Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСТАВІЦКІМ РАЁНЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА ПАБУДОВА ХРАМА БАПЦ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Улады выкарысталі тую акалічнасьць, што царква ў Пагранічным будуецца ня вельмі хутка. Яны за некалькі месяцаў збудавалі побач зь ёй на пагорку тры жылыя дамы, да іх трэба працягнуць газаправод. Улады вырашылі, што ён павінен прайсьці па зямельным пляцы, на якім будуецца храм.

Сёньня прыслалі праверку зь дзяржнагляду. Але яна ня выявіла парушэньняў пры яго будаўніцтве. Што датычыць газаправоду, дык хапае месца, каб яго правесьці побач з тэрыторыяй храма — досыць у праектнай дакумэнтацыі перанесьці трубы літаральна на пару мэтраў убок. Так лічаць спэцыялісты.

Гаворыць айцец Іван Спасюк:

(Спасюк: ) “Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква перажывае цяпер шмат цяжкасьцяў. Але з Божай дапамогай гэтыя цяжкасьці ўсе пераадольваюцца. У пасёлку Пагранічны, як і плянавалася, ідзе будоўля першай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Плянуецца заканчэньне 28 ліпеня. У памяшканьні будзе і басэйн для хросту дзяцей, і адміністрацыйнае памяшканьне.

Сёньня ў пасёлак Пагранічны наведаліся прадстаўнікі дзяржаўнай камісіі, нагляду за будоўляй. Пытаньняў ня ўзьнікла. І гэта самае галоўнае, што людзі разумеюць, у якіх цяжкіх умовах будуецца гэтая царква. Нашыя дзяржаўныя ўлады хацелі б зацягнуць будоўлю, але тое, што робяць будаўнікі, ім не дае падставаў для гэтага”.

Айцец Іван наведаў увесну Злучаныя Штаты. Япіскап Аляксандар прызначыў яго кіраўніком справаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

(Спасюк: ) “Нядаўна я з прадстаўнікамі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы як кіруючы справамі, наведаў Гайлэнд-Парк у Злучаных Штатах Амэрыкі. Сустракаліся зь мітрапалітам Мікалаем, сустракаліся зь яго намесьнікам япіскапам Аляксандрам. Пры сустрэчах вырашаліся пытаньні аб будучыні беларускай царквы на тэрыторыі Беларусі, аб будучыні царквы аўтакефальнай на тэрыторыі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Вельмі цікавая адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту, якія выказалі думку аб тым, што калі самі беларусы захочуць сапраўды пабудовы беларускай царквы аўтакефальнай на тэрыторыі Беларусі, то толькі яны самі могуць вырашаць гэтае пытаньне”.

Мы затэлефанавалі ўладыку Аляксандру ў Злучаныя Штаты. Ён сказаў для нашага радыё, што вельмі задаволены, што праверка не знайшла ніякіх парушэньняў пры будаўніцтве царквы. І паведаміў, што зьбіраецца прыехаць сюды, каб абняць самога айца Івана і ягоных прыхаджанаў. Каб яны ведалі, што Беларуская аўтакефальная царква сапраўды існуе, і што яе герархі — жывыя людзі.

Гэта аб’ектыўны працэс, зазначыў ён, — што Беларуская аўтакефальная царква прыходзіць на Беларусь. І што ўрэшце з гэтым працэсам вымушаныя будуць лічыцца і ўлады.
XS
SM
MD
LG