Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФКАМ І АДМІНІСТРАЦЫЯ ЗАВОДУ “ВЫМЯРАЛЬНІК” РАСПАЧАЛІ КАЛЕКТЫЎНУЮ ПРАЦОЎНУЮ СПРЭЧКУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

За савецкім часам згаданае прадпрыемства ўваходзіла ў склад ваенна-прамысловага комплексу і на ім працавала 9,5 тысяч чалавек. Цяпер тут занята работнікаў у шэсьць разоў меней, пры тым інжынэр першай катэгорыі атрымлівае ў месяц 60–70 тысяч рублёў, але і гэтыя шкадобы вартыя грошы своечасова не выплачваюцца.

Завод мае крэдыторскую запазычанасьць 2,5 мільярда рублёў, ён ня ў стане выплачваць падаткі, і ў сакавіку сёлета Міністэрства падаткаў і збораў апісала, у кошт пагашэньня даўгоў, частку заводзкай маёмасьці. Заўважым, што апошнія дзесяць гадоў адміністрацыя прадпрыемства спадзявалася на расейскія заказы, спадзявалася, што “Вымяральнік” будзе ўключаны ў асацыяцыю ваенных прадпрыемстваў Расейскай Фэдэрацыі і, такім чынам, праблемы будуць вырашаныя. Спадзеўкі тыя, аднак, былі марнымі, і сёньняшнюю сытуацыю на заводзе можна назваць катастрафічнай.

Усьведамляючы гэта, заводзкі прафсаюзны камітэт зьвярнуўся сёлета ў гарвыканкам, аблвыканкам і Міністэрства прамысловасьці з просьбай аказаць прадпрыемству фінансавую дапамогу. Адказ быў атрыманы толькі зь мясцовага гарвыканкаму: наваполацкія “вэртыкальшчыкі” паведамілі, што дапамога такая нямэтазгодная, а менскія ды абласныя чыноўнікі нават не знайшлі патрэбным даць фармальнага адказу. Больш таго, ініцыятыва прафкаму прыйшлася недаспадобы адміністрацыі і гарадзкой “вэртыкалі”, у выніку чаго старшыню прафсаюзнага камітэту Галіну Шэлепаву выклікалі ў гарвыканкам на адпаведную размову.

Між тым у працоўным калектыве “Вымяральніка” неспакойна. На адным зь нядаўніх прафсаюзных сходаў гучалі нават прапановы перакрыць, на знак пратэсту супраць затрымкі выплаты заробкаў, галоўную гарадзкую вуліцу. У адказ адміністрацыя заявіла, што неўзабаве на заводзе будзе скарочана яшчэ 480 чалавек. У такой сытуацыі прафкам і вырашыў зьвярнуцца дзеля абароны законных правоў работнікаў наёмнай працы ў Рэспубліканскі працоўны арбітраж. Тым самым прафкам хоча таксама прыцягнуць увагу кіраўніцтва дзяржавы да катастрафічнай сытуацыі на прадпрыемстве, якое практычна памірае і якое самі прыборабудаўнікі называюць ня йначай, як “Выміральнікам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG