Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЛЬШЫНЯ НАЙСТАРЭЙШЫХ БЕЛАРУСКІХ ВЫДАВЕЦТВАЎ БУДЗЕ АЛЬБО ЗЬЛІКВІДАВАНАЯ, АЛЬБО ДАЛУЧАНАЯ ДА ІНШЫХ


Ігар Карней, Менск

Гэтую вестку калектывы выдавецтваў успрынялі дастаткова балюча: кожны разумее, што найперш гэта пацягне вялікія скарачэньні штатаў. Пра сутнасьць рэарганізацыі выдавецкай галіны, якую ладзіць дзяржава, распавядае кіраўнік выдавецтва “Мастацкая літаратура” Георгі Марчук:

(Марчук: ) “Ёсьць загад аб далучэньні выдавецтва “Юнацтва” да “Мастацкай літаратуры”, “Унівэрсытэцкага” — да “Вышэйшай школы” і аб аб’яднаньні ў адно трох выдавецтваў — “Полымя”, “Ураджаю” і “Беларусі”. На падставе загаду зараз ідуць прыкідкі наконт штатнага раскладу, накірунку, канцэпцыі, новага падыходу. Тут, напэўна, цэлы комплекс праблемаў. Відаць, найперш эканамічная сытуацыя складаная; нерэнтабэльнасьць сюды можна дапасаваць, хоць нашае выдавецтва якраз мінулы год спрацавала добра. Таму, выступаючы на апошняй калегіі, я быў супраць аб’яднаньняў. Я прапанаваў скараціць трошачкі штат кожнага выдавецтва і захаваць свае фарпосты ў кожным накірунку. Аднак поўным ходам ідзе праца па аб’яднаньні”.

Калі спадар Марчук застаецца на чале новага аб’яднаньня, то дырэктар выдавецтва “Полымя” Міхал Івановіч губляе пасаду: паўвекавая гісторыя “Полымя” заканчваецца, і выдавецтва ўваходзіць у склад “Беларусі”. З гледзішча Івановіча, цяперашняя рэарганізацыя наўрад ці мае эканамічныя падставы.

(Івановіч: ) “На маю асабістую думку, дык тут эканамічных прычынаў я ня бачу. З аднаго боку, утвараюцца выдавецтвы: у нас амаль сотня недзяржаўных. Навошта тады ліквідаваць? Здаецца, у такіх эканамічных варунках меншым наадварот лягчэй выжываць, чым вялікім”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму ўзяліся за рэарганізацыю менавіта старэйшых дзяржаўных выдавецтваў? І акурат у той самы час, калі падобнае зробленае зь літаратурна-мастацкімі часопісамі?”

(Івановіч: ) “Бог яго ведае. Можа, ёсьць тут і паралелі — прынамсі, мае рацыю той, хто так лічыць. Дзяржава чамусьці думае, што будзе лепей, калі выдавецтваў стане меней. Але якая розьніца, калі кожны можа пайсьці, зарэгістравацца для выдавецкай дзейнасьці, атрымаць ліцэнзію?”

Запытваю ў спадара Івановіча, як адрэагаваў на пэрспэктыву страты самастойнасьці калектыў?

(Івановіч: ) “Калектыў вельмі перажывае. Вы ж ведаеце, што працаўладкаваньне — справа зараз надзвычай складаная. Тым больш, людзі адпрацавалі ў гэтай сфэры многія гады, таму перакваліфікавацца вельмі цяжка”.

Ці адрэагуюць на такую рэформу выдавецкай дзейнасьці літаратары і якой можа быць іхная рэакцыя? Спадар Івановіч мяркуе, што, хутчэй за ўсё, адпаведныя ацэнкі будуць зробленыя ў часе маючага адбыцца зьезьду Савету пісьменьнікаў.

З усіх дзяржаўных выдавецтваў, відавочна, толькі адно ня будзе рэарганізаванае — гэта выдавецтва “Народная асьвета”. Кіраўнік установы Ігар Лапцёнак тлумачыць гэта перадусім спэцыфікай выдавецтва, якое працуе паводле дзяржаўнай замовы. Але й ён ня бачыць станоўчых бакоў маючага адбыцца аб’яднаньня, бо фінансаваньне выдавецтваў адбываецца паводле рэшткавага прынцыпу.

(Лапцёнак: ) “Да 1 студзеня гэтага году была, паводле загаду прэзыдэнта, падтрымка — былі льготы на падаткі. Зараз іх няма, і адначасна падвысіўся кошт друкаванвай прадукцыі на 30%. Да таго дайшлі, што “праелі” свае абаротныя сродкі, навыпускалі літаратуры, а яна цяпер ляжыць мёртвым грузам. Я, апроч падручнікаў, яшчэ прадукую так званую мэтадычную літаратуру, дапаможнікі, слоўнікі. Вось гэтая літаратура залежваецца.

Хоць фармальна настаўнікі нейкую дапамогу атрымліваюць на набыцьцё мэтодык, на попыце гэта ніяк не адбіваецца. На 32 мільёны рублёў ляжыць літаратуры на складах. Усе свае абаротныя сродкі загнаў, выпусьціў пад сорак найменьняў — прыпыніўся, няма грошай. Дадуць яшчэ — значыцца, яшчэ зробім”.

Такім чынам, палова старэйшых беларускіх выдавецтваў ужо неўзабаве спыніць існаваньне. У выніку рэарганізацыі выдавецтвы “Полымя”, “Юнацтва”, “Унівэрсытэцкае”, “Ураджай” будуць закрытыя, а супрацоўнікі будуць вымушаныя шукаць іншай працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG