Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУКЦЫІ І РАЗЬВІЦЬЦЯ СКАРАЧАЕ СВАЮ ДЗЕЙНАСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ


Сяргей Абламейка, Прага

Неабходнасьць новай стратэгіі адносна Беларусі Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця патлумачыў тым, што з часу правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у верасьні летась ён не заўважыў ніякіх сьведчаньняў адданасьці Беларусі прынцыпам шматпартыйнай дэмакратыі. Новая стратэгія адносна Беларусі прадугледжвае, што Банк будзе надалей падтрымліваць свой невялікі партфэль пазыкаў у Беларусі і будзе падтрымліваць невялікія прыватныя кампаніі, але заблякуе любыя вялікія пазыкі ці інвэстыцыі ў эканоміку Беларусі.

Прэзыдэнт Эўрапейскага Банку Рэканструкцыі і Разьвіьця Жан Лем’ер у інтэрвію нашаму Радыё наступным чынам ахарактарызаваў новую стратэгію Банку адносна Беларусі:

(Лем’ер: ) “Банк выказаў занепакоенасьць палітычнай і дэмакратычнай сытуацыяй і эканамічнымі рэформамі ў Беларусі. Гэта было зроблена вельмі ясна, і мы мелі вельмі важныя дыскусіі з урадам. Пазыцыя, якую мы занялі два тыдні таму, простая: у цяперашні момант мы ня бачым, як Банк можа зрабіць у Беларусі больш, чым фінансаваць малыя і сярэднія прыватныя прадпрыемствы”.

Жан Лем’ер таксама сказаў, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў будучым магчымае, але толькі ў тым выпадку, калі яна зробіць посьпехі на шляху палітычных і эканамічных рэформаў. Жан Лем’ер удакладніў, што Беларусь павінна будзе паказаць тое, што ён назваў “важныя рэформы”, каб банк аднавіў практыку буйных пазыкаў дзяржаве.

(Лем’ер: ) “Мы гатовыя зрабіць і больш, калі будзе забясьпечаны нейкі прагрэс у дэмакратычных і эканамічных рэформах. Калі такі прагрэс будзе дасягнуты, мы маглі б зрабіць значна больш у прыватным сэктары, але зноў жа прагрэс павінен быць вельмі значны, каб мы пачалі даваць вялікія пазыкі дзяржаве”.

Сёньняшняе рашэньне Эўрапейскага Банку рэканструкцыі і разьвіцьця не было нечаканым. Яшчэ летась Банк заяўляў, што перагледзіць сваю стратэгію для Беларусі, сыходзячы з вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. У верасьні, як вядома, прэзыдэнт Лукашэнка перамог на выбарах, якія далёка адышлі ад дэмакратычных стандартаў.

Зараз не зразумела, якія наступствы будзе мець сёньняшняе рашэньне ЭБРР. Любое эканамічнае ўзьдзеяньне будзе нязначным з-за таго, што Банк не зьяўляецца буйным укладчыкам у эканоміцы Беларусі. Пачынаючы з 1991 году ён выдаткаваў Беларусі крэдытаў на агульную суму ў 200 мільёнаў эўра, у той час як краіны Ўсходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу атрымалі дапамогі на 10 мільярдаў эўра.

Камэнтуючы сёньняшняе рашэньне ЭБРР, Дыдэрык Лохман, прадстаўнік арганізацыі Human Rights Watch у Маскве заявіў, што рашэньне Банку вельмі нечаканае, але наўрад ці яно моцна паўплывае на сытуацыю.

(Лохман: ) “Вялікая праблема палягае ў тым, што існуе сапраўды мала рычагоў уплыву на Беларусь. Вы можаце крытыкаваць Беларусь, але кіраўніцтва Беларусі ня зьвяртае на крытыку увагі. Так што можна можце зрабіць вельмі мала, каб пакараць іх, або падштурхнуць іх у правільным кірунку”.

У новай стратэгіі Банку Беларусь зазнае зьнішчальную крытыку. У Беларусі, гаворыцца ў апублікаваным сёньня на сайце Банку дакумэнце з новай стратэгіяй, эканамічны пераходны працэс быў падарваны сытэмай цэнтралізаванага кіраваньня эканомікай. І такое становішча захоўваецца. Рынкавыя мэханізмы скажоныя, бізнэс ускладнёны дзяржаўным умяшальніцтвам, прыватызацыя, фактычна, спыненая, банкаўская сыстэма кіруецца ўрадам, а інвэстыцыйны клімат застаецца адным з найбольш цяжкіх у рэгіёне.

Беларуская дэлегацыя ў Бухарэсьце не адказала на просьбу Радыё Свабода аб інтэрвію, але адзін з беларускіх прадстаўнікоў заявіў, што Беларусь робіць посьпехі ва ўкараненьні рынкавых мэханізмаў.

Хартыя ЭБРР абавязвае яго падтрымліваць дэмакратычныя структуры ў краінах, куды накіроўваюцца інвэстыцыі.

Застаецца дадаць, што дзеяньні Банку ў Беларусі маюць прэцэдэнт. Летась з-за палітычных рэпрэсіяў у Туркмэністане Банк панізіў сваю прысутнасьць у гэтай краіне да падтрымкі некалькіх дробных фірмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG