Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО ПЕРАКАНАЛА ДЭЛЕГАЦЫЮ ПА АБСЭ НЯ МЕЦЬ ІЛЮЗІЯЎ АДНОСНА БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Ва ўсіх партыяў, што ўваходзяць у Кансультацыйную раду, сёньня няма сумневу ў тым, што неабходна ўдзельнічаць у выбарах у мясцовыя органы ўлады, якія павінны прайсьці ў наступным годзе. Пра гэта і заявіў дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён адзначыў, што "цяпер праблема ў тым, які мэханізм каардынацыі абраць: ці то перадвыбарны блёк, ці мэханічны падзел выбарчых акругаў, ці нешта іншае".

Кіраўніца дэлегацыі Ута Цапф з задавальненьнем успрыняла паведамленьне пра жаданьне апазыцыйных сілаў актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Раней да яе даходзілі чуткі, што некаторыя партыі нібыта гатовыя байкатаваць выбары.

Аднак партыйныя лідэры папярэдзілі міжнародных парлямэнтароў, каб тыя ня мелі вялікіх ілюзіяў. У прыватнасьці, кіраўнік партыі камуністаў Сяргей Калякін баіцца магчымага афіцыйнага закрыцьця сваёй партыі ўжо ў жніўні. Менскія ўлады спрабуюць высяліць кіраўніцтва партыі з офісу. Калі гэта здарыцца, дык Міністэрства юстыцыі зможа ліквідаваць партыю на той падставе, што яна ня будзе мець юрыдычнага адрасу, патлумачыў Сяргей Калякін.

Яшчэ большую трывогу выклікаюць пляны ўлады праз рэферэндум ці іншым шляхам абмежаваць і без таго невялікія правы мясцовых саветаў. Нават праект канцэпцыі рэфармаваньня сыстэмы мясцовай ўлады, які ўжо паступіў у так званую палату прадстаўнікоў, не прадугледжвае абраньня мясцовых кіраўнікоў праз выбары. Такім чынам, так званая вэртыкаль застанецца непарушнай.

Удзельнік сёньняшняй сустрэчы Вінцук Вячорка спадзяецца, што яму з калегамі па радзе ўдалося пераканаць дэлегацыю:

(Вячорка: ) "Я хацеў бы вельмі, каб гэты візыт не разглядаўся як чарговы. На вялікі жаль, ёсьць такое ўражаньне — ужо бачанага. Мы гэта ўжо бачылі і чулі, і, відаць, нашыя госьці бачылі і чулі. Нічога не мяняецца, у крайнім выпадку — становіцца горш. І я вельмі спадзяюся, што тыя факты, якія мы ім выклалі, факты, якія датычаць ўсіх чатырох умоваў АБСЭ, пераканаюць нашых гасьцей, што ранейшую лінію дачыненьня да ўладнага рэжыму трэба вытрымліваць. Вытрымліваць яе жорстка і бяз выняткаў і ня мець ілюзіяў наконт магчымасьцяў перавыхаваць кагосьці, растлумачыць ці пераканаць. Гэтаксама недапушчальна замяняць чатыры ўмовы, якія Лукашэнка яўна не жадае выконваць і дэманстратыўна не выконвае, нейкімі іншымі, якія, як яны мяркуюць, ён выканаць можа. Думаю, што агульная нашая трывога наконт магчымага рэфэрэндуму ўсё ж такі перадалася і гасьцям".

Спадарыні Ута Цапф і Хэлена Дэмакава з Латвіі (яшчэ адзін сябра дэлегацыі Урбан Алін са Швэцыі перанёс свой прыезд у Менск з 21 на 22 траўня) паабяцалі ў сераду атрымаць адказы на ўсе ўзьнятыя пытаньні ад афіцыйных уладаў Беларусі.

Сёньня ўвечары родныя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі падчас сустрэчы з дэлегацыяй папрасілі правесьці ў камітэце Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адмысловыя слуханьні. Дарэчы, гэты камітэт, які займаецца праблемамі правоў чалавека, цяпер узначальвае былы сябра адмысловай рабочай групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ Герд Вайскірхен зь Нямеччыны.

Што датычыць магчымых далейшых сцэнароў разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі, дык Ута Цапф пакуль адмовілася іх прагназаваць, сказаўшы, што "нашая дэлегацыя прыехала ў Менск перш за ўсё для таго, каб слухаць іншых".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG