Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ АДМЫСЛОВАЙ РАБОЧАЙ ГРУПЫ Ў СПРАВАХ БЕЛАРУСІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ ЎСЁ Ж НАВЕДАЕ МЕНСК


Уладзімер Глод, Менск

Cтала вядома, што спадарыня Цапф прылятае ў Менск у панядзелак 20 траўня. У аўторак да яе далучыцца швэдзкі парлямэнтар Урбан Алін, які прылятае са Стакгольму. Што тычыцца парлямэнтаркі Хэлены Дэмакавай з Латвіі, дык яна хоча ехаць у Менск аўтамабілем, і таму дакладны час ейнага прыезду невядомы.

Апошні раз дэлегацыя наведвала Беларусь на пачатку лютага. Тады яна рыхтавала справаздачу пра становішча ў Беларусі Сталаму камітэту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. За гэты час адбыліся дзьве важныя падзеі. Спачатку расейская Дзярждума адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх дэпутатаў зь сябрамі рабочай групы, якія хацелі прыцягнуць расейскі парлямэнт да вырашэньня беларускага пытаньня. Потым беларускія ўлады не працягнулі тэрмін акрэдытацыі выканаўцу абавязкаў кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Мішэлю Рывалье.

За гэты ж час, дарэчы, зьменшыўся і склад адмысловай рабочай групы — парлямэнтар з Партугаліі Антоніо Райш ня ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, што праходзілі ў ягонай краіне ў сакавіку, і такім чынам аўтаматычна выбыў з усіх структураў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, паколькі сябрам Парлямэнцкай Асамблеі можа быць толькі сябар нацыянальнага парлямэнту. Ня можа прыехаць у Менск і Ігар Осташ з Украіны. Як патлумачыў мне супрацоўнік сакратарыяту ПА АБСЭ Поль Ляжэндр, які будзе суправаджаць дэлегацыю, спадар Осташ цяпер вельмі заняты на радзіме.

У прэсавым рэлізе, які распаўсюдзіла ў зьвязку з прыездам дэлегацыі Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі, са спасылкай на Уту Цапф, гаворыцца, што мэтай візыту зьяўляецца "абмеркаваньне і ацэнка разьвіцьця адносінаў паміж АБСЭ і Рэспублікай Беларусь з часу апошняга візыту рабочай групы ў лютым 2002 году, а таксама абмеркаваньне прагрэсу ў галіне ўстаноўленых чатырох крытэраў".

Дэлегацыя плянуе правесьці шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў — адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрстваў замежных справаў і інфармацыі, дэпутатамі абедзьвюх палат так званага нацыянальнага сходу. Прадугледжаныя таксама гутаркі з прадстаўнікамі палітычных партыяў, навукова-дасьледчых ды аналітычных цэнтраў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, няўрадавых арганізацый, дыпляматычнага корпусу.
XS
SM
MD
LG