Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКЦЫЯ МАЛАДОГА ФРОНТУ БЫЛА НЯ НАДТА ЎДАЛАЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя “Беларусь у Эўропу!” пачалася 14 лютага і, паводле Паўла Севярынца, цягам трох месяцаў прайшла хваляй з усходу на захад Беларусі, ахапіўшы 114 гарадоў і мястэчак.

Акцыі мелі розны фармат — пікеты, конкурсы з раздачай улётак ды інфармацыйных матэрыялаў пра Эўрапейскі Зьвяз, сацыялягічныя апытаньні, вывешваньне бел-чырвона-белых сьцягоў ды г.д. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Павал Севярынец казаў, што ў акцыі ў рознай ступені ўдзельнічалі некалькі тысяч маладых людзей, а ў сацыялягічным апытаньні — каля 8 000 чалавек.

Паводле спадара Севярынца, апытаньне, праведзенае ягонымі калегамі, не прэтэндуе на рэпрэзэнтатыўнасьць, але ў яго выніку большасьць маладых людзей выказалася за тое, каб Беларусь далучылася да Эўрапейскага Зьвязу. Большасьці таксама падабаецца даляр, эўра ды беларускі рубель.

Аднак у выбары паміж нацыянальнай ды лукашэнкаўскай сымболікай моладзь падзялілася прыкладна роўна, а ў справе гімну цяперашняя савецкая мэлёдыя ўвогуле сабрала больш сымпатыяў, чым “Магутны Божа” ды іншыя патрыятычныя песьні. На думку Паўла Севярынца, гэтыя лічбы гавораць толькі пра тое, што апазыцыя апошнім часам не вяла сыстэмнай працы ў рэгіёнах.

Разам з тым лідэр Маладога Фронту прызнае, што і іхная трохмесячная акцыя не была шматлікай, а таксама ня мела вялікага грамадзкага розгаласу. Так, напрыклад, калі акцыя “Беларусь у Эўропу!” праходзіла празь Менск, у ёй удзельнічалі толькі сем чалавек. У іншых гарадах мерапрыемствы былі таксама ня надта шматлюдныя. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Мы ня ставілі за мэту ні масавасьць у часе гэтай кампаніі, ні моцны інфармацыйны розгалас. На жаль, цяпер арганізаваць вялікія й шматлюдныя акцыі сярод моладзі проста немагчыма. Для гэтага няма ўмоваў і няма ў моладзі настрою. Пасьля выбараў захоўваецца яшчэ тая дэпрэсіўная яма”.

Паводле лідэра Маладога Фронту, галоўнай мэтай акцыі была спроба вывесьці моладзь са стану гэтай дэпрэсіі. На думку Севярынца, у некаторай ступені гэта ягоным калегам удалося.

А вось як ацэньвае вынікі акцыі намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “На маю думку, любое дзеяньне лепш чым бязьдзеяньне, і любая невялікая масавасьць лепш за адсутнасьць такой. Такія акцыі не выклікаюць адразу нейкай рэвалюцыі й масавага ажыятажу. Але гэта ёсьць тымі кроплямі, што паступова точаць камень. І дзякуй Богу, што ёсьць сотні людзей, якія могуць раздаць тысячы буклетаў”.

Малады Фронт і надалей зьбіраецца праводзіць акцыі, каб прыцягнуць маладых людзей да больш актыўнай грамадзкай дзейнасьці.
XS
SM
MD
LG