Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА ЛЁСЫ – АДЗІН ШЛЯХ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Міхась Швэдзюк і Хведар Кажаневіч з Ангельшчыны

Нашы сёньняшнія суразмоўцы жывуць ў цэнтральнай Ангельшчыне: Міхась Швэдзюк у г. Конглтон у 25 мілях ад Манчэстэра, а Хведар Кажаневіч – у самім Манчэстэры. Суседзямі яны былі і ў Беларусі, абодва паходзяць з Піншчыны. Падобныя і іх жыцьцёвыя лёсы. Яны належаць да той плыні беларускай эміграцыі, якая была выкінутая з Бацькаўшчыны пасьля далучэньня Заходняй Беларусі.

Так званае “вызваленьне” прынясло многім беларускім сем’ям шмат гора і стратаў. Тысячы людзей былі рэпрэсаваныя і выселеныя ў лягеры.

Сям’я Швэдзюкоў была арыштаваная быццам бы за тое, што бацька пад час першай усясьветнай вайны служыў у царскім войску, а Кажаневічы трапілі пад рэпрэсіі таму, што іх бацька – мясцовы селянін, зарабляў хлеб працаю лясьніка, якога прыраўнялі да асаднікаў. Гэтыя сем’і жылі ў розных месцах Піншчыны, але арыштаваныя былі ў адзін дзень – 10 лютага 1940 году – і высланыя ў Архангельскую вобласьць.

Магчыма, што яны падзялілі б лёс большасьці ахвяраў сталінскіх лягераў, якія назаўсёды засталіся там. Але іхнае становішча нечакана зьмянілася. Гаворыць Міхась Швэдзюк:

(Швэдзюк: ) “У 1941 годзе, калі немцы напалі на Савецкі Саюз, была дамова паміж польскім урадам у Лёндане і Савецкім Саюзам аб тым, каб даць амністыю для былых польскіх грамадзян. З-за таго, што да вайны мы былі пад Польшчаю, нас гэта тычылася.

На пачатку 1942 году мы выехалі з Архангельскай вобласьці ў бок Узбэкістану. Але мы туды не даехалі, а спыніліся ў Паволжы. Там нам нельга было жыць, бо падыходзіў фронт, і нам падказалі добрыя людзі, што нам можа ўдасца пераехаць у Іран. Тады мы накіраваліся да Касьпійскага мора і з порта Краснаводзка ў сакавіку 1942 году пераехалі ў Іран (Персыю).

У Пэрсыі брата і бацьку забралі ў польскую армію, а я паступіў у школу. Мяне перавезьлі да Палестыны. Там нас пачалі разьмяркоўваць па розных школах, я паступіў у кадэцкую школу”.

Сп. Швэдзюк сьведчыць, што побач з ім вучылася шмат беларусаў:

(Швэдзюк: ) “На пачатку 1942 году там было вельмі шмат беларусаў і ўсе яны прызнаваліся да беларускасьці і праваслаўя. Але потым нешта сталася, сярод палякаў запанаваў такі варожы настрой супраць расейцаў з-за таго, што іх вывезьлі. Мы былі праваслаўнымі і беларусамі, то палякі гэтую нянавісьць пераносілі і на нас. Таму шмат хлопцаў проста не прызнаваліся, што яны былі беларусамі.

У нашай школе на якіх-небудзь 500 чалавек я быў адзіным беларусам, які афіцыйна прызнаваўся”.

Гэтак жыцьцёвыя дарогі завялі беларускіх юнакоў у Палестыну – тыя мясьціны на Блізкім Усходзе, якія сёньня сталі цэнтрам палітычных катаклізмаў. Сп. Швэдзюк успамінае пра сытуацыю на той час.

(Швэдзюк: ) “Мы жылі недалёка ад Газы. У тым часе Палестына была пад брытанскім мандатам, і хаця мы чулі, што да вайны там былі бойкі паміж арабамі і габрэямі, пад час вайны гэтага не было, пад час вайны быў спакой. Тое, што робіцца сёньня, гэта зусім нешта новае. Мы ў той час нічога ня бачылі дрэннага, каб было паміж арабамі і габрэямі”.

Міхась Швэдзюк вучыўся ў Палестыне да 1947 году, на той час вайна ўжо скончылася і выпускнікоў кадэцкай школы вывезьлі ў Ангельшчыну. Там ён атрымаў новую адукацыю – інжынэра-канструктара – і працаваў у гэтай прафэсіі.

Мы запыталі ў сп. Міхася пра лёс ягонай сям’і:

(Швэдзюк: ) “Тады, як мы прыехалі да Ірану, бацьку і брата забралі ў армію, я паступіў у школу, а маці і траіх сёстраў і бабулю па бацьку павезьлі ў Індыю, а з Індыі ў Танганьіку. Яны там жылі ў лягеры да 1948 году, адтуль выехалі ў Ангельшчыну. Але ня ўсе, таму што бабуля памерла ў Танзаніі і там пахаваная каля гораду Аруша.

Брат мой старэйшы Пятро быў у войску ў Англіі, у 1944 годзе іх паслалі на фронт у Нармандыю, і ён там загінуў”.

Паводле словаў сп. Швэдзюка, у тыя часы з Савецкага Саюзу выехалі тысячы і тысячы людзей, у тым ліку шмат беларусаў.

(Швэдзюк: ) “Частка выехала да Палестыны, як, напрыклад, я, некаторыя выехалі ў Афрыку, як мая маці і сёстры – у Танзанію (тады –Танганьіка), некаторых перавезьлі ў Індыю, у Новую Зэляндыю, нават у Мэксыку”.

Хведар Кажаневіч нарадзіўся ў 1925 годзе, ён на два гады старэйшы за свайго суродзіча Міхася Швэдзюка. Гэта і сталася прычынаю таго, што вайна не абыйшла юнака бокам, і ягонае жыцьцё на чужыне выглядае цяжэйшым. Хлопцу не пашанцавала адразу па прыездзе на Поўнач.

(Кажаневіч: ) “Там паўстала эпідэмія тыфу, я захварэў і недзе 4 месяцы хварэў. А наш бацька хварэў усяго два тыдні і памёр.

У канцы 1941 году мы пастанавілі ехаць на поўдзень, трэба было ратавацца, бо ўжо прыходзіў канец, не было ні ежы, нічога не было. Удалося нам дабрацца да Архангельска, адтуль выдзелілі нам цягнік.

Недзе каля Волагды памёр наш дзед у цягніку. У Волагдзе, калі прыяжджаў цягнік на станцыю, пад’яжджаў чалавек з канём і скрыняю, у гэтую скрыню кідалі памерлых людзей. Туды мы кінулі і нашага дзеда”.

Сям’і Кажаневічаў удалося дабрацца да Куйбышава.

Застаўшыся без старэйшых мужчын – бацькі і дзеда, 17-гадовы Хведар мусіў узяць на сябе клопат пра сям’ю з 6 чалавек. Каб уратаваць сваіх блізкіх, ён прыняў адказнае рашэньне.

(Кажаневіч: ) “Мы даведаліся, што фармуецца польскае войска на Поўдні і хто ўступіць у польскае войска, то ягоная сям’я будзе зарэгістраваная на выезд з Савецкага Саюзу. Я пастанавіў уступіць у польскае войска.

У Куйбышаве я зарэгістраваў сваю сям’ю на выезд з СССР, але я яшчэ не належаў да войска. Трэба было ехаць аж да Самарканда ва Ўзбэкістан, яшчэ далей – у пасёлак Керменэ, каб прайсьці камісію на ўступ у польскае войска.

На станцыі там ужо былі тысячы ўкраінцаў і беларусаў, якіх палякі адкінулі, сказалі, што беларусаў і ўкраінцаў не прымаюць. Я ня ведаў, што рабіць, але пайшоў на камісію і сказаў праўду. Прынялі мяне ў войска, накіравалі мяне ў 7-ю пяхотную дывізію. Пазьней мяне прыпісалі да 4 кампаніі 2 батальёну 23-га палку. У гэтай кампаніі шэфам быў беларус з Баранавіч – Бабіноўскі. Ён выяўляў заўсёды сымпатыю да мяне і аднаго разу паклікаў да сябе і сказаў, што хоча мяне паслаць на падафіцэрскую школу”.

Пасьля таго, як хлопец атрымаў накіраваньне ў падафіцэрскую школу, ён пачаў вучыцца, але празь месяц цяжка захварэў на дызэнтэрыю.

(Кажаневіч: ) “Страшэнная была эпідэмія, наш полк страціў 242 салдаты. Потым я трошкі паправіўся і прыйшла вестка, што будзем выяжджаць за мяжу. Прыйшоў доктар і сказаў, што калі нехта хоча ехаць, то дадуць нам аўтамабіль, каб давезьці да станцыі. Я сказаў: “Я паеду”.

Па словах сп. Хведара, ён хацеў такім чынам уратавацца, бо там не было ніякіх умоваў для лячэньня. Ён працягвае свой аповяд.

(Кажаневіч: ) “Я сеў на карабель, прыехаў у Пэрсыю. Скончыў падафіцэрскую школу ў Іраку, праз Пэрсыю мы толькі праехалі. Мы меліся бараніць Ірак ад нашэсьця немцаў, там быў наш вайсковы абоз, стаяла 7-ая дывізія. Мясцовасьць была – Канакін, недалёка ад пэрсыдзкай мяжы. На поўнач ад нас былі нафтавыя палі, якія мы павінны былі бараніць, бо немцы ўжо прарываліся праз Каўказ”.

Але да вайны ў Іраку не дайшло, і жаўнераў чакала новае прызначэньне.

(Кажаневіч: ) “Далей нас з Іраку перакінулі ў Палестыну, там я скончыў шафёрскія курсы і далей апынуўся ў 7-й дывізіі, якую потым ліквідавалі. Мяне накіравалі ў танкавую брыгаду і перад Калядамі 1943 году нас перакінулі ў Эгіпэт, потым у Порт-Саід. Там нас заладавалі на караблі і мы паехалі ў Італію”.

У хуткім часе Хведару Кажаневічу давялося стаць сведкам адной з самых жорсткіх бітваў, якую вялі войскі саюзьнікаў на тэрыторыі Італіі пад час той вайны. Монтэ-Касіна – бэрнардынскі кляштар на гары, за якую ішла бойка, даў назву гэтай падзеі ў гісторыі.

(Кажаневіч: ) “Наступленьне на Монтэ-Касіна пачалося 12 траўня 1944 году, Мне пашанцавала, што я застаўся жывы. Найгорш пацярпела пяхота, у танках нам было крышку лепш. Там былі жорсткія баі. Гэты кляштар, які быў на гары, яго немцы апанавалі і мелі добрую абсэрвацыю на даліну Ліры, дзе праходзіла дарога на Рым.

Гэты кляштар меў з праваго боку яшчэ дзьве гары, таксама высокія. Адну гару – 593, як тады называлі, брала Карпацкая дывізія пяхоты, а другая – 575, яе брала 5-я дывізія пяхоты, у якой служыла шмат беларусаў і ўкраінцаў. Чаму яны трапілі ў гэтую дывізію? Гэта былі ваеннапалонныя ў Саветаў з польскага войска”.

У тых горах палегла шмат жаўнераў розных нацыянальнасьцяў, сярод іх было нямала беларусаў. Сп. Кажаневіч працягвае:

(Кажаневіч: ) “У мяне быў адзін знаёмы беларус – Кастусь Шыбіцкі, які служыў у 5-й санітарнай кампаніі. Ён цягаў гэтых раненых жаўнераў, казаў, што ў іх кампаніі было 147 чалавек, а засталося недзе 8. Зь іх кожнаму далі Крыж і прэмію, а яму – не, бо быў беларус.

На магільніку ёсьць сэкцыя, дзе ляжаць беларусы і ўкраінцы пад праваслаўнымі крыжамі, і то паважная сэкцыя”.

Сп. Хведар пагадзіўся з думкаю аб тым , што трэба было б паставіць там нейкі беларускі мэмарыяльны знак.

(Кажаневіч: ) “Гэта было б пажадана, вельмі пажадана, але я ня ўпэўнены, што мы ў сілах гэта зрабіць. Бачыце, для палякаў дапамагае ўрад з Варшавы. А нам хто дапаможа?”

Баявы шлях удзельніка бітвы пад Монтэ-Касіна скончыўся ў Балоньі. З Італіі Хведар Кажаневіч выехаў у Ангельшчыну.

Нягледзячы на ягоную ахвярнасьць дзеля сваёй сям’і, яго родным так і не ўдалося выехаць з Савецкага Саюзу, яны затрымаліся ў Казахстане. Пасьля вайны сям’я Кажаневічаў вярнулася ў Беларусь і пабудавала новы дом у сваёй спаленай немцамі вёсцы. Са сваімі роднымі Хведар Кажаневіч сустрэўся толькі праз 40 гадоў, калі ў 1984 годзе наведаў Бацькаўшчыну.

У Ангельшчыне сп. Хведар быў адным з тых эмігрантаў, якія запачаткавалі там беларускае жыцьцё. З 1947 году – сябра Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Ён балюча ўспрымае тое, што адбываецца на Бацькаўшчыне.

(Кажаневіч: ) “Дазволілі нават патаптаць беларускую мову і беларускую сымболіку. У мяне душа баліць, бо я усё ж 40 гадоў працаваў у беларускай арганізацыі. І такі сумны канец. Я калісьці цешыўся, што Беларусь дастала незалежнасьць, а цяпер сапраўды перажываю. Не магу паверыць, што такое магло стацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG