Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ ВІЗЫТ У МЕНСК ДЭЛЕГАЦЫІ АДМЫСЛОВАЙ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Беларускі бок дагэтуль ня даў згоды на прызначэньне нямецкага дыплямата Эбэргарда Гайкена кіраўніком Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. Улады ў Менску патрабуюць спачатку перагледзець мандат КНГ, а ўжо потым весьці гаворку пра асобу кіраўніка місіі. АБСЭ прытрымліваецца іншага падыходу — Беларусь спачатку мусіць пагадзіцца з кандыдатурай Гайкена.

Спадарыня Цапф сёньня казала, што фактар часу тут вельмі важны.

(Цапф: ) “Для нас вельмі важна, каб амбасадар Гайкен як мага раней прыступіў да працы. Што ж тычыцца мандату групы, дык ён сфармуляваны так, што неабходнасьці яго зьмяняць няма”.

Кіраўніца рабочай групы (яна ж і кіраўніца дэлегацыі) першай зьявілася сёньня ў Менску. Швэдзкага парлямэнтара Урбана Аліна чакаюць у Беларусі ў аўторак. У дарозе і парлямэнтар з Латвіі Хэлена Дэмакава.

А больш чакаць няма каго. Ігар Осташ з Украіны ня мае магчымасьці гэтым разам наведаць Беларусь. Парлямэнтар з Партугаліі Антоніо Райш ня ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, што праходзілі ў ягонай краіне ў сакавіку — таму ён аўтаматычна выбыў з усіх структураў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, паколькі сябрам асамблеі можа быць толькі сябар нацыянальнага парлямэнту.

Сёньня спадарыня Цапф правяла за зачыненымі дзьвярыма традыцыйную размову з супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. А ўвогуле, сёньняшняя праграма надзвычай кароткая — у ёй значацца толькі сустрэча з навукоўцамі з дасьледчых і аналітычных цэнтраў ды вячэра з групай амбасадараў некалькіх краінаў, акрэдытаваных у Беларусі. Найбольш насычанай праграма дэлегацыі будзе 21 і 22 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG