайшоў час, набралася матэрыялаў. Я ўжо не працую, але да мяне зьвярнуліся былыя калегі і прапанавалі рабіць навуковы каталёг. Я яго і раблю, толькі вось надзеі няма, што ён будзе надрукаваны.

Тыя працы, якія мы 20 гадоў таму падалі ў выдавецтва, да гэтага часу не запатрабаваныя. Хоць сёньня мне тэлефанавалі і казалі, што, здаецца, да 70-годзьдзя можа быць вялікі падарунак. Таму, мажліва, адзін том нашага дасьледаваньня будзе выдадзены. Але я паверу толькі тады, калі патрымаю яго ў руках. У нас разьлічана 19 тамоў. Пакуль на ўсе выпадкі ёсьць адзін адказ: няма грошай. Ні на што няма грошай. Куды ўсе грошы падзеліся?”

(Карэспандэнт: ) “Вы кажаце, што музэй у такім стане, што калі не зрабіць пэўных захадаў, то захаваць яго будзе надзвычай складана. А якія намаганьні ёсьць з боку прэзыдэнта Акадэміі Навук Міхаіла Мясьніковіча?”

(Вецер: ) “Сказаў, што вельмі цікавая рэч і патрэбна нешта зрабіць — у прыватнасьці, каб лепей субсыдавалі наш музэй і каб можна было яго дабудаваць (забудаваць унутраныя дворыкі і зрабіць яшчэ дзьве залі для экспазыцыі й захаваньня). Згадзіўся, але сказаў, што невядома, ці будуць магчымасьці.

Я памятаю першага прэзыдэнта Акадэміі Навук, які дапамог нам увогуле прабіць думку, што музэй патрэбны — гэта Барысевіч. А як будзе новы? Ня ведаю. Я ня ведаю, што ён за чалавек, і зусім ня ведаю, ці ён разумее, што такое музэй у жыцьці народу, наколькі культура ў наш час і ў гэтым месцы адыгрывае важную ролю”.

Спадарыя Вецер упэўненая, што культурнае выхаваньне чалавека трэба пачынаць ад маленства. І музэй старажатна-беларускага мастацтва можа вельмі добра гэтаму спрыяць. Прынамсі, было б добра, каб хоць раз на год школьнікі, навучэнцы ВНУ наведвалі музэй, дзе змогуць паглядзець на гісторыю Беларусі іншымі вачыма.

(Вецер: ) “Кожны народ жыве духоўным жыцьцём. Духоўным, культурным жыцьцём. Бяз гэтай высокай культуры, якая дасталася нам ад многіх-многіх пакаленьняў беларусаў, якія колькі жылі, прапітвалі зямлю сваёй крывёю (бо патрэбна было многа ахвяраў, каб захаваць нацыю) нам не пражыць”.

Адзінае, пра што зараз шкадуе Элеанора Вецер, дык гэта пра змарнаваны ў змаганьні зь дзяржаўнымі бюракратамі час. Калі б чынавенства разумела неабходнасьць захаваньня гістарычнай спадчыны, лёс унікальнай калекцыі ня быў бы пад пытаньнем.
XS
SM
MD
LG