Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСЬ ПРЫЕХАЎ МАСКОЎСКІ ПАТРЫЯРХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Маскоўскага патрыярха Аляксія ІІ сустракалі ў менскім аэрапорце на высокім дзяржаўным узроўні. Прэм’ер Генадзь Навіцкі, ягоны намесьнік Уладзімер Дражын, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Станіслаў Князеў ды іншыя высокія чыноўнікі, а таксама мітрапаліт Філарэт зь сябрамі сыноду Беларускага экзархату прыехалі ў аэрапорт яшчэ за гадзіну да прылёту патрыярха.

Міліцыянты дарожна-патрульнай службы стаялі праз кожны кілямэтар уздоўж усёй трасы маршруту картэжу. Сам патрыярх прыляцеў у Менск спэцыяльным самалётам беларускіх авіялініяў. Аляксій ІІ гаворыць, што галоўная мэта ягонага візыту сацыяльная — ён прыехаў асьвячаць менскі Дом міласэрнасьці.

(Аляксій ІІ: ) “Я рады ў пяты раз наведаць Рэспубліку Беларусь — і на гэты раз з асаблівай нагоды, калі скончаны праект стварэньня дзяржаўна-царкоўнага Дому міласэрнасьці, які будзе служыць людзям”.

Падчас сустэчы ў аэрапорце Маскоўскі патрыярх таксама заявіў, што гатовы сустрэцца за Папай Рымскім, але пры выкананьні Ватыканам трох умоваў: нармалізацыі сытуацыі вакол Праваслаўнай царквы ў Заходняй Украіне, спыненьня каталіцкага наступу на г.зв. кананічныя тэрыторыі Маскоўскага патрыярхату і спыненьне стварэньня каталіцкіх дыяцэзіяў унутры Расеі.

Акрамя асьвячэньня Дома міласэрнасьці патрыярх узнагародзіць царкоўным ордэнам Аляксандра Лукашэнку, наведае кабінэт міністраў Беларусі, Акадэмію Навук, праваслаўныя прыходы Менску, Слоніму і Баранавічаў, а таксама манастырскі комплекс у Жыровічах.

Дарэчы, паводле некаторых зьвестак, беларускае праваслаўнае духавенства хацела, каб Жыровіцкаму манастыру быў нададзены больш высокі статус — лаўры, аднак Маскоўскі патрыярхат ня хоча гэтага рабіць.

На думку прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, патрыярх Аляксій ІІ не зусім шчыры, калі кажа, што ягоны візыт ніякім чынам не зьвязаны з палітыкай.

Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, які ўжо даўно займаецца праблемамі міжканфэсійных дачыненьняў і стасункаў царквы й дзяржавы:

(Хадыка: ) “Візыт патрыярха — гэта, натуральна, велізарная падзея для вернікаў, для сапраўдных вернікаў. Яны радыя й вітаюць патрыярха Аляксія. Але ягоныя занадта частыя візыты ў Беларусь відавочна маюць палітычныя падставы. Тут можа быць некалькі прычынаў. Расейскі цэнтар Праваслаўнай царквы, можа быць, перажывае з-за таго, што надаў статус экзархату беларускім парафіям, а экзархат — гэта ўсё-такі пэўная самастойнасьць. А такія візыты кожныя 2–3 гады паказваюць, што тут ня ўсё ў парадку. Я думаю, што яшчэ адной мэтай візыту ёсьць наданьне асобага статусу Праваслаўнай царквы ў Беларусі. А яна ў нас практычна ўжо стала дзяржаўнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG