Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКIЯ ЎЛАДЫ ВЫРАШЫЛI ЗАБАРАНІЦЬ УВОЗ ЯЛАВIЧЫНЫ ПОЛЬСКАГА ПАХОДЖАНЬНЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Кiраўнiк пункту вэтэрынарнага памежнага кантролю ў Берасьцi Ўладзiмер Кавальчук паведамiў, што цяпер на беларуска-польскай мяжы вэтэрынары пiльна сочаць за правозом харчоў. Асаблiваму кантролю падлягаюць мясныя вырабы. Спадар Кавальчук пацьвердзiў, што памежныя вэтэрынары атрымалi зь Менску загад забаранiць увоз з Польшчы ялавiчыны. Гэта выклiкана паведамленьнямi пра каровiнае шаленства, выяўленае ў гэтай краiне.

Варта заўважыць, што ўпершыню iнфармацыя пра выпадак каровiнага шаленства ў Польшчы зьявiлася яшчэ на пачатку траўня. Краiны Эўразьвязу, а таксама ўсе суседзi Польшчы (акрамя Беларусi) адразу заявiлi, што прыпыняюць iмпарт польскай ялавiчыны. У той жа час прадстаўнiкi беларускiх вэтэрынарных службаў сьцьвярджалi, што грамадзянам Беларусi нiчога не пагражае.

Уладзiмер Кавальчук тлумачыць гэты факт тым, што раней вэтэрынары кантралявалi на мяжы толькi партыi мясапрадуктаў вагой больш за 15 кiляграмаў. Гэтым традыцыйна карысталiся “чаўнакi”, якiя правозяць абмежаваную колькасьць мясных вырабаў ня толькi для ўласнага спажываньня, але i на продаж.

Сёньня ранiцай каля берасьцейскага цэнтральнага рынку амаль не магчыма было заўважыць гандляроў мяснымi харчамi, прывезенымі з Польшчы. Але наведнiкi рынку гавораць, што адноснае зацiшша ў гандлi мяснымi вырабамi — справа часовая. Апошнi час гэты стыхiйны гандаль набыў вялiкую папулярнасьць i прываблiваў пакупнiкоў коштамi на мяса ды каўбасныя вырабы. Пакупнiкi звычайна не пытаюцца, адкуль паходзiць таннае мяса цi сала.

Мала хто з гандляроў верыць, што вэтэрынарныя службы здолеюць кантраляваць усiх, хто наведвае Польшчу. Дарэчы, немагчымасьць дзейснага кантролю пацьвердзiлi самi памежныя вэтэрынары. Нават цяпер, пасьля адпаведнага загаду, кожны цягнiк на мяжы аглядаюць толькi два супрацоўнiкi вэтэрынарнага памежнага кантролю. Яны ня здольныя перагледзець усе торбы беларускiх “чаўнакоў”, што вяртаюцца з Польшчы пасьля закупаў.
XS
SM
MD
LG