Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАСОПІС “WPROST”: “ЛУКАШЭНКА АДМЫВАЕ ГРОШЫ Ў ПОЛЬШЧЫ”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“У часе спраўджваньня розных зьвестак што да спосабаў адмываньня атрыманых за зброю грошай, а таксама фірмаў, якія гэтым адмываньнем займаюцца, аказалася, што ўсе шляхі вядуць да беларускага КГБ. КГБ са згоды Лукашэнкі стварыў сетку фірмаў і банкаў, якія ня толькі гандлююць зброяй, але займаюцца яшчэ і кантрабандным продажам ірацкай нафты, дапамагаючы такім чынам рэжыму Садама Хусэйна прадаваць больш нафты, чым дазваляюць ліміты, вызначаныя ААН” – пішуць аглядальнікі часопісу “Wprost” Ян Чурыловіч і Віялета Красноўская.

Паводле аўтараў, пастаўкамі зброі і вайсковай амуніцыі зь Беларусі займаецца дзяржаўнае прадпрыемства “Белспэцзьнештэхніка” а такасама прыватная фірма “Белтэхэкспарт”, дзе працуюць у асноўным былыя і цяперашнія агенты КГБ. Каардынуе іхную дзейнасьць “Інфабанк”, якім кіруюць блізкія да Лукашэнкі асобы. У якасьці найважнейшых пасярэднікаў у часе адмываньня грошай выступае дачэрняя фірма “Інфабанку” “Белмэталэнэрга” і фірма “Capital and Business Management”, якая мае штаб-кватэру ў Вене.

Паводле часопісу, ад пакупнікоў беларускай зброі грошы йдуць на рахунак “Capital and Business Management”. Адтуль невялікімі сумамі перасылаюцца на рахункі фікцыйных фірмаў, зарэгістраваных у розных частках сьвету, і ўжо пазьней, у выглядзе аплаты за нейкія быццам бы выкананыя замовы, грошы трапляюць да замежных прадстаўніцтваў беларускіх фірмаў.

Як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, пасьля столькіх пераказаў амаль немагчыма дакладна высьвятліць, зь якой краіны паступае тая ці іншая сума, а значыць, каму дакладна і колькі Беларусь прадае зброі.

Паводле аўтараў артыкулу, у здабываньні кантактаў беларускім гандлярам зброяй дапамагаюць замежныя прадстаўніцтвы беларускіх фірмаў, асабліва Менскага аўтамабільнага заводу.

Былы намесьнік генэральнага дырэктара МАЗу па зьнешнеэканамічных сувязях Аляксандар Якаўлеў, які жыве цяпер у Польшчы, на пытаньне, якая роля замежных прадстаўніцтваў гэтага прадпрыемства ў гандлі зброяй, паведаміў Радыё Свабода наступнае:

(Якаўлеў: ) «Калі я працаваў – ад лютага 1996 да лістападу 2000 году – МАЗ такімі справамі не займаўся».

Прадстаўніцтва МАЗу – “МАZ Auto Poland” – ёсьць і ў польскім горадзе Пясэчна. Намесьнік дырэктара прадстаўніцтва Юры Міхайлоўскі нават ня ведаў, колькі грузавікоў – 5, 10 ці 100 было прададзена летась. Але, як высьвятлілі аўтары артыкулу, ад пачатку мінулага году на рахунак польскага прадстаўніцтва МАЗу пачалі пералічвацца грошы зь венскага офісу фірмы “Capital and Business Management”. Паводле Аляксандра Якаўлева, калі ён працваў на МАЗе, польскае прадстаўніцтва прадпрыемства нелегальнымі апэрацыямі не займалася. Ці займаецца цяпер – ён ня ведае.

(Якаўлеў: ) «Пры мне гэтая фірма займалася тым, чым павінна была займацца, а што было ад 2001 году – я ня ведаю».

У дадзены момант дзейнасьць “МАZ Auto Poland” вывучаюць адпаведныя дзяржаўныя ўстановы Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG