Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА: ЯКІМ БУДЗЕ КАНСТЫТУЦЫЙНЫ АКТ САЮЗНАЕ ДЗЯРЖАВЫ — БУДУЦЬ ВЫРАШАЦЬ ЮРЫСТЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сустракаючыся сёньня зь міністрам юстыцыі Расеі Юрыем Чайкам, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што галоўным пытаньнем працэсу пабудовы саюзнае дзяржавы ёсьць стварэньне праўнае асновы, а ў цэнтры гэтай асновы мусіць знаходзіцца саюзная канстытуцыя.

Далей спадар Лукашэнка сказаў: “Ёсьць пытаньні, вырашэньне якіх будзе залежаць ад кіраўнікоў дзяржаваў. Але якім быць канстытуцыйнаму акту — у шмат чым давядзецца вырашыць менавіта юрыстам”.

Сёньня ж у Менску прайшла супольная калегія міністэрстваў юстыцыі Беларусі й Расеі. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі я задаў спадару Чайку пытаньне: якім жа будзе канстытуцыйны акт гэтак званае саюзнае дзяржавы?

(Чайка: ) “Сёньня ступень гатовасьці гэтага дакумэнта вельмі высокая. Літаральна нядаўна расейскія экспэрты былі ў Менску. Яны зьвяралі гадзіньнікі. А потым ужо прэзыдэнты будуць глядзець. Прэзыдэнтаў спытайце”.

Ягоны беларускі калега Віктар Галаванаў на прэсавай канфэрэнцыі ўвесь час нагадваў, што трэба найперш выконваць нацыянальныя канстытуцыі, а потым увогуле заявіў:

(Галаванаў: ) “Памылковая думка пра тое, што ўніфікацыя заканадаўства значыць, што нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь мусяць супадаць з нормамі заканадаўства Расейскае Фэдэрацыі. Зусім не! Па-першае, яны мусяць адпавядаць канстытуцыям кожнай з краін, па-другое, яны мусяць адпавядаць агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнароднага права”.

Наконт прынцыпаў міжнароднага права я паспрабаваў паразмаўляць і з расейскім міністрам. Аднак на пытаньне, што ён думае пра канфлікт Беларусі з АБСЭ, Юры Чайка адказаў: “Я нічога ня думаю”.

Больш пашанцавала журналісту Валерыю Шчукіну, які папрасіў спадара Чайку параўнаць умовы правядзеньня пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў у Маскве ды ў Менску, а таксама жорсткае абыходжаньне беларускіх уладаў з удзельнікам такіх акцыяў.

(Чайка: ) “Усялякая дэмакратыя прадугледжвае найперш парадак і дысцыпліну, пабудаваную на праве. Што да таго, што вы мне сказалі, — дык я ня думаю, што гэта так адбываецца. Чаму? Таму што я, будучы яшчэ першым намесьнікам генэральнага пракурора Расейскай Фэдэрацыі, супрацоўнічаў з нашымі калегамі з Пракуратуры РБ вельмі доўга. Гэта прафэсіяналы высокай клясы. Калі сапраўды зьдзейсьненае злачынства — людзі будуць пакараныя. Таму ў мяне тут ніякіх сумневаў няма, што ў РБ жывуць паводле законаў”.

Сёньня ж Юры Чайка заявіў у Менску, што ў Расеі пабудаваная “адзіная вэртыкаль юстыцыі”.
XS
SM
MD
LG