Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

Мааісцкія паўстанцы – заўзятыя ворагі Індыі і індыйскай цывілізацыі і выступаюць супраць вывучэньня ў Нэпале санскрыту – клясычнай мовы індуізму. Мааісты кантралююць каля 40% тэрыторыі Нэпалу.

* ЛЁНДАН. Арыгінальная партытура Дзявятай сымфоніі Бэтховэна была прададзеная на аўкцыёне “Садэбіз” за 1 мільён 300 тысячаў фунтаў стэрлінгаў. Прадстаўнік аўкцыёну паведаміў, што пачатковы кошт партытуры складаў ад 150 да 200 тысячаў фунтаў. Гэты першы варыянт адной з самых папулярных сымфоніяў быў напісаны ў 1818 годзе – за шэсьць гадоў да яе прэм’еры. Партытуру выставіў на продаж фонд падтрымкі музычнай адукацыі, назва якога трымаецца ў сакрэце. Пакупнік таксама пажадаў застацца ананімным.

* БЭРЛІН. Дзевяць твораў мастакоў-экспрэсіяністаў, скрадзеных у бэрлінскім мастацкім музэі “Мост”, былі знойдзеныя, а ў справе крадзяжу былі арыштаваныя пяць чалавек. Паліцыя знайшла карціны ў кватэры ў паўдзённым прадмесьці Бэрліну. Карціны Эрыха Гэкеля, Эміля Нольдэ, Макса Пэхштайна і Эрнста Людвіга Кірхнэра былі скрадзеныя 20 красавіка. Агульны кошт скрадзеных карцінаў ацэньваецца на 3 мільёны даляраў. У сувязі з крадзяжом затрыманыя тры югаславы і два немцы. Мастацкая група “Мост” была заснаваная ў 1905 годзе і забароненая нацыстамі ў 1933 годзе.

* ПАРЫЖ. Амэрыканскія фільмы надалей застаюцца найбольш папулярнымі сярод тэлегледачоў сьвету. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледаваньня, праведзенага агенцтвам “Эўрадата ТВ” ў 64 краінах сьвету і апублікаванага ў пятніцу. Найбольшым посьпехам у гледачоў карысталіся фільмы “Тытанік”, “Доктар Дулітл”, “Армагедон”, “Чалавек у жалезнай масцы”, “Шэсьць дзён, сем начэй”. Аднак калі амэрыканскія фільмы маюць глябальны посьпех, нацыянальны кінэматограф захоўвае пазыцыі ў сваіх краінах – так, у Францыі тэлегледачы аддалі перавагу фільму Франсіса Вэбэра “Вячэра дурняў”, а ў Італіі – кінастужцы Рабэрта Бэніньі “Жыцьцё – цудоўнае”.

* КАННЫ. Славуты дызайнэр моднага адзеньня П’ер Кардэн, выступаючы на Канскім кінафэстывалі з нагоды 40-годзьдзя сэрыі фільмаў пра Джэймса Бонда, выказаў спадзяваньне, што ў ХХІ стагодзьдзі лідэрства ў сьвеце моды захопяць кітайскія мадэльеры. “Кітай – вельмі таленавітая краіна, якая мае мноства талентаў”, – зазначыў Кардэн, якому сёлета споўніцца 80 гадоў. Сам майстар не зьбіраецца сыходзіць з творчай сцэны і заявіў, што хацеў бы памерці разам са сваім стылем. У фірмах гандлёвай маркі П’ера Кардэна ў 140 краінах сьвету працуе каля 200 тысячаў чалавек.
XS
SM
MD
LG