Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УТА ЦАПФ: ПЕРАМОВЫ Ў МЕНСКУ БУДУЦЬ СКЛАДАНЫМІ


Алена Панкратава, Менск

(Цапф: ) “Па сутнасьці, гэта ў інтарэсах Беларусі, каб паміж намі адбыўся канструктыўны дыялёг. Апошнім разам, у часе нашага мінулага візыту ў Менск, мы дыскутавалі пра закон аб СМІ, закон аб нацыянальным сходзе. Што да Закону аб СМІ, то, як я чула, ён накіраваны для абмеркаваньня ў Раду Эўропы. Калі гэта так, то гэта пазытыўны момант. Што да другога закону, я ня ведаю, у якім ён зараз стане. Зразумела, што стан, у якім знаходзяцца абодва гэтыя законы, ёсьць крытэрам, паводле якога можна будзе меркаваць пра наяўнасьць нейкага прагрэсу ў Беларусі. Што да сытуацыі зь місіяй АБСЭ, то тут з боку аіфцыйнага Менску назіраецца жаданьне згарнуць яе і такім чынам зрабіць наўпростыя кантакты праз парлямэнт ці празь міністэрствы. Мне здаецца, гэта некалькі няправільная пазыцыя: нічога не рабіць дзеля таго, каб палепшыць стасункі з Захадам і АБСЭ...”

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі стала вядома, унутры ЭЗ і, магчыма, у самой АБСЭ абмяркоўваюцца мажлівасьці ўвядзеньня санкцыяў супраць Беларусі ў тым выпадку, калі сытуацыя зь місіяй гэтай арганізацыі ў Менску ня зьменіцца...”

(Цапф: ) “Я не прыхільніца санкцыяў, аднак мы зрабілі шмат прапановаў што да місіі АБСЭ, якія б маглі спрыяць прагрэсу ў галіне двухбаковых адносінаў. Свае прапановы зрабілі таксама эўрапейцы... Калі крытыка ёсьць у наш бок, мы кажам: о'кей, мы працуем у гэтым напрамку дзеля паляпшэньня нашых стасункаў... Аднак з боку афіцыйнага Менску няма ніякага сыгналу ў адказ. Краіна не дэманструе жаданьня штосьці зьмяніць, рэалізаваць тыя забавязаньні, якія яна давала міжнароднай супольнасьці адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Я думаю, гэта дэманстрацыя сваёй уласнай слабасьці. Менск лічыць, што адбудзецца тое, чаго ён хоча, выключна праз адну ягоную упартасьць”.
XS
SM
MD
LG