Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ НАВЕДАЕ ЭЎРАПЕЙСКІЯ КРАІНЫ І РАСЕЮ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Першы прыпынак у Эўропе Джордж Буш зробіць у сталіцы Нямеччыны. Чакаецца, што Бэрлін сустрэне яго тысячамі дэманстрантаў, якія будуць пратэставаць супраць палітыкі Белага Дому на Блізкім Усходзе, а таксама ў пытаньнях навакольнага асяродзьдзя і гандлю. У акцыях пратэсту могуць узяць удзел левыя экстрэмісты, у сувязі з чым парадак на вуліцах будуць ахоўваць 10 тысячаў паліцыянтаў, што зьяўляецца рэкордам для паваеннай Нямеччыны.

Пасьля перамоваў з канцлерам Герхардам Шродарам і наведаньня Бундэстагу прэзыдэнт Буш выедзе ў Маскву. Пасьля сустрэчы сам-насам з Пуціным прэзыдэнты падпішуць згаданае пагадненьне, пра якое дарадніца Буша ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс сказала:

“Гэтае пагадненьне, якое зьмясьцілася на трох старонках, заняло шэсьць месяцаў падрыхтоўкі. Яно засьведчыць, што рэцэдывы Халоднай вайны засталіся ў мінулым і адносіны паміж дзьвюма краінамі перайшлі ў новую стадыю супрацоўніцтва і сяброўства”.

Далей Буш і Пуцін абмяркуюць пытаньні перадачы расейскіх ядзерных тэхналёгіяў Ірану – краіне, якая, паводле Буша, зьяўляецца спонсарам тэрарызму і, разам з Іракам і Паўночнай Карэяй, складае вось зла. Прэзыдэнты разгледзяць пытаньні нераспаўсюджаньня ядзернай зброі, а таксама гарантыі таго, што ніякая расейская зброя масавага зьнішчэньня ня трапіць у рукі тэрарыстаў.

У пятніцу Буш сустрэнецца з расейскімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, каб падтрымаць расейскую дэмакратыю, а ў суботу наведае Санкт-Пецярбург, дзе, разам з Пуціным, сустрэнецца са студэнтамі, выступіць па тэлебачаньні і наведае Казанскі Сабор ды сынагогу.

У нядзелю Джордж Буш прыедзе ў Парыж. У часе сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Жакам Шыракам бакі абмяркуюць пытаньні вайны супраць тэрарызму і адносіны паміж Расеяй і Захадам. Затым Буш возьме ўдзел у сьвяткаваньні дня памяці ў Нармандыі, дзе ў часе другой усясьветнай вайны загінула шмат амэрыканскіх вайскоўцаў.

У панядзелак прэзыдэнт Буш прыляціць у Рым для перамоваў с прэм’ер-міністрам Італіі Сільвіа Бэрлусконі і сустрэчы з Папам Янам Паўлам Другім.
XS
SM
MD
LG