Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ ПРАВЯЛІ Ў КУРАПАТАХ ЧАРГОВУЮ ТАЛАКУ


Ганна Соусь, Менск

У суботу сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прыбіралі тэрыторыю ўрочышча. Гаворыць Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Сёньня ў нас чарговая талака. Мы зьбіраемся ўпарадкаваць тэрыторыю — тую частку ад дарогі, якую яшчэ не пасьпелі апрацаваць. Калі будуць крыжы, будзем ставіць крыжы сёньня”.

Разам з Уладзімерам Юхом у Курапатах сёньня працаваў Мікола Стоцік:

(Стоцік: ) “Для мяне Курапаты — гэта найвялікшы боль за ўсю маю нацыю. Ня толькі за тых маіх родзічаў, якіх бальшавікі забілі. Ня тут, у іншых месцах... Па бацькавай лініі ў мяне шмат родзічаў загінула, і па лініі маці таксама. Ейны брат зьнік ужо ў саракавых гадах, пасьля вайны. І бацька мой пацярпеў, я шмат пераплакаў. Але бацька мой быў інвалід, з адной ныркай, ды яго адпусьцілі”.

Апошнімі днямі будаўнікі актыўна працуюць на ўзьвядзеньні падпорнай сьценкі ля курапацкага пагорку. Як мяркуе валанцёр Васіль Парфянкоў, гэта вельмі важны ўчастак дарогі, бо магілы знаходзяцца зусім блізка ад сьценкі.

(Парфянкоў: ) “Канфлікты былі зь імі невялічкія з-за гэтай сьценкі. Яны хацелі яшчэ рэзаць тут гару, але мы не далі ім гэтага, бо пайшлі бы косткі. Потым былі канфлікты з будаўнікамі з-за дошак. Яны хацелі на нас у суд падаць за тое, што мы скралі гэтыя дошкі. Вярнулі ім гэтыя дошкі, каб не было ніякіх праблемаў”.

Будаўнікі забіваюць сваі для падпорнай сьценкі ля Курапацкай гары. Мае суразмоўцы — будаўнікі з Магілёва Станіслаў і Валер.

(Станіслаў: ) “Мы пакуль толькі займаемся забіўкай сваяў. Потым пасьля нас будзе рабіць нейкі “Маналіт”. Будуць агароджваць плітамі, будзе нармальна, прыгожа”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы ведаеце, што тут зусім блізка ўжо магілы?”

(Станіслаў: ) “Без паняцьця”.

(Валер: ) “Ня ведаю, я прайшоўся па гэтым лесе, тут не магілы, а нейкі сьвінарнік. Я толькі не разумею, чаму такі ажыятаж пачаўся, калі вашыя валанцёры білі шкло, камянямі кідаліся. Гэтым жа трэба карыстацца. Вось будуюць дарогу, будуць езьдзіць замежнікі, трэба ўпарадкаваць гэты лес, пачысьціць — чым сядзець там ля вогнішча, чакаць, пакуль скурыш гэты намёт. Вось бы пачысьцілі тут, зрабілі сьцежкі...”

(Станіслаў: ) “Калі гэтую дарогу будавалі, нас тут не было. А зараз, канечне, рэканструкцыя. Яна ж для ўсіх. Дарогі, масты ўсім патрэбныя — і ворагам, і добрым, усім людзям”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG