Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКОЎСКІ ПАТРЫЯРХ НАВЕДАЎ ЖЫРОВІЦКІ МАНАСТЫР


Алесь Горбач, Баранавічы

У першай палове дня маскоўскі патрыярх узяў удзел у сьвяточным набажэнстве ў гонар Маці Божай Жыровіцкай. Кожны год 20 траўня ў мястэчка Жыровічы, што ў Слонімскім раёне, прыяжджаюць сотні паломнікаў, каб пакланіцца сьвятыні — абразу Божай Маці, які захоўваецца ўжо не адно стагодзьдзе ў былым уніяцкім манастыры.

Цяпер афіцыйная прапаганда называе яго праваслаўнай сьвятыняй і ня згадвае пра тое, што кляштар быў пабудаваны менавіта ўніятамі і адабраны ў іх пасьля скасаваньня уніі ў 1839 годзе. Тады на плошчы перад Усьпенскім саборам новыя гаспадары спалілі летапіс жыровіцкай сьвятыні, кнігі, абразы ўніяцкіх сьвятых, харугвы, малітоўнікі, іншую духоўную і мастацкую спадчыну.

Сёньня пра гэта, натуральна, ня згадвалася. Яшчэ напярэдадні ў Жыровічы зьехаліся каля 20 тысяч паломнікаў. Для іх вайсковая 11-я мэханізаваная брыгада выдзеліла ўсе, што былі ў наяўнасьці, намёты. Чакалася, што разам з патрыярхам Жыровічы наведае Аляксандар Лукашэнка, таму былі прынятыя асаблівыя меры бясьпекі. Аднак кіраўнік дзяржавы не прысутнічаў на сьвяце.

Пасьля набажэнства ў Жыровічах Алексі ІІ накіраваўся ў Слонім, дзе асьвяціў будоўлю Сьвятапрэабражэнскага сабору. За апошнія некалькі дзён старажытны Слонім значна папрыгажэў: пафарбавалі многія будынкі, заасфальтавалі вуліцы, празь якія пралягаў шлях патрыярха, і зрабілі на іх разьметкі. А жыхарам прыватных дамоў на вуліцы Чырвонаармейскай мясцовыя ўлады нават выдалі фарбу, каб кожны пафарбаваў свой плот. У крамах раптам запоўніліся прылаўкі таннымі і добрымі харчамі. За ўсё гэта слонімцы былі асабліва ўдзячныя сёньняшняму візыту.

Пад вечар патрыярх прыехаў у Баранавічы. Пры ўезьдзе ў горад яго чакалі мясцовае духавенства, жыхары гораду, кіраўнікі баранавіцкай “вэртыкалі”. У раёне Сьвяцілаўскага возера насупраць каталіцкага касьцёлу Маці Божай Фацімскай адбылося асьвячэньне толькі што ўстаноўленага памятнага знаку ў гонар 2000-годзьдзя хрысьціянства. Пасьля гэтага Алексі ІІ асьвяціў у цэнтры гораду закладку новай царквы і выступіў з прамовай перад жыхарамі гораду на плошчы Леніна.
XS
SM
MD
LG