Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СЁЛЕТНІМ “СЛАВЯНСКІМ БАЗАРЫ” НЯ БУДЗЕ СЬПЯВАЧКІ АЛЫ ПУГАЧОВАЙ. ЗАТОЕ Ў ВІЦЕБСКУ МОЖА ЗЬЯВІЦЦА НАДЗІМАНЫ ГУМАВЫ ГАТЭЛЬ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Хаця праграма фэстывалю, які пройдзе сёлета з 19 па 25 ліпеня, амаль што ўжо складзеная, пра ейнае фінансаваньне яшчэ дакладна нічога не вядома. Таму няма з чаго абяцаць вялікія ганарары прыезжым эстрадным зоркам, і госьці фэстывалю не пабачаць ні славутую Алу Пугачову, ні ейнае сямейства – Кіркорава ды Арбакайтэ. Быць старшынёю конкурснага журы сёлета запрошаная грузынская сьпявачка Тамара Гвардцытэлі.

Што да ўдзельнікаў конкурсных ды канцэртных праграм, то галоўнай праблемай арганізатараў фэстывалю будзе іхнае разьмяшчэньне ды харчаваньне. Ежа ў віцебскіх рэстарацыях прызнаная занадта дарагой ды нясмачнай, а прыстойным гатэлем эўрапейскага ўзроўню ўвогуле названы толькі адзін – гатэль “Эрыдан”. Так што арганізатары “Славянскага базару” нават вырашылі скантактавацца з французкай фірмай, якая здае ў арэнду надзіманы гумавы гатэль, да якога трэба толькі падвесьці ваду ды сьвятло. Але й на гэта спатрэбяцца немалыя сродкі.

Ня стануць таньнейшымі і білеты на сёлетнія канцэрты. А таму арганізатары фэстывалю ўсур’ёз занепакоеныя тым, што ў віцебскім амфітэатры, падноўленым лёгкім касьметычным рамонтам, можа застацца сёлета шмат пустых месцаў.
XS
SM
MD
LG