Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНОЎ СУДЗЯЦЬ ЭКС-ПРЭМ’ЕРА МІХАІЛА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс, які пачаўся сёньня ў Фрунзенскім райсудзе Менску — другі ў біяграфіі Міхаіла Чыгіра. Вынікам першага, у 2000 годзе, стала прызнаньне экс-прэм’ера датычным да зьнікненьня мільёна даляраў з рахунку “Белаграпрамбанку” ў той час, калі ён кіраваў банкам і распачаў будаўніцтва для яго новага офісу.

Ініцыятыва каштавала Чыгіру тры гады умоўнага пакараньня, але праз паўгоду Вярхоўны суд адмяніў гэты вэрдыкт і накіраваў справу на новае расьсьледаваньне. І вось цяпер яна вярнулася ў суд. Гэтым разам экс-прэм’ера абвінавачваюць у службовай нядбайнасьці, а ў дадатак яшчэ і ў нявыплаце падаткаў за той час, калі ён працаваў кансультантам нямецкага канцэрну “Геа”.

Калі службовая нядбайнасьць цягне максымум на два гады турмы, то нявыплата падаткаў можа каштаваць Міхаілу Чыгіру сем гадоў зьняволеньня.

Міхаіл Чыгір, як і раней, не прызнае сябе вінаватым ні ў эпізодзе зь мільёнам даляраў, ні з падаткамі. Настойлівае жаданьне пасадзіць яго ў турму экс-прэм’ер тлумачыць палітычнай замовай зьверху ды імкненьнем сьледчых апраўдаць тыя восем месяцаў, на якія яго пазбавілі волі ў 1999 годзе, пасьля арышту яшчэ да суду. Вось як Чыгір пракамэнтаваў прэтэнзіі да яго з боку пракуратуры:

(Чыгір: ) “Наагул, гэта сьмешна — розныя зусім абвінавачаньні. Але справа ў тым, што я знаходзіўся восем месяцаў у ізаляцыі, а за што — на гэта ніхто ня можа даць адказу. Таму будуць чапляцца за любую дзробязь, за тое, што нешта ня тое зрабіў ці сказаў, ня той крок зрабіў”.

Прадстаўнік пракуратуры Анатоль Юркевіч сёньня выклаў суду доказы таго, што Чыгір датычны да зьнікненьня мільёна даляраў і вінаваты ў нявыплаце падаткаў. Асаблівую ўвагу пракурор надаваў заробкам Чыгіра ў нямецкім канцэрне. Усяго, паводле пракурора, за 1998 і 1999 гады Чыгір зарабіў больш за 135 тысяч нямецкіх марак, але падаткаў з гэтых грошай не сплаціў.

Прадстаўніца падатковай інспэкцыі Зінаіда Пілецкая збольшага пацьвердзіла словы пракурора, але незразумелай была яе адмова адказваць на пытаньні адваката Чыгіра, якія тычыліся асаблівасьцяў беларускіх падатковых законаў.

Яшчэ адной нечаканасьцю на працэсе стала адмова ад выступу прадстаўніка “Белаграпрамбанку”. Аказалася, што ў банку яшчэ ня вырашылі, ці варта прад’яўляць былому старшыню Міхаілу Чыгіру нейкія грашовыя прэтэнзіі.

Суд адновіцца 27 траўня. Належыць заслухаць больш за 20 сьведкаў, таму ня выключана, што і гэты працэс, як было зь першым працэсам над Міхаілам Чыгіром, зацягнецца на працяглы час.
XS
SM
MD
LG