Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЗЭТА “НАША СВАБОДА” ПРЭЗЭНТАВАЛА ЧЫТАЧАМ СВОЙ НОВЫ ПРАЕКТ — ТЭМАТЫЧНЫ ДАДАТАК “ПАЛІТЫКА”


Галіна Абакунчык, Менск

“Наша свабода” сёньня выйшла ў новым афармленьні й двух колерах. Яна па-ранейшаму будзе выдавацца на шаснаццаці палосах двойчы на тыдзень, але зь сёньняшняга дня ў двух варыянтах: у пятніцу — у звыклым для газэты фармаце, а ў аторак у выглядзе газэты “Палітыка”. Гэта тэматычны выпуск “Нашай свабоды”, у якім аналізуюцца палітычныя, эканамічныя й сацыяльныя праблемы краіны.

Гаворыць галоўны рэдактар “Нашай свабоды” Павал Жук:

(Жук: ) “У краіне па-сутнасьці няма ніводнай газэты й ніводнага часопіса, які можа асэнсаваць палітычныя праблемы, іх разьвіцьцё, справы ў партыях. Трэба, каб менавіта газэта магла даваць нармальную інфармацыю, каб яе чыталі, цытавалі й разглядалі як важную інфармацыйную адзінку. Разам з гэтай газэтай мы мяняем і дызайн газэты “Наша свабода”, а з заўтрашняга дня будзе новы выгляд Інтэрнэт-сайту.

Мы будзем адыходзіць ад практыкі аднарадковай перадачы фактаў, а па кожным матэрыяле будзем даваць разгорнутую аналітычную інфармацыю, пачынаючы ад сацыяльнай тэматыкі і заканчваючы палітыкай. Мы павінны заняць сваё месца на рынку і быць генэратарамі думак, каб нас болей чыталі”.

Газэта “Палітыка” — гэта супольны праект рэдактара Паўла Жука й журналіста Міхася Падаляка і фактычна самастойнае выданьне. Пад патранажам “Нашай свабоды” яно выходзіць з прычыны недахопу сродкаў, але ўжо да восені выдаўцы спадзяюцца стварыць голдынг, аснову якога складуць “Наша свабода” і “Палітыка”. Міхась Падаляк перакананы, што “Палітыка” здольная займець шырокую чытацкую аўдыторыю.

(Падаляк: ) “Магу сказаць дакладна, што ў нас будзе лепш — у нас будзе больш інфармаваная газэта. Я прыхільнік таго, што журналіст павінен працаваць з эксклюзіўнай інфармацыяй. На рынку не бывае занятых нішаў, і калі вы выпускаеце якасны прадукт, на яго заўсёды будзе попыт. Аўдыторыя такой газэты, як “Палітыка”, можа вырасьці да ста тысяч чалавек”.

Паводле ягоных словаў, “Палітыка” будзе расейскамоўным 16-палосным тыднёвікам, але з часам газэта, магчыма, распачне выкарыстоўваць і беларускую мову. “Наша свабода” застанецца беларускамоўнай, але з восені, як мяркуе Павал Жук, будзе выходзіць штодня. Разам з тым абодва выдаўцы прызнаюць, што гэта аптымістычны варыянт разьвіцьця падзеяў. Многае будзе залежаць ад стаўленьня ўладаў да незалежнай прэсы, а таксама ад прафэсіяналізму журналістаў і чытацкай цікавасьці да абедзьвюх газэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG