Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ДОН КІХОТ" – НАЙЛЕПШАЯ КНІГА ЎСІХ ЧАСОЎ І НАРОДАЎ


Сяргей Дубавец, Вільня

Зусім нядаўна Нобэлеўскі інстытут назваў "Дон Кіхота" найлепшай кнігай чалавецтва. Паўнавартаснага беларускага перакладу гэтага шэдэўра не існуе дагэтуль. Выбіраючы з сусьветнае клясыкі найважнейшае, акурат Сэрвантэсаў раман наша культура абмінала. Прычына гэтага можа быць у выпадковым зьбегу абставінаў, а можа – у нейкім мэнтальным супраціве беларушчыны. У гэтым выпуску "Вострае Брамы" я паспрабую праясьніць гэтую сытуацыю, а таксама высьветліць лёс беларускага перакладу прыгодаў гішпанскага рыцара.

Перад тым, як назваць "Дон Кіхота" найлепшай кнігай усіх часоў і народаў, Нобэлеўскі інстытут, што месьціцца ў нарвэскай сталіцы, апытаў сто найбольш вядомых і прызнаных у сьвеце літаратараў. Сярод рэспандэнтаў былі Мілан Кундэра, Сальман Рушдзі, Джон Ірвінг, Карлас Фуэнтас ды іншыя. Назва намінацыі гучала так: "Найлепшы мастацкі твор у гісторыі". У выніковым сьпісе, апроч Сэрвантэса на першым месцы, знайшліся творы Флябэра, Талстоя, Томаса Мана, Кафкі, Маркеса, Вірджыніі Вульф. Знайшлося месца і для Гамэра з Шэксьпірам. Беларускага чалавека можа цешыць тое, што паводле колькасьці найлепшых раманаў лідэрам стаў наш зямляк Дастаеўскі.

Галоўнае тлумачэньне перамогі Сэрвантэса гучыць так: менавіта "Дон Кіхот" стаў першым такога кшталту раманам, зь якога бяруць пачатак усе наступныя, што патрапілі ў сьпіс. Мэксыканец Фуэнтас кажа пра "першы вялікі раман" у сусьветнай гісторыі. Гэта, безумоўна, слушная, але й чыста аб'ектывісцкая ацэнка. Вобраз высакароднага ці проста добрага вар'ята стаў асабліва прыцягальным у мінулым стагодзьдзі і сёньня перажывае пік свае славы. Папулярная навука з радасьцю паведамляе нам, што ўсе мы "крыху таго", і што вар'яты – ня хворыя, а – іншыя; а Галівуд раз-пораз выпускае на экраны то "Чалавека дажджу", то "Форэста Гампа". Пры чым творчы запас гэтага пэрсанажа і самой тэмы ўяўляецца невычэрпным. Дастаткова толькі засяродзіцца на словах "я звар'яцела", або "я зусім згубіў галаву", якія мы чуем і прамаўляем ледзь не штодня, і крыху пафантазіраваць. Што можа быць лепшым сьведчаньнем жывасьці розуму, чым рызыкоўныя фантазіі! Вось чаму няма ў гісторыі лепшае кнігі, чым "Дон Кіхот".

А, між тым, пісаўся "Дон Кіхот" вельмі даўно – на пачатку 17-га стагодзьдзя. Пародыя на папулярныя тады рыцарскія раманы – а менавіта такі жанр "Дон Кіхота" – была настолькі не ў сваім часе, што быццам сама вымалявалася з-пад бязвольнага пяра аўтара. Напалоханы такім свавольствам Сэрвантэс зараз жа па сканчэньні "Дон Кіхота" сядае і піша правільны рыцарскі раман, які, натуральна, кануў у гісторыі разам з цэлым эвэрэстам падобнай літаратуры. А "крывое дзіцятка" выжыла і, здаецца, яшчэ толькі ўбіраецца ў сілу.

Аднак што гэта быў за час? У 1606 у Магілёве ўздымаецца бунт жыхароў супраць злоўжываньняў магістрату. Гарадзкую ўладу скідаюць, а на яе месца абіраюць новую. Росквіт самакіраваньня! Ня тое, што цяпер. У 1608 памірае Канстанцін Астроскі, адзін з найбуйнейшых магнатаў ВКЛ. Ня той, які перамог у славутай бітве пад Воршай, а ягоны нашчадак, заснавальнік Астроскай друкарні. Надта багаты быў чалавек. Яму належала 25 гарадоў, 10 мястэчак і 670 вёсак. Гэты Астроскі любіў кнігі і падтрымліваў школьніцтва. Няма сумневу, што ён чытаў Сэрвантэсаў бэстсэлер, бо тады эўрапейскія навінкі даходзілі да нашых краёў адразу. Ня тое, што цяпер.

У 1610 пакідае гэты сьвет Андрэй Волан, філёзаф і правазнаўца, аўтар трыццаці працаў, што ня страцілі актуальнасьці да нашых дзён, бо казалі пра роўнасьць усіх перад законам, пра верацярпімасьць, а ў такіх рэчаў няма мяжы дасканаласьці. Вось жа, Волан мог "Дон Кіхота" і не чытаць, каб не муціць сабе розум марнымі лятункамі. Але доступ да кнігі, безумоўна, меў. Тады адукаваныя людзі ведалі шмат моваў. Ня тое, што цяпер.

У 1611 Смаленск захапілі расейцы. Усходняя крэпасьць Вялікага Княства апынулася ў чужых руках. І далей на працягу 17 стагодзьдзя гэты крывіцкі горад будзе некалькі разоў пераходзіць з рук у рукі, пакуль не адыдзе да Расеі назаўсёды. А тады гэта быў горад зусім беларускі, цэнтар княства. З смаленскага рыцарства выходзілі пісьменьнікі і асьветнікі. І Смаленск зусім ня быў правінцыяй. Ня тое, што цяпер...

Словам, часы былі супярэчлівыя. І для многіх людзей у тагачаснай Беларусі не складала праблемы знаёмства з "Дон Кіхотам". Прычым ня толькі таму, што часта не было моўнага бар'еру, але й таму, што рэаліі раману – тыповыя для тагачаснае Эўропы. Кожны зьбяднелы шляхціц мог пазнаць у гішпанскім ідальгу сябе, а ў Санчу Пансу – свайго збраяносца. А "Пагоня", рыцар на кані, які спрэс патрапляў на вочы і ў жыцьці, і на дзяржаўным ды гарадзкіх гербах... Вобраз беларускага зьбяднелага шляхціца, які "высакародна арэ сваё поле" зь мячом на баку, маляўніча выпісаў Уладзімер Караткевіч у рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Гэта тыповыя пэрсанажы тагачаснае Эўропы...

Усё сказанае сьведчыць, што разглядаць Дон Кіхота як мэнтальна чужога для беларусаў не выпадае. Тым больш, што сам вобраз гішпанскага рыцара багата сьлядоў пакінуў і ў беларускай літаратуры – перадусім у паэзіі. І сёньня ён камфортна пачуваецца, скажам, у апазыцыйных прыпеўках – як у гэтым вось ананімным вершы пра Санчу Пансу з кнігі "Ідыёт самы настаяшчы":

Дон Кіхота збраяносец храбры!
Ты сьціскаеш свой народ за жабры.
Чуеш голас Дона ты прарочы
і глядзіш аддана яму ў вочы!
Не сумуеш ты аб тым, што кінуў
жонку ў хаце, у хляве скаціну,
ды затое у руках улада –
гэта калі ўсеўся на ўсіх задам.
Гэта п'янкі, бабы і парады.
Гэта троны, балі, амбасады.
Гэта мальбары, кляндайкі, эльдарады.
Гэта аксэльбанты, эпалеты,
вершы, што прысьвечваюць паэты.
Гэта права стомы ад жыцьця,
Гэта дзьверы ў вечнасьць зь небыцьця.
За такую супэрблагадаць
Можна й на галовы папляваць.
Хай буяе радаводам тваё дрэва,
Губэрнатар вострава Барнэо!

Расейскі біёграф Сэрвантэса Іван Тургенеў у сваім публічным выступе 1860 году зьвярнуў увагу на тое, што першае выданьне трагедыі Шэксьпіра "Гамлет" і першая частка "Дон Кіхота" зьявіліся ў адзін той самы год – у 1604.

Тургенеў называе такое супадзеньне сымбалічным, бо, на ягоную думку, гэта два супрацьлеглыя вобразы: самаахвярны альтруіст Дон Кіхот і эгаіст Гамлет, які жыве толькі для самога сябе.

Украінскі біёграф Сэрвантэса Іван Франко заўважае, што памёр пісьменьнік у 1616 годзе ў той самы дзень, калі ў Англіі памёр вялікі драматычны паэт Ўільям Шэксьпір.

Гамлет па-беларуску перакладаўся ня раз. Але ў найноўшым рэйтынгу галоўных кніг чалавецтва перамог ня ён, а "Дон Кіхот". Праўда, рэйтынгі – рэч ня самая стойкая. І яшчэ праз сто гадоў найлепшай кнігай можа стаць іншая. Эпоха, у якой мы жывем, моцна ўплывае на наш выбар. Нейкія пачуцьці сьцішваюцца, а нейкія робяцца вострымі, як лязо.

Іван Франко, які ў 1913 годзе апублікаваў свой вершаваны пераклад "Дон Кіхота" на ўкраінскую, пісаў пра Сэрвантэса Мігуэль, а ў дужках – Міхайла. А ў назьве пазначыў героя не як ідальго, а як шляхціца. Менавіта так мусіць быць і па-беларуску. (А ў гішпанскім перакладзе наш шляхціц Завальня няхай называецца ідальгам.) Вось што пісаў Франко:

"Гэтая аповесьць мела нечуваны датуль посьпех, першае выданьне разышлося на працягу чатырох тыдняў, а яшчэ ў той самы год выйшлі чатыры выданьні. У тым самым годзе пачалі таксама зьяўляцца яе пераклады на іншыя мовы, асабліва ў Францыі... Пра ягоную папулярнасьць можа сьведчыць хоць бы тое, што ў Гішпаніі гэтую кнігу выдавалі больш за 400 разоў, што яна перакладалася на ангельскую мову 200 разоў, на францускую 168 разоў, на італьянскую 96, на партугальскую 80, на нямецкую 70, на швэдзкую 13, на польскую 8, дацкую 6, расейскую 2 разы і на лаціну 1 раз. Поўнага ўкраінскага перакладу "Дон-Кіхота" дагэтуль яшчэ ня маем, дый, відаць, няхутка дачакаемся".

Сёньня на "Дон-Кіхота", напісанага зь беларускім "і", адгукаецца ў інтэрнэце мноства якраз украінскіх сайтаў – пераклады і крытыка. А да беларускай сытуацыі пасуе менавіта тая стогадовае даўніны характарыстыка Івана Франка – ня маем, а поўнага перакладу дачакаемся ці хутка.

У 1940 годзе зьявіўся першы пераклад на беларускую, але не з арыгіналу, а з расейскай. Дык ці дачакаемся мы паўнавартаснага выданьня? – пра гэта я спытаўся ў перакладчыка Лявона Баршчэўскага, які, бадай, найлепей ведае, што з праграмных твораў замежнае літаратуры выходзіла або рыхтуецца па-беларуску, бо працуе ён у Беларускім ліцэі:

(Дубавец: ) “Ці праходзяць у вас "Дон Кіхота?"

(Баршчэўскі: ) “Канечне”.

(Дубавец: ) “На якой мове?”

(Баршчэўскі: ) “Сытуацыя складаная, таму што тэкстаў па-беларуску ў нас там ці два толькі ёсьць, у перакладзе Міхася Пазьнякова. Але я ведаю, што Якуб Лапатка зрабіў такі нармальны пераклад. Праблема ў тым, каб яго выдаць”.

(Дубавец: ) “У Энцыкляпэдыі сказана, што пераклад выйшаў у 1940-м годзе...”

(Баршчэўскі: ) “Ну, так. Бурносава і Канавалава”.

(Дубавец: ) “Гэта, верагодна, з расейскай?”

(Баршчэўскі: ) “Ну, так. Я б раіў зьвязацца з Лапаткам, таму што ён гэтым займаўся, прычым па маёй просьбе. З пачатку 1990-х гадоў я яго азадачыў, каб ён зрабіў для нашых школ добры пераклад. Ён выкладчык гішпанскай мовы. А ў 1999 годзе выйшаў Пазьнякова пераклад з расейскай мовы, у школьнай бібліятэцы, такой тоўстай кніжкай. Праўда, гэта таксама скарочаны пераклад, таму што з двух тамоў яны зрабілі адзін”.

Беларускага "Дон Кіхота", перакладзенага з расейскай мовы, цяжка назваць і беларускім, і "Дон Кіхотам". Расейскія перакладчыкі ў такіх выпадках карыстаюцца архаічным "высокім штылем" – каб перадаць і гістарычны дух твора, і экзатычную для расейскай мінуўшчыны сярэднявечную Эўропу. Што да нашай мовы, дык у ёй такога "высокага штылю" няма, і сярэднявечныя беларускія рэаліі, калі нашая краіна была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, нічым асабліва не адрозьніваліся ад заходнеэўрапейскіх. Тая самая шляхта, рыцары ды збраяносцы, замкі і палацы, каралі-каралевы... У Расеі нічога такога не было. Абсалютызм цара, баярыня Марозава і "Раніца стралецкае кары"... Таму пераклад з расейскай аўтаматычна праводзіць паміж кнігай Сэрвантэса і беларускім чытачом лінію адчужэньня.

Некалі праблемы зь якасным перакладам былі і ў Расеі. Да прыкладу, у 1860 годзе, калі Іван Тургенеў у публічнай лекцыі казаў:

"На жаль, мы, расейцы, ня маем добрага перакладу "Дон Кіхота"; большая частка з нас захавала пра яго даволі няпэўныя ўспаміны; пад словам "Дон Кіхот" мы часта маем на ўвазе проста блазна, – слова "донкіхоцтва" ў нас раўназначнае са словам: недарэчнасьць, – між тым як у донкіхоцтве нам трэба было б прызнаць высокі пачатак самаахвярнасьці, толькі схоплены з камічнага боку. Добры пераклад "Дон Кіхота" быў бы сапраўднай заслугай перад публікай, і ўсеагульная ўдзячнасьць чакае таго пісьменьніка, які перадасьць нам гэты адзінкавы твор ува ўсёй ягонай красе".

Напэўна і ў гэтым выпадку беларуская сытуацыя адрозьніваецца ад расейскай. Прынамсі, той першы, хто зробіць якасны наўпроставы пераклад "Дон Кіхота", наўрад ці стане ў нас такім вось нацыянальным героем. Добра ўжо, што такі перакладчык у нас ёсьць. Гэта Якуб Лапатка, які цяпер жыве ў Фінляндыі. Каб высьветліць, у якім стане беларускі пераклад раману Сэрвантэса, я затэлефанаваў у Гэльсынкі.

(Лапатка: ) "Я зрабіў некалькі разьдзелаў. Частка іх надрукаваная ў Хрэстаматыі сусьветнай літаратуры. Яшчэ некалькі разьдзелаў у мяне тут перакладзена. Ня ўсё, але перакладзена. Справа ў тым, што я хачу зрабіць ня поўную вэрсію, а такую... Ну, не такую ўжо, як, ведаеш, "клясыкі на 20 старонках", а такую сярэднюю вэрсію для аблегчанага чытаньня. Таму што, будзем казаць так, чытаць яго вельмі цяжка. Па-гішпанску яшчэ цікавасьць ёсьць да мовы і гэтак далей, а так калі чытаць... Я яго ў дзяцінстве чытаў і вельмі зьдзіўляўся – чаго гэта ўсе на яго так накінуліся. Таму я тут выбіраю такія разьдзелы, знакамітыя, напрыклад, пра ветракі, зь якімі ён змагаўся, бо ўсе ведаюць "змагацца зь ветракамі", а хто і што – ня ведаюць. Карацей, я паціху тут калупаю і думаю, што недзе праз годзік я яго закончу".

Якуб Лапатка кажа тое, што скажа кожны, хто чытаў "Дон Кіхота" ў неадаптаванай вэрсіі – чытаць яго цяжка. Гэта, бадай, клясычны прыклад таго, як усеагульнае прызнаньне набывае зьмест твора, форма якога – хутчэй для спэцыялістаў.

Чаму ж такая цяжкая для чытаньня кніга стала найлепшай кнігай чалавецтва? Мой асабісты адказ такі. Дон Кіхот – першы паводле перасьпеваў. У розных культурах на працягу ўсёй гісторыі за гэты вобраз браліся пісьменьнікі – як за толькі абазначаны матыў. Гэтак увесь сьвет пісаў і працягвае пісаць свой агромністы гіпэртэкст, што часам надата далёкі ад першакрыніцы і якому няма канца. Для літаратуры факту і проста для будзённае сьвядомасьці Дон Кіхот – гэта ўстойлівы сымбаль ірацыянальнага дабра.

Расейскі пісьменьнік-эмігрант Уладзімер Набокаў згадваў, як у часе сваіх гарвардзкіх лекцыяў ён у Мэмарыяльнай залі на вачох шасьціста студэнтаў разьдзёр "Дон-Кіхота" на кавалкі, назваўшы яго злобнай, тапорнай старой кнігай. Набокава раздражняла будова раману, устаўныя навэлы, бесьсюжэтны сюжэт. Асабліва абурала яго чамусьці тое, што ёсьць мноства людзей, якія не чыталі Сэрвантэса, але гатовыя ўва ўсіх дэталях распавесьці пра пэрыпэтыі ягонага раману.

І яшчэ – спэцыфічная гішпанская жорсткасьць, якой, на думку Набокава, напоўненая кніга. Бязьлітасная жорсткасьць, што карае старога, які гуляецца, бо стаў падобны да дзіцёнка. Кніга пісалася ў тыя часы, калі з карлікаў і вар'ятаў пасьміхаліся, калі тых, хто думае інакш, спальвалі на пляцы пад усеагульныя воплескі, калі міласэрнасьць і дабро нібы выпарыліся. Набокаў лічыў, што сучасьнікі Сэрвантэса сьмяяліся менавіта з жорсткасьці ў ягонай кнізе.

"Аднак у сьвеце хутка знайшоўся іншы спосаб прачытаньня. Кніга дала штуршок сучаснаму раману па ўсёй Эўропе. Філдынг, Смолет, Гогаль, Дастаеўскі, Дадэ, Флябэр выдрапалі з Гішпаніі гэтую гісторыю і ўжылі яе дзеля сваіх уласных мэтаў. Герой, які выйшаў з-пад пяра стваральніка блазнам, зь цягам часу ператварыўся ў сьвятога".

Сваё арыгінальнае прачытаньне Сэрвантэса – у дзёньніках Франца Кафкі:

"22 кастрычніка 1917 году. 5 гадзінаў раніцы.

Адзін з найважнейшых подзьвігаў Дон Кіхота, яшчэ больш настойлівы, чым змаганьне зь ветраком, – гэта самагубства. Мёртвы Дон Кіхот хоча забіць мёртвага Дона Кіхота; але для гэтага яму патрэбны хоць адзін жывы кавалачак, які ён і вышуквае мячом – настолькі ж бесьперапынна, наколькі і безнадзейна. У гэтым занятку барукаюцца абодва мерцьвякі неразрыўным клубком праз усе стагодзьдзі".

Пасьля Кафкі мне чамусьці згадаўся прынцып "апошняга абзацу". Гэта калі пачынаеш чытаць кнігу з канца і паводле той выбуховай энэргетыкі, што зьбіраецца "на дне твора" разумееш, што варта прачытаць яго ўвесь. Натуральна, Кафка ня меў на ўвазе сьмерць Дон Кіхота, што апісваецца ў рамане Сэрвантэса. І ўсё ж захацелася перачытаць ня той разьдзел пра змаганьне зь ветраком, а той апошні, дзе гішпанскі рыцар піша перад скананьнем свой запавет.

"Розум мой праясьніўся, цяпер ён ужо вольны ад густога змроку невуцтва, у які яго абрынула злашчаснае й няспыннае чытаньне мярзотных рыцарскіх раманаў. Цяпер я бачу ўсю іхную глупоту і хлусьлівасьць, і адзінае, што мяне засмучае, гэта што ацьверазеньне настала занадта позна, і ў мяне ўжо няма часу выправіць памылку і ўзяцца за чытаньне іншых кніг, якія ёсьць сьветачамі для душы. Мне хацелася б памерці так, каб людзі пераканаліся, што жыў я недарэмна, і каб за мною не засталося мянушкі вар'ята, – няхай я гэткі і быў, аднак жа сьмерцю сваёй хачу даказаць адваротнае".

Праз два гады ўвесь сьвет будзе адзначаць чатырохсотыя ўгодкі "Дон Кіхота" – найлепшай кнігі ўсіх часоў і народаў. Кнігі пра ірацыянальную дабрыню і высакароднага вар'ята. Магчыма, да таго часу пабачыць сьвет і паўнавартасны беларускі пераклад гэтага твору. Далейшы ягоны лёс губляецца ў смузе будучыні. Бо ніхто не адкажа на пытаньне, што нас чакае там. Хіба што Дастаеўскі, які, відаць, прадбачыў сёньняшні посьпех і меркаваў, што – цытую – "Дон Кіхот" Сэрвантэса здолее паслужыць чалавецтву апраўданьнем на Страшным судзе".
XS
SM
MD
LG