Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІІ


Кастусь Бандарук, Прага

Спэцыяльная праграма (Key2Audio) тэарэтычна павінна была прадухіліць пірацкае капіяваньне музыкі з кампакт-дыскаў. Сутнасьць новага забесьпячэньня палягала ў тым, што на першай сьцежцы кампакт-дыску быў зьмешчаны спэцыяльны код, які кампутар счытвае бясконца і не пераходзіць да асноўнага запісу музыкі. У тым, што кпіны інтэрнаўтаў з фірмы Sony слушныя, пераканаліся журналісты агенцтва Reuters. Яны набылі найноўшы кампакт Сэлін Дыён “A New Day Has Come”, забясьпечаны новай супраць-пірацкай тэхналёгіяй Key2Audio. Згодна з парадай вынаходлівых інтэрнаўтаў яны зачарнілі абрамленьне кампактнага дыску чорным флямастарам, і паплыла музыка, якую затым звычайна перайгралі на цьвёрды дыск кампутара. “ Цікава, што цяпер прыдумае фірма Sony супраць пірацкага капіяваньня. Можа, забароніць ўжываць флямастары” – жартуюць аматары музыкі ў інтэрнэце.

* БОСТАН. Учора ў сваёй хаце ў Нью-Ёрку на 60-м годзе жыцьця памёр ад раку адзін з найбольш вядомых у сьвеце навукоўцаў – Джэй Гулд (Jay Gould). Ён быў прафэсарам Гарвардзкага ўнівэрсытэту і адным з найбольш пладавітых аўтараў, чые навуковыя працы мелі значны ўклад ў дэбаты над эвалюцыяй і паўплывалі на выпрацоўку навуковых стандартаў у школах. Гулд зьяўляецца аўтарам папулярна-навуковых працаў у галінах геалёгіі, палеаанталёгіі і эвалюцыйнай біялёгіі. У 1981 годзе за сваю працу “Вялікі Палец Панды” (“The Panda’s Thumb”) ён атрымаў прэстыжную ўзнагароду за найлепшую кніжку году. Год пазьней за іншую працу “Няправільнае вымярэньне чалавека” (“The Mismeasure of Man”), Джэй Гулд быў ўзнагароджаны галоўным прызам амэрыканскіх крытыкаў.

* ТЭЛЬ-АВІЎ. Спэцыялісты зь сельскагаспадарчага факультэту Габрэйскага ўнівэрсытэту ў Рэгавот (Rehavot) у Ізраілі вырасьцілі курыцу, цалкам пазбаўленую пер'я. Аб гэтым надзвычай практычным вынаходніцтве ў панядзелак паведамілі ізраільскія масмэдыі. Аголеная курыца лепш пераносіць сьпякоту. Ў яе значна менш тлушчу, які ў значнай ступені гуртуецца пад скурай вакол цыбуляў пер'я. Кіраўнік праекту прафэсар Авігдор Каганэр (Awigdor Kahaner) адзначае, што ў адрозьненьне ад звычайных курэй, новая курыца мажа нават ў гарачым клімаце поўнасьцю скарыстаць свой патэнцыял росту. Акрамя таго, адпадае праблема маруднага скубаньня гэтых птушак, бо ў новай курыцы няма нават тых рэштак пер'я, зь якімі змагаюцца пакупнікі.

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Дасьледчыкі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту працуюць над стварэньнем паветраных і наземных робатаў ваеннага прызначэньня, якія будуць зьвязаныя паміж сабою і з цэнтрам бесправоднай сеткай сувязі. Праект называецца “Інтэлектуальная мультымэдыйная сетка аўтаномных мабільных агентаў”. Ваенна-марскі флот ЗША выдзяліў на распрацоўку гэтага праекту 11 мільёнаў даляраў. Ў выніку ўзброеныя сілы ЗША спадзяюцца авалодаць новай выведвальнай сыстэмай, якая спрацуе нават ў найбольш складанай баявой абстаноўцы.

* ЛЁНДАН. Футбольны чэмпіянат сьвету ў Сэўле, апрача ўсяго астатняга, будзе трыюмфам тэхнічнай думкі. Паводле лёнданскай газэты “Таймс”, стадыёны абароненыя ад землятрусаў, трава мае быць абноўленая перад кожным матчам, за станам вады будуць сачыць чульлівыя на яе чысьціню крэветкі, а ў туалетах будзе гучэць клясычная музыка. Мячы будуць лягчэйшыя і ў сярэдзіне напоўненыя мікраскапічнымі балёнчыкамі з газам. Выпушчаныя напярэдадні гульняў мабільныя тэлефоны новага пакаленьня зьмяшчаюць ў сабе фотакамэры, здымкі зь якіх можна рассылаць па Інтэрнэце. Арганізатары чэмпіянату падумалі таксама пра хуліганаў. Паліцэйскія вадамёты будуць мець электроннае табло з папярэджаньнямі на 6 мовах.

* НЬЮ-ДЖЭРСЫ. ЗША. Амэрыканскія навукоўцы паведамілі пра вельмі практычнае вынаходніцтва. Яны распрацавалі тэхналёгію незвычайнага мыла. Яно стварае на скуры абалонку, якая выдатна засьцерагае ад бактэрыяў. Навукоўцы сьцьвердзілі, што на руках, памытых новым мылам, асядае на 58% менш бактэрыяў, чым ў выпадку карыстаньня звычайным мылам. Пры распрацоўцы новага мыла былі скарыстаныя, толькі ў адпаведнай прапорцыі, агульнадаступныя касмэтычныя сродкі.

* ЛОС-АНДЖЭЛЕС. Згодна з апублікаванымі ў панядзелак зьвесткамі, 7% багатых амэрыканцаў гатовыя заплаціць па 20 мільёнаў даляраў за два тыдні ў космасе, а 19% багацеяў не пашкадуюць 100 тысячаў даляраў за 15-хвілінны касьмічны палёт. Апытаньне было праведзенае на замову касьмічнага агенцтва НАСА, якое сур’ёзна абмяркоўвае магчымасьць камэрцыйных касьмічных палётаў у найбліжэйшыя 20 гадоў для багатых турыстаў. На думку прадстаўніка НАСА Дэрэка Вэбэра, на першым этапе гэта былі б кароткія палёты на вышыню да 100 кілямэтраў.

* НЬЮ-ЁРК. Навукоўцы з ЗША прыйшлі да высновы, што белае віно можа карысна ўплываць на лёгкія. Абсьледаваньне 1500 чалавек выявіла, што ў людзей, якія п’юць белае віно, лепшае дыханьне чым ў тых, хто аддае перавагу піву або іншым сьпіртным напоям. Навукоўцы лічаць, што на добры стан лёгкіх ўплываюць анты-аксыданты ў белым віне. Варта адзначыць, што згодна з ранейшымі дасьледаваньнямі чырвонае віно таксама карыснае для здароўя чалавека, аднак яно дзейнічае на іншыя органы.
XS
SM
MD
LG