Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДРЫХТОЎКА КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ ПЕРАЖЫВАЕ ПЭРЫЯД НЯПЭЎНАСЬЦІ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Аксёнаў не хавае свайго жаданьня, каб падрыхтоўка канстытуцыйнага акту ішла “хутчэй і канструктыўней”, бо для гэтага ёсьць пэўны ліміт часу.

(Аксёнаў: ) “На думку многіх экспэртаў, у нас ёсьць два гады, ня болей, на такую больш-менш спакойную працу, бо Злучаныя Штаты, вырашыўшы свае прыярытэтныя геапалітычныя задачы ў іншых рэгіёнах сьвету, могуць больш жорстка ўзяцца за вырашэньне “беларускай праблемы”, улічваючы некаторыя іх заявы і адносіны. Таму супраціў саюзнаму будаўніцтву можа нарастаць”.

Спадар Аксёнаў прызнаў, што ўсё залежыць ад пазыцыі кіраўнікоў дзяржаваў. Дагэтуль не ўрэгуляванымі застаюцца пытаньні аб кіраўнічых органах саюзнай дзяржавы і іх паўнамоцтвах, якія ня могуць быць шырокімі, калі асобныя дзяржавы заяўляюць пра захаваньне свайго сувэрэнітэту.

На мінулым тыдні прайшло паседжаньне беларуска-расейскай экспэртнай групы ў справе распрацоўкі канстытуцыйнага акту. У выніку падрыхтаваныя два дакумэнты: графік працы над праектам гэтага акту і прапановы экспэртаў у пытаньнях канцэпцыі й структуры гэтага дакумэнта. Гэтыя папярэднія дакумэнты і будуць вынесеныя на разгляд У.Пуціна і А.Лукашэнкі на іх сустрэчы 11 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу.

Саму ж канцэпцыю канстытуцыйнага акту экспэрты павінны прадставіць толькі ў сьнежні. Пра нейкі канкрэтны праект дакумэнта ў цэлым цяпер гаворка ўвогуле не вядзецца.

Тое самае датычыць і выбараў палаты прадстаўнікоў саюзнай дзяржавы, якія таксама адкладваюцца. Гаворыць Уладзімер Аксёнаў:

(Аксёнаў: ) “На самой справе выбары ў палату прадстаўнікоў саюзнага парлямэнту ў нас пераносяцца ўжо два–тры гады. І мы знаходзімся ў стане пэрманэнтнага чаканьня”.

На думку Ўладзімера Аксёнава, такім чынам сама ідэя саюзнага парлямэнту дэвальвуецца ў грамадзкай сьвядомасьці. Акрамя таго, спадар Аксёнаў прызнаў, што за два з паловай гады, якія прайшлі пасьля падпісаньня дамовы аб саюзнай дзяржаве, саюзны саўмін ці пастаянны камітэт ні разу не трымалі справаздачы аб выкананьні бюджэту за год ці паўгодзьдзе. Саюзны бюджэт малы і слабы, ён у 100 разоў меншы за рэальны таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй. Не выконваюцца многія палажэньні саюзнай дамовы і праграмы захадаў па яе рэалізацыі, прызнаў Уладзімер Аксёнаў.

Ніякай пэрспэктывы ў Канстытуцыйнага акту, як і ў саюзнай дзяржавы, няма, — лічыць вядомы беларускі палітык Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Калі бюракратыя робіць выгляд, што яна нечым займаецца, дык гэта лепшы спосаб пагубіць гэтую справу. А гэтым ужо так даўно займаюцца, мне здаецца, што ўжо сем пагадненьняў падпісана... Кастытуцыйны акт — гэта пытаньне, якое пярэчыць і адной, і другой канстытуцыі, яно павінна прымацца і тут, і там, відавочна, рэфэрэндумам. І як мне падаецца, хоць у нас можа дайсьці да любога ідыятызму, я не дапускаю нават думкі, што ў Расеі можа быць на гэтую тэму рэфэрэндум, таму што не звар’яцела ж яшчэ Расея. Там ёсьць шэраг праблемаў для вырашэньня, якія можа толькі пагоршыць сытуацыя, так сказаць, братаньня зь Беларусьсю, а больш дакладна — анэксіі Беларусі”.

Станіслаў Шушкевіч лічыць зусім немагчымым стварэньне так званай саюзнай дзяржавы пры захаваньні сувэрэнітэту Беларусі, пра што ня раз заяўляў А.Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG